Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: палітычна нядобранадзейных выкладчыкаў звальняюць


У Гомелі адзначана некалькі выпадкаў звальненьня настаўнікаў, якія зьвязаныя з палітычнымі партыямі альбо дэмакратычнымі грамадзкімі рухамі.

Апошні тыдзень працуе ў гарадзкой гімназіі № 46 настаўніца гісторыі, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алена Палякова, дарэчы, жонка вядомага гомельскага палітыка й грамадзкага актывіста Васіля Палякова.

Дырэкцыя гімназіі не працягнула са спадарыняй Паляковай працоўны кантракт:

“Я мяркую, што гэта зьвязана з палітычнай дзейнасьцю — маёй і майго мужа, Васіля Палякова. Іншых тлумачэньняў у мяне няма. Я ніколі не хавала сваіх поглядаў, адкрыта іх выказвала. Дырэктарка ж тлумачыць сытуацыю тым, што, маўляў, у мяне другая катэгорыя, а пасьля рэарганізацыі гімназіі патрэбныя больш высокакваліфікаваныя кадры. Але ж у нашай гімназіі шмат настаўнікаў наагул без катэгорыі і шмат — з другой катэгорыяй. А звальняюць з пасады толькі мяне”.

Спадарыня Палякова праз суд імкнулася аспрэчыць, як яна напісала ў пазове, “дыскрымінацыю ў сфэры працоўных стасункаў”, а таксама прызнаць неканстытуцыйным дэкрэт № 29, які надзяліў наймальніка правам не даваць тлумачэньняў наконт прычыны звальненьня.

Аднак учора судзьдзя Савецкага раёну Эла Зінькевіч адхіліла пазоў настаўніцы да наймальніка.

Прадстаўніца раённага аддзелу адукацыі Тацьцяна Кругляк патлумачыла ў судзе, што ніякай дыскрымінацыі ў дачыненьні да настаўніцы Паляковай няма. Пра яе клапоцяцца, ёй прапанавалі застацца ў групе падоўжанага дня выхавацелькай. Заробак там ніжэйшы, але ж можна працаваць.

Дырэктарка гімназіі Алена Шаўцова заявіла ў судзе, што настаўнікі павінны дбаць у школах пра палітыку дзяржавы, потым агулам распавядала пра нейкія недахопы ў працы настаўніцы. Але не змагла назваць, што гэта за недахопы. Як і не патлумачыла, чаму ў гімназіі працуе настаўніца гісторыі пэнсійнага ўзросту, а спадарыню Палякову з 11-гадовым пэдагагічным стажам звальняюць.

Не падоўжылі кантракт у Гомельскім пэдагагічным каледжы імя Выгодзкага і з грамадзкім актывістам, сябрам незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксандрам Жулегам. Ён пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту й асьпірантуры пяць гадоў працаваў тут выкладчыкам расейскай мовы й літаратуры. Ведае беларускую, ангельскую, італьянскую ды іншыя мовы.

Дырэктар каледжу Мікалай Валодзін у тэлефоннай размове з карэспандэнтам нашага радыё адмаўляў, што звальненьне спадара Жулегі мела нейкія палітычныя матывы:

“Гэта не зьвязана зь нейкім перасьледам. Гэта зьвязана з тым, што на факультэт пачатковай гуманітарнай адукацыі, дзе Жулега выкладаў, мы набіралі раней дзевяноста чалавек, а цяпер — трыццаць. Другое. Па выніках году… вынікаў як такіх няма ў чалавека. Асабіста сам ведаю гэтае пытаньне, і завуч дакладала, дакладала і загадчыца факультэту. Яго не звальняюць. Проста не заключаецца кантракт”.

Сам Аляксандар Жулега распавёў, што яшчэ папярэдні дырэктар каледжу Анатоль Каціла, які цяпер ачольвае ідэалягічную ўправу аблвыканкаму, заяўляў адносна яго: выкладчык ня мае права працаваць у дзяржаўнай установе, калі не падзяляе дзяржаўную ідэалёгію.

Цяперашні дырэктар Валодзін таксама нэгатыўна ставіўся да таго, што Жулега працаваў у камандзе экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча.

“Быў момант, калі папярэдні дырэктар каледжу Каціла выклікаў мяне да сябе. Нават былі пагрозы, што я ня маю права працаваць у дзяржаўнай навучальнай установе, калі я не падзяляю дзяржаўную ідэалёгію. Была адкрытая пагроза звальненьня. Такое ж стаўленьне працягваецца. Цяперашні дырэктар, калі я ўваходзіў у ініцыятыўную групу Мілінкевіча, таксама казаў, што я ня маю права быць пэдагогам, бо не падзяляю інтарэсаў дзяржавы”.

Стаўленьне адміністрацыі, і асабліва намесьніцы дырэктара па выхаваньні й ідэалёгіі, яшчэ больш пагоршылася, калі сёлета ў сакавіку выкладчык Жулега напісаў у газэту каледжу карэспандэнцыю пра 90-я ўгодкі БНР. І неўзабаве атрымаў пісьмовае папярэджаньне пра тое, што кантракт зь ім ня будзе працягнуты.

У сваю чаргу, на дзеяньні дырэкцыі спадар Жулега падаў скаргу ў суд Цэнтральнага раёну.

XS
SM
MD
LG