Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні 13-15 чэрвеня адбыўся VII агульнабеларускі фэст нацыянальных культур, які праводзіцца раз на два гады. Улады раней дбалі пра лічбы: каб як мага болей людзей наведалі сьвята. Цяпер яны пераканаліся, што Стары горад, дзе разьмяшчаюцца нацыянальныя падворкі, замалы для дзясяткаў тысяч гарадзенцаў, якія зьяжджаюцца з усяго гораду. Публіка любіць гэтае сьвята. Гэта якраз той рэдкі выпадак, калі сьвята, адзначанае ўладамі, не прысьвечанае ні вайне, ні арміі. На сьвяце гучалі беларуская мова і беларускія сьпевы. Улады таксама любяць гэты фэст: яны лічаць, што нідзе такога больш няма і што ўвесь сьвет павінен “браць прыклад” з Горадні. Наш карэспандэнт падрыхтаваў рэпартаж з фэсту нацыянальных культур.

Карэспандэнт: “Шэсьце розных нацыянальных суполак рухаецца пад барабаны. На чале калёны трымаюць транспарант “Фэстываль прызямліўся ў Гародні”, упершыню такое. Нейкая замінка, штосьці здарылася зь беларускай птушкай, з буслам, з муляжом яе, завальваецца на бок... Першымі азэрбайджанцы ідуць: танец жывата бачым. А цяпер ідзе расейскі мядзьведзь, альбо мішка. Нечакана ідуць два вялікія значкі “БРСМ”, за рукі ўзяўшыся. І за ўсімі індусамі, арабамі крочаць у чырвоных майках дзяўчаты з абрэвіятурай “БРСМ”. Вы ведаеце такую “нацыянальнасьць” – БРСМ?”

Маладзён: “Ведаю, вельмі спадабаліся дзяўчаты”.

На сьвята над уваходам у аблвыканкам зьявіўся новы сьцяг – Гарадзенскай вобласьці
Старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Антоненка:

“Вельмі прыемна, што наш горад нагадвае сёньня мікрасьвет. І я думаю, што гэты мікрасьвет – будучыня зямлі, на якой у добрай згодзе, міры і сяброўстве жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў, і гэта самае галоўнае. Я думаю, што Горадня будзе тым добрым прыкладам, які падхопяць, напэўна, ува ўсім сьвеце”.

Вядоўца сьвята: “Мы просім вас, Аляксандар Ільліч, перарэзаць сымбалічную стужку нацыянальных падворкаў”.

Карэспандэнт: “Як мы чулі, кіраўнік гораду параўнаў Горадню зь мікрасьветам...

Пад брамай Старога замку сьпяваюць літоўцы
Увечары доступ у Новы замак перакрыў ланцуг спэцназу. Я падышоў і пацікавіўся – чаму не прапускаюць? Адказалі: “мэр гораду” дае баль для гасьцей у Новым замку з нагоды сьвята.

Карацей, традыцыі працягваюцца. Калісьці каралі давалі ў замку балі, а цяпер даюць старшыні гарвыканкамаў... Цяпер я накіроўваюся да лесьвіцы каханьня, гэта лесьвіца, якая паміж двума замкамі спускаецца да Нёману. Чамусьці таксама ланцуг спэцназу стаіць. Дык да Нёману няможна прайсьці ці што? У чым прычына?”

Спэцназавец: “Прычына ў тым, што гарадзкія ўлады закрылі рух і ачапілі раён у гонар таго, што праводзіцца фаервэрк”.

Карэспандэнт:”Я спускаюся вакол замкавай гары, дзіўнае ўражаньне ствараецца: замкі цалкам ачэпленыя спэцназам і таксама войскам: вось стаяць салдаты ў камуфляжы. Міжволі ўзьнікаюць згадкі пра “маўклівы сойм” у канцы XVIII стагодзьдзя, калі на замку стаялі расейскія і прускія войскі, праўда, яны тады былі яшчэ з гарматамі…”

Спадар: “Ды, напэўна, вайна! Ачапленьне ўчынілі!!!”

Карэспандэнт: “Нейкі спадар вельмі абурыўся, хацеў перайсьці па пантонным мосьце на другі бераг ракі, дахаты трапіць. А перакрыты мост: усё, нельга”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG