Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: дзень донара безь недзяржаўнай донарскай арганізацыі


Адзіную ў Беларусі донарскую няўрадавую арганізацыю “Кропля жыцьця” не запрасілі на ўрачыстае паседжаньне, прымеркаванае да Ўсясьветнага дня донара крыві. Гэты дзень адзначаецца 14 чэрвеня.

Кіраўнік арганізацыі Ігар Каваленка паведаміў “Свабодзе”, што яго арганізацыю не запрасілі, помсьцячы за донарскі страйк, пасьлядоўнае адстойваньне інтарэсаў донараў перад дзяржавай і патрабаваньне вярнуць скасаваныя льготы.

Адзін з арганізатараў гарадзкіх урачыстасьцяў, кіраўнік Магілёўскага абласнога аддзяленьня Чырвонага крыжа Андрэй Нікіцін зазначыў, што ня мае нічога супраць структураў грамадзянскай супольнасьці, адна зь якіх — “Кропля жыцьця”. Аднак ён супраць таго, што яе кіраўнік выкарыстоўвае донарства дзеля дасягненьня ня донарскіх, а палітычных мэтаў.

Паводле Андрэя Нікіціна, на ўрачыстае паседжаньне запрошана 300 ганаровых донараў.

20 чэрвеня 2007 году група магілёўскіх донараў тыдзень страйкавала супраць скасаваньня льготаў. Донарам удалося захаваць саракапрацэнтную надбаўку да пэнсіі, магчымасьць сыходзіць у адпачынак у любы зручны час. Акрамя таго, толькі магілёўскія донары адстаялі бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах гораду.

Але ўсё ж донараў пазбавілі дзьвюх важных кампэнсацыяў: пяцідзесяціпрацэнтнай зьніжкі на набыцьцё мэдычных прэпаратаў і бясплатнага пратэзаваньня зубоў.

Сёлета 19 траўня донарская няўрадавая арганізацыя “Кропля жыцьця” стала сябрам Міжнароднай фэдэрацыі арганізацыяў донараў крыві (FIODS/IFBDO). На ўсёй постсавецкай прасторы магілёўскае аб’яднаньне донараў — адзінае, якое мае такі статус.

XS
SM
MD
LG