Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежны прафсаюз – за вяртаньне льготаў на праезд


Пікет супраць адмены льготаў, Магілёў, 16 сьнежня 2007 году

Пікет супраць адмены льготаў, Магілёў, 16 сьнежня 2007 году

Актывісты незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці выступаюць з ініцыятывай збору подпісаў за вяртаньне льготаў на праезд. Цяпер яны рыхтуюцца да правядзеньня сходу ініцыятыўнай групы і яе рэгістрацыі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Каб выступіць з заканадаўчай ініцыятывай, актывісты прафсаюзу маюць намер сабраць пяць тысяч подпісаў грамадзянаў краіны.

У ініцыятыўную групу ўваходзяць 300 чалавек у розных гарадох краіны. Аднак ахвотных узяць удзел у зборы подпісаў за вяртаньне бясплатнага праезду асобным катэгорыям грамадзянаў значна больш, кажа лідэр прафсаюзнай суполкі ў Менскай вобласьці Мікалай Пахабаў:

“Да нас былі сотні і сотні тэлефанаваньняў ад людзей, якія хочуць падтрымаць нас у гэтым пытаньні. І ня толькі пэнсіянэры, а таксама людзі працоўныя, моладзь. Мы ведаем, што гэтая праблема стаіць востра менавіта цяпер, мы пастараліся не зацягваць акцыі”.

Пасьля агульнага сходу ініцыятыўная група зьвернецца ў Цэнтравыбаркам, каб зарэгістравацца. Аднак папярэдняя спроба прафсаюзных актывістаў аформіць грамадзкую ініцыятыву за адмену кантрактнай сыстэмы скончылася няўдала. Ці ёсьць шанец гэтым разам, цікаўлюся ў старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай:

“У нас прыкладаў рэгістрацыі ініцыятыўных груп не было, хоць некалькі такіх заяваў у Цэнтральную выбарчую камісію трапляла. Рэч такая, што калі незалежныя прафсаюзы спрабавалі зарэгістраваць сваю ініцыятыву, а гэта заканадаўчая ініцыятыва і гэта досыць працаёмкі працэс, тады, калі стваралася гэтая група, там была праблема такая, што па сутнасьці сход быў неправамоцны. Акрамя таго, было адмоўнае заключэньне Міністэрства юстыцыі. І паводле гэтых дзьвюх падставаў было адмоўлена ў рэгістрацыі”.

Тое рашэньне Цэнтравыбаркаму падтрымаў Вярхоўны суд, куды зьвярнуліся лідэры прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці. Аднак гэтым разам на рэгістрацыю і пачатак збору подпісаў спадзяваньні большыя, кажа кіраўнік прафсаюзу Генадзь Фядыніч:

“Што да кантрактаў, то тут гаворка ішла аб дэкрэце прэзыдэнта. Дык вось Мін’юст у Вярхоўным судзе выказаў такое меркаваньне, што дэкрэты ці ўказы прэзыдэнта не падпадаюць пад закон аб заканадаўчай ініцыятыве грамадзянаў. Грамадзяне могуць ініцыяваць зьмены ў законе, але адносна дэкрэтаў і ўказаў яны ня могуць гэтага рабіць. Цяпер гаворка ідзе пра новапрыняты закон. І мы ўжо не падпадаем пад тое, каб нам сказалі, што грамадзяне ня маюць права гэты закон зьмяніць”.

Ільготы шэрагу катэгорыяў грамадзянаў краіны, у тым ліку пэнсіянэрам, школьнікам, інвалідам і донарам былі адмененыя ў канцы мінулага году. Адпаведны закон прыняў Нацыянальны сход Беларусі.
XS
SM
MD
LG