Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня другі дзень 7-га фэсту нацыянальных культураў у Горадні. Фэст праходзіць цягам трох дзён.


Учора адбылося бадай самае відовішчнае дзейства — шэсьце ўдзельнікаў сьвята ў фальклёрных строях. Яны прайшлі цераз Стары горад праз плошчу Леніна да плошчы Савецкай.

Першы дзень сьвята закончыўся начным салютам — а палове першай ночы. Цікава, што потым пачаўся працяглы дождж і пачало здавацца, што асноўны дзень сьвята будзе пад пытаньнем, але надвор’е зьмянілася.

На афіцыйнай частцы сьвята сёньня старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка параўнаў Горадню ў гэтыя дні зь “мікрасьветам”, за якім будучыня. Маўляў, тут зямля, дзе ў міры, дружбе і згодзе жывуць людзі розных нацынальнасьцяў. Яшчэ ён сказаў, што Горадня будзе добрым прыкладам, які будуць пераймаць у іншых краінах.

Пасьля гэтага мясцовае начальства разам са сталічнымі чыноўнікамі, сярод якім быў і Леанід Гуляка — упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў, — пайшлі абыходзіць падворкі — спачатку тыя, што былі на Замкавай вуліцы (малдаўскі, нямецкі, габрэйскі). Затым яны накіраваліся да замкаў, дзе разьмясьціліся літоўскі і польскі падворкі. Карэспандэнты тэлеканалаў кінуліся за імі з тэлекамэрамі.

Хаджэньне па падворках — у гэтым і заключаецца прысутнасьць на сьвяце для саміх гарадзенцаў. Яны слухаюць сьпевы, глядзяць народныя танцы, сядаюць зьесьці агульны прысмак — шашлыкі, альбо, калі болей пашанцуе, якую-небудзь нацыянальную страву.

У праграме сёньня былі вясельныя абрады розных народаў, парад духавых аркэстраў.

У нядзелю пройдзе заключны канцэрт ляўрэатаў Сёмага фэсту нацыянальных культураў, а таксама праводзіны ўдзельнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG