Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канец цытаты": 07.06.2008 – 13.06.2008


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Двухбаковых сустрэчаў спэцыяльна арганізавана не было. Прэзыдэнты між сабой перагаварылі, але коратка”.

Павал Лёгкі, кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта – пра кантакты Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева падчас нефармальнага саміту СНД у Санкт-Пецярбургу.


“Я зьбіраюся празь міністэрства ці абласную ўправу ўнутраных спраў вынесьці падзяку міліцыянтам за практычную дапамогу ў раскрыцьці тэмы сустрэчы. Мы абмяркоўвалі пытаньні, як правільна весьці сябе грамадзяніну падчас ператрусу, асабістага дагляду, допыту. Прыход міліцыі быў добрым дадаткам да тэорыі”.

Леанід Судаленка, юрыст – пра ператрус у офісе Гомельскай абласной арганізацыі АГП падчас правядзеньня сэмінару “Грамадзтва і сьледзтва”.


“Расея ня будзе разьмяшчаць у Беларусі ядзерную зброю, бо гэта супярэчыць міжнароднаму пагадненьню, гарантамі якога зьяўляюцца ЗША і РФ. А вось з пункту гледжаньня супрацьракетных сыстэм такога ж узроўню размова можа ісьці. Ці будзе яна ісьці, залежыць ад узроўню інтэграцыйнага супрацоўніцтва. Калі мы гэта робім у рамках саюзнай дзяржавы, – гэта адзін узровень, калі гэта розныя дзяржавы, – зусім іншы”.

Аляксандар Сурыкаў, пасол Расеі ў Беларусі – падчас прэсавай канфэрэнцыі


“Што тычыцца ўдзелу апазыцыі ў выбарах, то яна, зразумела, будзе ўдзельнічаць. Усё залежыць ад таго, наколькі яны атрымаюць на гэта фінансавы і палітычны карт-блянш. Але гэта ім ужо дае ня ўлада, а замежныя сілы, якія падтрымліваюць і сілкуюць нашу апазыцыю”.

Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі – у інтэрвію “Інтэрфаксу”


“Цікава, як бы паступіў спадар Жалезьнічэнка, калі, уявім сабе такое, яму прапанавалі б служыць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі... у дывізіі СС “Беларусь” у 1945 годзе?”

Андрэй Максімаў, аўтар газэты “Во славу Родины” – у артыкуле “Дзіма Жалезьнічэнка як люстэрка “валошкавай рэвалюцыі”, якая не адбылася” (актывіст “Моладзі БНФ” Зьміцер Жалезьнічэнку пасьля прызыву ў войска заявіў, што будзе выконваць загады камандзіраў, дадзеныя толькі па-беларуску).


“Можа гэта ягоны адзіны плюс. Гэтыя людзі не ідуць у палітыку, гэтыя людзі цягнуцца за вушы. Яны як саламяныя лялькі, як толькі Лукашэнкі ня будзе ў палітыцы, іх ў паміне ня будзе. А я, калі выбраў сабе гэтую дарогу, выбраў сабе гэты шлях, то я іду туды надоўга”.

Франак Вячорка, адзін з кіраўнікоў “Маладзі БНФ”, якога спрабуюць прызваць у войска – у адказ на пытаньне “Начной Свабоды” пра вайсковую службу Віктара Лукашэнкі.


“Гэта не фальстарт. Гэта рэакцыя на дзеяньні Аб’яданых дэмакратычных сілаў. Улада паглядзела, што на гэты раз зроблена значна больш, і АДС падрыхтаваная да выбараў як ніколі. Ёсьць адзіны сьпіс, ёсьць пасланьне, ёсьць агульная кампанія за свабодныя выбары. Таму “Сетка” — гэта рэакцыя на дзеяньні АДС”.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі – пра прапагандысцкую стужку БТ “Сетка”.


“Як вывелі за гэтыя 15 гадоў катэгорыю абсалютна несумленных маладых людзей, якія ўсё гэта робяць, у якім інкубатары іх гадавалі?”

Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр – пра стваральнікаў стужкі БТ “Сетка”.


“Яны рыхтуюцца да будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Я ня думаю, што кампанія ў Палату прадстаўнікоў мае ўжо такую сур’ёзную вагу з улікам таго, як яны ў нас праводзяцца. Таму, каб не прымаць такія акты напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, гэта робіцца цяпер”.

Аляксандар Старыкевіч, рэдактар газэты “Салідарнасьць” – пра праект новага закону аб СМІ.


“У рэшце рэшт мы ўсе сыдзем у Інтэрнэт”.

Віктар Чыкін, рэдактар газэты “7 Дней” – пра праект новага закону аб СМІ.


"Мая думка такая – партыя можа называцца "зялёнай", "блакітнай", "чырвонай", "камуністычнай", "сацыялістычнай". Калі паглядзець на праграмы сёньняшніх партый, дык яны ўсе сацыялістычныя. У тым ліку і камуністычная партыя. Яны маюць сацыяльную накіраванасьць. Ёсьць некалькі лібэральных. Але я думаю, што экалягічная партыя нічога не дасягне, бо партыя павінна ставіць мэтай дасягнуць улады і ўсталяваньня ўлады, рух наперад нейкі. Зялёная ці любая экалягічная будзе ставіць мэту аховы навакольнага асяродзьдзя. Найперш трэба будаўніцтва дзяржавы. А экалягічнае ўсё адно перародзіцца. Вось камуністычная партыя ў СССР насамрэч была партыяй дыктатараў. Хоць я сам камуніст, лічу, што гэта ідэалы будучага".

Сяргей Абразоўскі, адзін з арганізатараў пратэсту супраць будаўніцтва хімічнага заводу ў пасёлку Дружны пад Менскам – у перадачы “Начная Свабода”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG