Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны сход рыхтуе закон, які можа стварыць новыя праблемы для незалежных мэдыяў. У чым сутнасьць прапанаваных навацый? Чым пагражае законапраект інтэрнэт-выданьням?

Удзельнікі: кіраўнік юрыдычнага цэнтру Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў і намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Чым пагражае законапраект інтэрнэт-выданьням?

Валер Карбалевіч: “Законапраект “Аб сродках масавай інфармацыі” рыхтуюцца прыняць у Нацыянальным сходзе ў фарсіраваным парадку. Мусіць, галоўная яго навацыя палягае ў тым, што інтэрнэт будзе лічыцца сродкам масавай інфармацыі і інтэрнэт-выданьні павінны будуць рэгістравацца з усімі адпаведнымі наступствамі. Чым пагражае гэтая навацыя незалежным мэдыям?”

Міхаіл Пастухоў: “Прававая рэглямэнтацыя інтэрнэт-мэдыяў прывядзе да таго, што яны будуць пільна кантралявацца дзяржаўнымі органамі. На іх будуць распаўсюджвацца ўсе патрабаваньні, якія тычацца мэдыяў. Іх рэгістрацыя будзе рэглямэнтавана пастановай Савету Міністраў. Самае галоўнае, на іх будзе распаўсюджвацца адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб СМІ”.

Андрэй Бастунец: “Найперш хачу адзначыць, што на інтэрнэт-выданьні і сёньня распаўсюджваюцца патрабаваньні беларускага заканадаўства. Цяпер на іх распаўсюдзяць і патрабаваньні закону аб СМІ.

Па-другое, застаецца шмат пытаньняў. Якія інтэрнэт-рэсурсы будуць рэгістравацца ў якасьці СМІ? Якія будуць правілы дзейнасьці тых рэсурсаў, сэрвэры якіх разьмешчаныя па-за межамі Беларусі?

Зразумела, што ўлады імкнуцца абмежаваць дзейнасьць інтэрнэту, абмежаваць тую сфэру, якая пакуль застаецца ў Беларусі больш-менш вольнай”.

Мэдыям працаваць стане цяжэй

Карбалевіч: “Якія яшчэ новыя палажэньні будучага закону абцяжарваюць працу незалежных мэдыяў?”

Пастухоў: “Найперш прапаноўваецца новая рэглямэнтацыя акрэдытацыі мэдыяў і журналістаў. Рашэньне аб акрэдытацыі будзе правам дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Ужо не закон, а чыноўнік будзе вырашаць, ці даць магчымасьць журналісту прысутнічаць на нейкім мерапрыемстве. І абскардзіць гэта магчыма толькі праз суд, што ў нашых умовах амаль бессэнсоўна.

Больш жорстка будзе рэглямэнтавацца і кантралявацца праца замежных мэдыяў. Дзейнасьць карэспандэнтаў замежных мэдыяў без акрэдытацыі цяпер забараняецца пад пагрозай адміністрацыйнай ці іншай адказнасьці.

Законапраект прадугледжвае, што ў статутным фондзе СМІ доля замежнай юрыдычнай асобы не павінна быць большая за 30%.

Паводле новага законапраекту, любое парушэньне закону аб СМІ цягне за сабой папярэджаньне, пасьля якога можна прыпыніць ці ўвогуле спыніць выхад гэтага сродку масавай інфармацыі. А дагэтуль папярэджаньне можна было выносіць толькі паводле артыкулу 5 закону аб СМІ”.

Бастунец: “Найгоршыя з навацыяў новага законапраекту — палажэньні аб перарэгістрацыі СМІ. Цяпер нават зьмена адрасу рэдакцыі запатрабуе перарэгістрацыі. З улікам таго, што рэдакцыі незалежных мэдыяў вымушаныя часта мяняць месца знаходжаньня, гэта новая праблема. І незразумела, які сэнс у такім патрабаваньні.

Далей, паводле новага законапраекту, цяпер СМІ павінен будзе перарэгістравацца, калі ён не выпускаецца цягам шасьці месяцаў. Паводле старога закону гэты тэрмін складае год.

Пасьля ўступленьня новага закону ў сілу ўсе СМІ павінны будуць прайсьці перарэгістрацыю цягам году. І гэта зноў праблема”.

Якіх мэтаў імкнуцца дасягнуць улады?

Карбалевіч: “Законапраект “Аб сродках масавай інфармацыі” ўлады хацелі прыняць некалькі разоў, але ўвесь час адступалі пад ціскам беларускай і замежнай грамадзкасьці. Гэтым разам праект зьявіўся ў Палаце прадстаўнікоў нечакана і прымаецца фарсіравана. Чаму менавіта цяпер ён зьявіўся? Якіх мэтаў імкнуцца дасягнуць улады?”

Пастухоў: “Улады імкнуцца ўзмацніць кантроль над мэдыямі, зрабіць дзейнасьць незалежных СМІ цяжэйшай.

Чаму менавіта цяпер? Магчыма, таму, што гэта апошняя сэсія гэтага складу Палаты прадстаўнікоў. Другая прычына: улады сьпяшаюцца ўзяць пад кантроль інтэрнэт-выданьні”.

Бастунец: “Хачу заўважыць, што праца над праектам цягнецца з 2002 году. Было зразумела, што рана ці позна ён будзе прыняты. Сапраўды, досьвед паказвае, што самыя непапулярныя законы дэпутаты прымаюць у канцы сваёй працы.

Акрамя таго, магчыма, цяпер для ўладаў удалы час у тым сэнсе, што лета, час адпачынкаў. Зьмяншаецца ўвага да падзеяў з боку міжнароднай грамадзкасьці.

Хачу нагадаць, што пяць гадоў таму тагачасны міністар інфармацыі абяцаў накіраваць законапраект аб СМІ на экспэртызу ў Раду Эўропы. Але беларускія ўлады пра гэта забыліся”.

Законапраекты аб СМІ і выбары ў Палату прадстаўнікоў

Карбалевіч: “Ці зьвязана тэрміновае прыняцьце гэтага закону з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, якія маюць адбыцца неўзабаве?”

Пастухоў: “Магчыма, гэтыя падзеі і не зьвязаныя. Паводле працэдуры, закон павінен прымацца ў двух чытаньнях. Магчыма, цяпер пройдзе першае чытаньне. А слухаць у другім чытаньні і канчаткова прымаць закон будзе ўжо новы склад Палаты прадстаўнікоў пасьля яго абраньня”.

Бастунец: “Магчыма, чыньнік выбараў адыгрывае ролю ў тым сэнсе, што дакладна невядома, якім будзе новы склад Палаты прадстаўнікоў пасьля выбараў. Таму ўлады ня хочуць рызыкаваць і сьпяшаюцца прыняць яго цяпер.

Бо ў праекце запісана, што ён уступіць у сілу праз паўгода пасьля яго прыняцьця. Гэта значыць, пасьля выбараў”.

Карбалевіч: “Але гэты пункт лёгка перапісаць: напрыклад, напісаць, што ён уступае ў сілу празь месяц пасьля прыняцьця. І выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць ужо пры новым законе аб СМІ”.

Бастунец: “Так. Але мы абмяркоўваем той законапраект, які ёсьць на сёньняшні дзень. А там запісана менавіта пра паўгода”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG