Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Вельмі кепска для самога палітыка, калі ён вельмі хутка робіць кар'еру"


Наколькі значнай зьяўляецца зьмена пакаленьняў у беларускай уладзе? Чым маладое пакаленьне беларускай кіруючай эліты адрозьніваецца ад сваіх папярэднікаў?



Гэта асноўныя тэмы дыскусіі ў "Праскім акцэнце". Удзельнікамі
прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, рэдактар часопісу “Палітычная сфэра” Андрэй Казакевіч, грамадзкая дзяячка, старшыня Віцебскай філіі АГП Вольга Карач і аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Сёньня мы адказы на пытаньні Вольгі Карач.

Дракахруст: “На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка прызначыў намесьнікам генэральнага пракурора 49-гадовага Аляксея Стука. Спадар Стук зрабіў надзвычай хуткую і бліскучую кар'еру, яшчэ ў ліпені летась ён быў пракурорам аднаго з раёнаў сталіцы, потым быў прызначаны намесьнікам пракурора Менску, зараз, менш чым праз год стаў другой асобай у пракуратуры краіны.

Многія выданьні выказалі меркаваньне, што гэты кар'ерны рост – узнагарода за палітычныя справы: менавіта пракурор Стук адмовіўся распачынаць крымінальную справу супраць асобаў, што напачатку 2006 году зьбілі кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, менавіта Аляксей Стук на пасадзе сталічнага пракурора даваў санкцыю на нядаўнія ператрусы у памяшканьнях радыё «Рацыя», «Эўрапейскага радыё для Беларусі», тэлекампаніі «Белсат».

Кар'ера Аляксея Стука – нагода паразважаць пра тое, як наагул адбываецца зьмена пакаленьняў у пірамідзе ўлады сучаснай Беларусі. Спадар Стук можа ўзьляцеў на вяршыню пракурорскай піраміды за палітычныя справы, але ў краіне няма столькі іншадумцаў, каб барацьбой зь імі забясьпечыць кар'еру ўсім пракурорам, судзьдзям і чыноўнікам наагул.

Дык як адбываецца гэтая зьмена пакаленьняў?

І чым гэтае новае пакаленьне беларускіх чыноўнікаў адрозьніваецца ад іх папярэднікаў, акрамя ўзросту?. Паводле некаторай інфармацыі, менавіта новае пакаленьне людзей у вышэйшым кіраўніцтве краіны ініцыявала летась і сёлета спробы дамовіцца з Эўропай.

Зь іншага боку, той жа спадар Стук чалавек не стары, але вызначыўся зусім не лібэралізмам. Днямі рэжысэр Юры Хашчавацкі, гаворачы аб аўтарах чарговага "шэдэўру" БТ “Сетка”, сказаў : "Як вывелі за гэтыя 15 гадоў катэгорыю абсалютна несумленных маладых людзей, у якім інкубатары іх гадавалі?”

Дык што насамрэч нясе гэта новае пакаленьне дзяржаўных людзей Беларусі, яны горшыя за папярэднікаў, лепшыя ці іншыя? “



Карач: “Вы , Юры, пачалі са спадара Стука. Я мяркую, што тое, чаго ён дасягнуў - гэта ягоная столь, вышэй за якую ён не падымецца. Усе несумленныя адказы на лісты грамадзянаў, усе сумнеўныя рашэньні ніколі не прымае асабіста кіраўнік - заўсёды знаходзіцца намесьнік.

Мне здаецца, што кар'ера Аляксея Стука зьвязаная менавіта з палітычнымі рашэньнямі, дзіўна выглядала, калі намесьнік пракурора Менску падпісваў паперы пра ператрусы па ўсёй краіне. Яго проста паднялі вышэй на адну прыступку, каб забясьпечыць неабходны статус.

Што тычыцца новага пакаленьня чыноўнікаў, то адрозьненьні сапраўды ёсьць. Па-першае, яны насамрэч ня маюць той маральнай базы, якую мае старэйшае пакаленьне чынавенства. Велізарным крызысам , які перажыла беларускае грамадзтва, стаў распад Савецкага Саюзу.

"Маладыя палітыкі больш гатовыя да кампрамісу"

Усе каштоўнасьці, ўсе ідэалы, на якія абапіраліся людзі, раптам аказаліся несапраўднымі. І людзям трэба было хутка знайсьці іншыя ідэалы і іншых ідалаў. І Лукашэнка і зьявіўся на хвалі чаканьні новага ідала. Шмат чыноўнікаў раней верыла і ў гэтым была трагедыя старога пакаленьня. А як сказаў мне адзін малады, але досыць пасьпяховы чыноўнік: "Ведаеце, Вольга, а мне ўсё роўна, хто ва ўладзе - ці нацыяналісты, ці фашысты, ці яшчэ хтосьці. Абы я там быў".

І вось гэты прынцып - я яго зьвязваю з крызысамі, якія перажыла старэйшае пакаленьне людзей улады. Ёсьць і яшчэ адно адрозьненьне - больш старыя чыноўнікі не ўяўлялі сабе жыцьця без Лукашэнкі. Новыя, маладыя чыноўнікі ўжо пра гэта думаюць і гэта заўважна. Яны ўжо ня зьвязваюць на 100% сваё жыцьцё толькі з Аляксандрам Рыгоравічам.

Акудовіч ў свой час напісаў артыкул "Бяз нас", пра пакаленьне , без якога ўсё адбываецца, то маладыя чыноўнікі наадварот думаюць пра час зь імі, але без Лукашэнкі. З гэтай прычыны маладыя чыноўнікі больш асьцярожныя, больш гатовыя да кампрамісу, ня ўсе, але ладная часткам зь іх ня хоча пэцкацца ў брудныя справы, якія могуць потым нейкім чынам адгукнуцца”.

Дракахруст: “На канфэрэнцыі, якая адбылася ў Варшаве на мінулым тыдні, палітоляг Дзяніс Мельянцоў выступіў з дакладам, зь якога вынікала, што пэўная зьмена пакаленьняў у кіраўніцтве дэмакратычных партый калі і адбываецца, то толькі ў БНФ. Вольга, Вы самі – практыкуючы палітык, кіраўнічка абласной арганізацыі АГП. Ці згодны Вы з такой высновай, і калі так, то ў чым прычыны гэтай кадравай стагнацыі?”

"Палітык перадусім павінен быць вопытным"

Карач: “На мой погляд, БНФ - гэта лякмусавая паперка, гэта тыя, хто ідзе першым. Тыя працэсы, якія пачынаюцца ў БНФ, потым, часам і вельмі хутка, адбываюцца і ў іншых палітычных структурах. У апазыцыі зараз адбываецца зьмена пакаленьняў на нізавым узроўні. Людзі стамляюцца, людзі сыходзяць.

Пасьля 2006 году прыйшло шмат маладых людзей і гэта заўважна. Але патрабуецца час, каб гэтыя людзі назапасілі палітычны вопыт і пачалі падымацца вышэй. Зараз сапраўды на вышэйшым узроўні партый назіраецца пэўная стагнацыя, бо ўсе лідэры займаюць свае пасады шмат часоў.

У іх вельмі спэцыфічная роля, і яна досыць трагічная. Ёсьць трагедыя і ў Лукашэнкі, і ў апазыцыі. Ролі лідэраў апазыцыі - гэта роля захавальнікаў, яны захоўваюць структуры, захоўваюць скарб, але паводле пэўных прычынаў ня могуць ім скарыстацца.

Але зь іншага боку, я б не сказала, што палітык абавязкова павінен быць маладым. Палітык павінен быць у першую чаргу вопытным. Вельмі кепска для самога палітыка, калі ён вельмі хутка робіць кар'еру.

Гэта самае горшае, што можа быць. Ён паднімаецца па кар'ернай лесьвіцы і не пасьпявае асэнсаваць той вопыт, які ён атрымаў. Ён не пасьпявае заўважыць самае галоўнае, а самае галоўнае ў палітыцы - гэта дэталі. І вось прыходзіць час, калі ён скачком трапляе на тую пасаду, за якую змагаўся, як гэта адбылося, скажам, са спадаром Мілінкевічам. Займае - і што далей?

А далей ісьці няма куды, далей няма часу, каб падумаць, куды я павяду людзей, бо я лідэр.

Ёсьць стэрэатып, што маладосьць у палітыцы - гэта добра, і кожны палітык гаворыць пра тое, як ён любіць моладзь і які ён сам малады, па меншай меры душой. Але маладосьць не азначае магчымасьць чагосьці дасягнуць. Любому чалавеку патрэбны час для асэнсаваньня.

Той працэс, які пайшоў у партыі БНФ, вельмі пазытыўны. У кіраўніцтва партыі прыйшлі людзі маладыя, але ўжо даволі дасьведчаныя, і яны могуць вырашаць нешта хаця б для сябе. Бо калі палітык не прапусьціць ідэі праз сябе, яго і грамадзтва слухаць ня будзе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG