Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці маюць палітычны аспэкт выклікі ў ваенкаматы актывістаў?


У апошнія тыдні ўсё болей беларускіх дэмакратычных актывістаў выклікаюць у ваенкаматы. Шмат хто зь іх зьвязвае гэта менавіта са сваёй палітычнай дзейнасьцю.

Актывіст дэмакратычнага руху сёлетні выпускнік журфаку БДУ Юрась Дзяшук апавёў “Свабодзе”, што яго выклікалі ў Лідзкі ваенкамат і паведамілі, што яго накіроўваюць служыць у сумнавядомую апазыцыянэрам вайсковую частку № 5448, што на вуліцы Маякоўскага ў Менску. На тэрыторыю гэтай часткі ў свой час завозілі затрыманых удзельнікаў вулічных акцый пратэсту.

Калі хлопец адказаў, што ня хоча там служыць, яму прапанавалі іншы варыянт – вайсковую частку пад кіраўніцтвам Зьмітра Паўлючэнкі.

Гаворыць Юрась Дзяшук:

“Калі мае знаёмыя прыходзілі ў ваенкамат, у іх перш за ўсё запытваліся ў якіх частках яны хочуць служыць. А мне, калі я парасіўся ў іншыя рады, адмовілі, матывуючы гэта тым, што рашэньне ўжо прынятае і іншага шляху ўжо няма.

Я удзельнік вулічных акцый. Сваіх дэмакратычных поглядаў ніколі не ўтойваў у тым ліку й у размове з прадстаўнікамі ваенкамату. Ну, мне здаецца, што зьверху быў загад, каб мяне забралі менавіта ў гэтыя войскі. Такое адчуваньне, што гэта нібыта зьдзек, нібыта выпрабаваньне для мяне”.

Намесьнік Лідзкага вайсковага камісара патлумачыў “Свабодзе”:

“Тых, каго прызналі па стану здароўя да службы без абмежаваньняў, у першую чаргу накіроўваюць у часткі спэцыяльнага прызначэньня. Калі б былі якія-небудзь адхіленьні, то яго б накіравалі ў іншыя часткі, дзн меншая нагрузка. Калі б была магчымасьць задаволіць ягоную просьбу,мы б яе задаволілі. Значыць так трэба было зрабіць”.


Мазырскі актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Павал Наздра мусіў, згодна з распараджэньнем ваенкамата, ад 13 чэрвеня 19 сутак праходзіць вайсковыя зборы. Але яго выклікалі на размову і замест таго, каб накіраваць на зборы, склалі адміністрацыйны пратакол за несвоечасовае паведамленьне ваенкамату пра зьмену месца працы.

Павал Наздра кажа:

“Завёў мяне ў кабінэт і кажа, што не дагледзелі, а сёньня разабраліся, што ты не прадставіў нам зьвесткі своечасова аб зьмяненьні месца працы і мы цяпер складзем адміністрацыйны пратакол і перададзім яго ў суд. За гэта прадугледжаны штраф ад двух да трох базавых велічынь. Раней ваенкаматы ў гэтым не задзейнічалі, а толькі міліцыю, суд і пракуратуру, каб папаўняць дзяржбюджэт”.

Яшчэ адзін мазырскі актывіст Мікола Жукоўскі атрымаў позву ў ваенкамат, каб накіравацца на зборы. Але ён студэнт-завочнік і здае сэсію ў Гарадзенскім унівэрсытэце. А закон забараняе дэмабілізаваць студэнтаў пад час сэсіі.

Гаворыць Мікола Жукоўскі:

“У мяне была ксэракопія маёй даведкі, дакладней факс. Вайскоўцы тэлефанавалі ў Горадню ў alma mater і там запытваліся ці ёсьць там такі хлопец і прасілі яшчэ раз даслаць даведку. Адразу мне не паверылі. Нават не называлі маё прозьвішча, а папрасілі даслаць даведку нумар пад такім нумарам. Я працую ў дзіцячай школе мастацтваў. Вучу іграць дзяцей на медных духавых інструмэнтах. Але справа ў тым, што тут бракуе такіх настаўнікаў. Ня ведаю зь якой прычыны мяне вырашылі цяпер звольніць. Дапускаю, што гэта зьвязана з маёй грамадзкай дзейнасьцю”.

Пасьля таго, як Мікола Жукоўскі здасьць сэсію, а Павал Наздра заплаціць штраф, іх могуць зноў выклікаць у ваенкамат, каб накіраваць на зборы менавіта ў часе выбарчай кампаніі.

Любоў Лунёва. Менск
XS
SM
MD
LG