Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнікам рэабілітацыйнага цэнтру не працягнуць візаў?


У цэнтры рэабілітацыі наркаманаў "TOS Вайсруслянд" праходзілі сустрэчы хрысьціянскага характару, што паводле мін’юсту не адпавядае статуту арганізацыі, паведаміў БелаПАН.


Гомельскі аблвыканкам адмовіўся садзейнічаць у пытаньні працягу працоўных віз для грамадзянаў Нямеччыны — кіраўнікоў Цэнтру вылячэньня і рэабілітацыі міжнароднай дабрачыннай грамадзкай арганізацыі "TOS Вайсруслянд" (Сьветлагорскі раён) Эгбэрта і Аніты Шонэ.

У сакавіку Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне адміністрацыі цэнтру. Паводле слоў супрацоўніка цэнтру Сяргея Пішчалы, сутнасьць папярэджаньня мін’юсту зводзілася да таго, што ў цэнтры праводзяцца рэлігійныя службы, а гэта не адпавядае статуту арганізацыі. Неўзабаве пасьля гэтага Сьветлагорскі райвыканкам ня выдаў запрашэньняў, на падставе якіх грамадзяне Нямеччыны атрымоўвалі візы.

На пачатку траўня 75 бацькоў былых наркаманаў і 13 супрацоўнікаў цэнтру зьвярнуліся да старшыні аблвыканкаму А.Якабсона з просьбай аб садзейнічаньні ў адкрыцьці працоўных віз грамадзянам Нямеччыны, якія зьяўляюцца стваральнікамі і кіраўнікамі цэнтра, але 12 чэрвеня атрымалі адмову.

Цяпер супрацоўнікі цэнтру маюць намер зьвярнуцца па дапамогу ў Адміністрацыю прэзыдэнта. "У лісьце з камітэту па працы нас запэўнілі, што цэнтар ніхто закрываць не будзе. Але наша арганізацыя ня можа існаваць бяз грошай. Раней нам дапамагалі нямецкія арганізацыі, шматлікія пошукі спонсараў у Беларусі не далі вынікаў", — сказаў С.Пішчала.

Цэнтар "TOS Вайсруслянд" быў арганізаваны ў 1998 годзе; у 2000 годзе ён быў афіцыйна адкрыты. За час працы цэнтру толькі 10% пацыентаў вярнуліся да старога ладу жыцьця, прыблізна 90 чалавек пасьпяхова прайшлі курс рэабілітацыі. Сем былых наркаманаў працуюць у цэнтры і дапамагаюць людзям пазбавіцца ад залежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG