Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: асьвяцілі пляц, дзе будуецца новы касьцёл <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


13 чэрвеня ксёндз біскуп Антоні Дзям’янка асьвяціў у Магілёве пляцоўку, дзе ўзводзіцца касьцёл сьвятога Антонія, а таксама звон будучай каталіцкай сьвятыні.


Асьвячэньне адбылося ў Дзень нябеснага заступніка Магілёва – сьвятога Антонія. На сьвятую ўрачыстасьць прыйшлі каля сотні вернікаў, а таксама прыехалі каталіцкія сьвятары з суседніх з Магілёвам прыходаў – са Шклова, Чувусаў, Мсьціслава ды Крычава.

Антоні Дзям’янка ў сваім казаньні да каталіцкай грамады адзначыў выключную ролю сьвятога Антонія ў станаўленьні хрысьціянства і заклікаў магілёўскіх вернікаў ганарыцца сваім нябесным заступнікам:

“Ягонае жыцьцё зьяўляецца прыкладам для тых хто шукае Хрыста, хто хоча яму служыць. Тады, калі цяжка, тады, калі шлях не зразумелы для нас альбо поўны небясьпекі, мы шукаем сабе заступніка. Дык вось сьвяты Антоні зьяўляецца вялікім апекуном і патронам. Сьвяты Антоні зь неба спрыяе тым, хто просіць ягонай дапамогі ў тым, каб атрымаць ласку ад Бога”.

Пасьля сьвятой літургіі ксёндз біскуп Антоні Дзям’янка асьвяціў пляц, дзе неўзабаве пачнуць закладаць падмурак касьцёлу сьвятога Антонія, ды звон будучага храму.

Па пабудове касьцёлу ён стане другой каталіцкай сьвятыняй у Магілёве. Пакуль жа на месцы будаўніцтва дзейнічае часовая капліца рыма-каталіцкага прыходу Сьвятога Антонія.

Будуецца касьцёл у Магілёўскім Задняпроўі блізу сьвятога возера.

Сьвяты Антоні стаў апекуном Магілёва пры канцы XVI стагодзьдзя. Ягоны цудатворны абраз прынесьлі ў Магілёў францішканскія прапаведнікі. Абраз зьнік за часам Другой усясьветнай вайны.








Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG