Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алег Трусаў: “У рэстытуцыі сучасны расейскі імпэрыялізм пераплюнуў Брытанію з Францыяй”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – кандыдат гістарычных навук, археоляг, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. Ён – дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, намесьнік старшыні Камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны, былы старшыня Камісіі па забесьпячэньні адзінай палітыкі выкарыстаньня дзяржаўных сымбаляў РБ пры Прэзыдыуме Вярхоўнага Савету. Алег Трусаў прапанаваў карэспандэнтам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму: “Вяртаньне нашых каштоўнасьцяў: праблемы рэстытуцыі”.

Трусаў: “Так сталася, што мы як мост паміж захадам і ўсходам найбольш страцілі свае каштоўнасьці, чым усе народы Эўропы. Ёсьць падлікі: у нас засталося толькі два працэнты зробленага на беларускай зямлі. Хто толькі тут не нажыўся цягам стагодзьдзяў, і куды толькі не вывозілі нарабаванае…”

Адам Мальдзіс: “Айвазоўскага з Шышкіным трэба мяняць на беларускія каштоўнасьці”

Алег Трусаў удакладняе: гэта й Польшча, і Літва з Латвіяй, і Ўкраіна. Аднак паводле дадзеных грамадзкай камісіі “Вяртаньне”, найбольш зь Беларусі ў розныя часы вывезьлі расейцы. У тым ліку толькі ад 1964 да 1991 году ў Маскву адправілі 2 088 залатых манэт і вырабаў.
Якія менавіта беларускія гісторыка-культурныя каштоўнасьці знаходзяцца ў краінах-суседках? Калі і як яны туды трапілі? Ці ёсьць паставы для вяртаньня нацыянальнай спадчыны на радзіму?

Вялікая колькасьць беларускіх гісторыка-культурных помнікаў знаходзіцца ў музэях, бібліятэках і архівах Масквы, Санкт-Пецярбургу, іншых гарадоў Расеі. Пачалі гэтую справу войскі Івана Жахлівага і Аляксея Міхайлавіча. Канфіскавалася маёмасьць польскай і беларускай шляхты, якая ўдзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым руху. Шмат каштоўнасьцяў вывозіла і сама беларуская шляхта, сасланая ў Сібір.

Мікалай І загадаў перадаць у Эрмітаж творы мастацтва, кнігі і рукапісы з палацу Сапегаў пасьля паўстаньня 1831-1832 гадоў. Сярод маскоўскіх сховішчаў найбольш беларускіх каштоўнасьцяў мае Дзяржаўны гістарычны музэй: у яго фондах (пераважна ў запасьніках) знаходзяцца калекцыя слуцкіх, нясьвіскіх і гарадзенскіх паясоў.

Пасьля рэвалюцыі, згодна з Рыскай мірнай дамовай, бальшавіцкі ўрад шмат каштоўнасьцяў перадаў Польшчы.

За чатыры гады апошняй вайны ў Беларусі было зьнішчана дзесяць музэяў. З Магілёўскага ў чэрвені 1941-га зьнік славуты крыж сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Вялізарныя страты панесьлі менская карцінная галерэя і Гістарычны музэй БССР.

Частка беларускіх каштоўнасьцяў пасьля вайны была вернутая зь Нямеччыны не ў Беларусь, а ў Расію.

Вываз каштоўнасьцяў працягваўся і ў першыя пасьляваенныя гады, асабліва ў сувязі з рэпатрыяцыяй зь Беларусі польскага насельніцтва. Найвялікшай стратай зьявілася рэпрэсіўнае расфармаваньне Віленскага беларускага музэя, які амаль без стратаў перанёс акупацыю, але ў першы ж пасьляваенны год не ўстаяў перад сталінскім таталітарызмам і невуцтвам.

Здавалася б, пры такіх велізарных стратах нацыянальных каштоўнасьцяў на іх выяўленьне трэба было б кінуць значныя навукова-пошукавыя сілы, дзяржаўныя сродкі. Але гэтага не адбылося. У Беларусі ёсьць толькі грамадзкая камісія “Вяртаньне” Беларускага фонду культуры, якую ўзначальвае прафэсар Адам Мальдзіс:

“У іншых краінах ёсьць дзяржаўная структура – Камітэт па рэстытуцыі або спэцыяльны дэпартамэнт міністэрства, як ва Ўкраіне. А ў нас толькі грамадзкая камісія “Вяртаньне”. А грамадзкая што можа? Нічога ня можа, толькі дасьледаваць, і тое, за якія грошы дасьледаваць?”

Прафэсар Мальдзіс робіць тытанічную працу: ужо склаў пералік беларускіх каштоўнасьцей, якія знаходзяцца ў Расеі, Польшчы і Ўкраіне. Днямі бярэцца за Літву, потым за Нямеччыну, ЗША.

Тое, што патрэбна аўтарытэтная дзяржаўная структура, прызнае і намесьнік міністра культуры Віктар Кураш:

“Мы прапанавалі Савету Міністраў стварыць сумесную камісію па вяртаньні культурных каштоўнасьцяў, каб узначаліў яе віцэ-прэм’ер, куды увайшлі б навукоўцы, гісторыкі”.

Зараз у Менску выстаўленыя слуцкія паясы з маскоўскіх музэяў, і зноў вядзецца гаворка пра вяртаньне іх на радзіму. Але найбольш верагодны шлях вяртаньня каштоўнасьцяў – гэта абмен, кажа Адам Мальдзіс:

“Дык з Расеяй няма нават дамовы, заключанай паміж міністэрствамі культуры. Толькі з Польшчай была дамова, і зьбіралася наша супольная камісія. А з Расеяй, Украінай, Літвой няма ніякіх дамоўленасьцяў. Дык пра што можна гаварыць? Мы як малыя дзеці альбо самыя багатыя!

А па-другое, калі гэта не ваенныя вывазы, чаму яны павінны вяртаць? Скажам, Румянцаў вывез з Гомелю ў Санкт-Пецярбург, а потым у Маскву сваю бібліятэку і музэй. Дык ён сам вывез – гаспадар-уладар. Мы ж ня можам гаварыць: вярніце бібліятэку Румянцава! Людзі часьцяком не разумеюць, што такое рэстытуцыя. Рэстытуцыя – гэта вяртаньне вывезенага ў час вайны. Вось магілёўскія зборы, крыж Эўфрасіньні Полацкай і 20 тысяч іншых каштоўнасьцяў з магілёўскага музэя – гэта, безумоўна, ваенныя вывазы. Астатняе можна толькі мяняць. У нас ёсьць на што мяняць. На што ў свой час скупалі мы Айвазоўскага, Шышкіна? А цяпер гэта ляжыць у запасьніках. Нам гэта асабліва трэба? Лепей таго самага Шышкіна памяняць на слуцкія паясы, таму што кожны зь іх унікальны”.

Нават калі ёсьць дамоўленасьць пра вяртаньне на самым высокім узроўні, не заўсёды гэта адбываецца. Як у выпадку зь бібліятэкай Храптовіча, што ва Ўкраіне. А вось беларусы падаравалі ўкраінцам кнігі зь бібліятэкі Пятлюры, вывезенай немцамі з Парыжа.

Ня так даўно адбылося паседжаньне беларуска-польскай камісіі па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны. Польскі бок паабяцаў: калі будзе адкрывацца ансамбаль у Нясьвіжы, ён перадасьць Беларусі на дэпазыт партрэты Радзівілаў. Прафэсар Адам Мальдзіс перакананы:

“А як іначай, калі мы самі аддалі ім? Самі аддалі Беруту ў свой час па камандзе з Масквы. Што яны – вывезьлі ад нас? Палякі кажуць: “можа быць, мы выратавалі”. Дадуць на 100 гадоў у дэпазыт. А як ім быць, калі гэта ўласнасьць музэя? Для пачатку няхай дэпазыт будзе. На гэтым ня трэба зацыклівацца”.

Некаторыя экспанаты для Нясьвіскага замку будуць выкупацца, і для гэтага дзяржава выдаткоўвае сродкі, кажа намесьнік міністра культуры Віктар Кураш:

“Па Нясьвіскаму замку на гэты год заплянавана каля 78 мільёнаў. Мы лічым, што гэта малавата, шукаем сродкі, каб яшчэ мільёнаў 30 ім дадаць”.

Пакуль улады спрабуюць дамовіцца з дзяржавамі-суседкамі, некаторыя з вывезеных каштоўнасьцяў вяртаюцца ў Беларусь у якасьці дарункаў. Прыкладам, Марыя Сьвятаполк-Мірская – нашчадак апошніх уладароў замку ў Міры, перадала ў Беларусь архіў сваёй сям’і.

Камэнтуе Алег Трусаў:

У 1992 годзе ў Менску кіраўнікі краінаў СНД падпісалі пагадненьне аб вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў дзяржавам іх паходжаньня. Паводле закону спадчыннага валоданьня і без тэрмінаў даўніны.

Ельцын адмовіўся ад імпэрскага прынцыпу і падпісаў гэты дакумэнт. Аднак унутры Расеі пачалася шалёная рэакцыя мясцовай інтэлігенцыі. І ўзначаліў рух супраць вяртаньня славуты й паважаны акадэмік Дзьмітрый Ліхачоўю. Ягоны лёзунг быў просты: нельга ствараць прэтэндэнт, бо разьнясуць усю рускую культуру…

І ў 1997 годзе расейская Дзярждума прыняла новы закон аб рэстытуцыі, паводле якога ўсе культурныя каштоўнасьці, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі ёсьць ейная ўласнасьць і вяртаньню не падлягае.

Імпэрыялізм расейскі зрабіў такі дакумэнт, якога не было нават у брытанцаў і французаў
.

Вольга Іпатава: “Нашыя музэі папросту баяцца мець справу з архівамі эмігрантаў”

Дарэчы, шмат каштоўнасьцяў, зьвязаных зь Беларусьсю, маецца зараз у тых самых Вялікабрытаніі, Францыі, і яшчэ далей – у Злучаных Штатах, Канадзе, Аўстраліі. Дастаткова сказаць, што толькі да пачатку першай сусьветнай вайны зьехалі ў Амэрыку і Эўропу ад 500 да 800 тысяч беларусаў. Падчас наступнай – больш за 100 тысяч чалавек. Афіцыйная статыстыка сьведчыць: цяпер за межамі РБ у 25 краінах сьвету стала жывуць каля пяці мільёнаў этнічных беларусаў. Зразумела, што яны маюць важныя рукапісы, кнігі, дзёньнікі, малюнкі, дакумэнты. Але зараз эмігранты першых хваляў людзі сыходзяць у мінулае. Як захаваць іх спадчыну? Ці застанецца яна дзецям ды ўнукам, урэшце – самой Беларусі?

Нядаўна ў Канадзе памёр вядомы беларускі эмігранцкі пісьменьнік Кастусь Акула, пасьля якога застаўся вялікі архіў. Ірына Варабей з Таронта паведаміла: лёс архіву вырашаць тры чалавекі, пра што паклапаціўся нябожчык Кастусь. “Канешне, цяжка будзе знайсьці месца, але нешта вырашым”, – ўпэўнена спадарыня Ірына. Ц і маюць яны на ўвазе сярод іншых варыянтаў Беларусь?

“Не, неяк страшна туды што адпраўляць. Нават зьяўляюцца думкі, ці яно мяжу пяройдзе? Пяройдзе ці адразу забяруць пэўныя асобы”.

Паводле спадарыні Ірыны, у паваенныя часы ў Канадзе і ЗША ва многіх дасьледчых установах вывучалася гісторыя Беларусі і там назапашаныя цікавыя матэрыялы. Таксама шмат людзей захоўваюць унікальныя рэчы ў сваіх прыватных архівах, і пра іх будучыню трэба тэрмінова паклапаціцца.

“Нам патрэбна свая бібліятэка, свой цэнтар, куды б гэта можна было аддаваць. Зараз я крыху акрыляла ў гэтым сэнсе, калі даведалася, што ўтварыўся ў Канзас-сіці ( ЗША) адмысловы Інстытут беларусазнаўства. Яго ініцыяваў былы амбасадар ў Беларусі спадар Спэкхард. Зараз ім апякаюцца Івонка Сурвіла і яе дачка Паўлінка Сурвіла. Спадзяюся, туды можна будзе адпраўляць бібліятэкі, архівы – тое, што назапасілася за гэтыя гады”.

Пісьменьніца Вольга Іпатава не выключае: частку архіва Кастуся Акулы перададуць ў Лёндан, у славутыя бібліятэку і музэй, якія стварыў айцец Надсан. Пісьменьніца паведаміла, што прыватным шляхам некаторыя каштоўнасьці і дакумэнты з Захаду ужо паступова трапляюць у Беларусь. Але ці пачалі яны выконваць сваю гістарычную місію на Радзіме?

“Ня буду называць канкрэтна, бо за гэтым стаяць пэўныя людзі. Але я спрабавала частку архіва аднаго вядомага нашага эмігранта здаць ў музэй мясцовасьці, адкуль ён родам. Ведаеце, яны прымалі зь вялікім страхам. Можа ім забаронена, як бібліятэкам забаронена прымаць падазроныя кнігі?”

Страх – моцны інструмэнт, якім карыстаюцца тыя, хто вынішчае памяць. Але ці самы моцны? Нядаўна ў Навагрудку ў мясцовай школе адкрылі музэй Барыса Кіта, вядомага эмігранцкага дзеяча, які ў ЗША браў удзел у праграме засваеньня космасу. Краязнаўца Станіслаў Суднік, які прысутнічаў на ўрачыстасьцях, меў размову зь мясцовымі настаўнікамі. Стужка 4.

“Калі ўзьнікла пытаньне, ці не баіцеся вы адкрываць такі музэй, адказалі : “Баімся, але робім”.

Сярод самых багатых на беларускія каштоўнасьці краін кантынэнтальнай Эўропы былы дэпутат і амбасадар Пётар Садоўскі называе Нямеччыну. Ён пабываў ў Гамбургу ў гарадзкой бібліятэцы, дзе знайшоў шэраг датычных да Беларусі дакумэнтаў, вывезеных зь Вільні падчас першай сусьветнай вайны. Яшчэ адным адрасам беларускіх каштоўнасьцяў лічыцца Дрэздэн, дзе захоўваецца частка радзівілаўскага архіву.

А самым вядомым самаробным беларускім музэем Пётр Садоўскі называе музэй у невялікім горадзе Ляймане, які стварыў беларускі эмігрант Георгій Папко, цяпер, на жаль, памерлы. Гісторыя гэтага музэю таксама паказальная. Паводле спадара Садоўскага, у працоўнага эмігранта з Беларусі, які ў вызваленай ад нацыстаў Нямеччыне пачаў працаваць кладаўшчыком, пры канцы жыцьця было ў Ляймане ажно тры кватэры. Створаны ў адной зь іх музэй Георгій Папко завяшчаў перадаць вольнай Беларусі, а да таго дазволіў савету апекуноў здаваць кватэры у арэнду. Пётр Садоўскі распавёў:

“Паводле маіх падлікаў, за тую арэнду назапасілася ўжо 360 тысяч эўра. З гэтага можна было б фінансаваць і беларускія культурніцкія справы. Але паколькі наша амбасада абсалютна адмежавалася, бо Папко лічыцца нацыяналістам і гэтак далей, то немцы выкарыстоўваюць гэта на ўсякія імпрэзы, вельмі далёкія ад беларускіх нацыянальных спраў”.

Камэнтуе Алег Трусаў:

Наша паваенная эміграцыя назапасіла шмат духоўных і матэрыяльных каштоўнасьцяў, аднак зараз яна адыходзіць. І наша зараза задача зрабіць усё, каб іхнія архівы, іхнія ўспаміны, фотаздымкі ўнікальныя, некаторыя рэчы побыту засталіся, і калі не вярнуліся на Беларусь, то захаваліся б у тых краінах, дзе жывуць і паміраюць нашыя суайчыньнікі.

І першая ластаўка нядаўна пабачыла сьвятло ў Наваградку, дзе быў адкрыты музэй Барыса Кіта за ягоным жыцьцём.

Такія куткі ў школах, музэях трэба адкрываць штогод, каб нашыя эмігранты маглі нешта перадаць у спадчыну.


Алена Карпенка: “Забраць у расейцаў тую ж калекцыю Нямцэвічаў сёньня нерэальна”

Такім чынам, за межамі Беларусі на сёньня высілкамі грамадзкасьці выяўлена шмат якіх унікальных, а то й бясцэнных нацыянальных рэліквіяў. Але ж яшчэ больш важна, каб яны апынуліся ў музэях альбо архівах Бацькаўшчыны. Днямі, напрыклад, прадстаўнік Гарадзенскай мэрыі езьдзіў у Польшчу, каб выкупіць важную для гораду гістарычную гравюру. Аднак марна – не хапіла грошай. І ўнікальная выява Горадні 1568 году засталася ў палякаў. А ці ёсьць адваротныя прыклады, калі беларускія каштоўнасьці ўсё ж удаецца вярнуць на радзіму? Што гэтаму дапамагае і замінае?

У Нацыянальным мастацкім музэі праходзіць выстава: восем слуцкіх паясоў будуць экспанавацца да красавіка, а затым яны вернуцца ў Маскоўскі гістарычны музэй, бо зьяўляюцца яго ўласнасьцю. Што перададзена беларускаму музэю ў сталае карыстаньне, паведамляе загадчыца аддзелу старабеларускага мастацтва Алена Карпенка:

“Нам перадавалі некаторыя творы заходне-эўрапейскага мастацтва, расейскага мастацтва, але гэта, як дапамога. Не таму, што гэтыя рэчы некалі былі ў нас. Каб расейскія музэі нам нешта перадавалі зараз, такога няма. Нам нават беларуская амбасада ў Расеі давала такія сьпісы, да прыкладу, з калекцыі Нямцэвічаў, шляхецкай калекцыі партрэтаў. Некалькі гэтых партрэтаў у Яраслаўлі знаходзяцца, некалькі ў Смаленску. Але яны там, бо не музэям належалі, а з прыватных калекцыяў, з разбураных сядзібаў. Як мы можам на іх прэтэндаваць? Няма асаблівых падставаў. Яны, атрымоўваецца, былі выратаваныя”.

У Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі кажуць, што некаторыя музэйныя экспанаты вярталіся на радзіму таксама пераважна з Расеі. Гаворыць намесьніца дырэктара Ніна Калымага:

“Канечне, нешта мы атрымоўвалі ў 50-60-я гады з Масквы, і ня толькі з Масквы, але і зь іншых расейскіх гарадоў. Але рэч такая, што гэта, магчыма, ня з нашых даваенных музэяў. Магчыма, што тыя ж расейскія навукоўцы былі ў экспэдыцыях у Беларусі і зьбіралі нашыя каштоўнасьці. Да прыкладу, калекцыя Шчукіна ў дзяржаўным гістарычным музэі Масквы. Ён жа сабраў усе слуцкія паясы ў нас, у Беларусі, але ж усё гэта ён пакінуў маскоўскаму музэю. А яны нічога не вяртаюць, бо ў іх закон гэта забараняе”.

У Нацыянальнай бібліятэцы краіны паведамілі, што на сёньня гаворка можа ісьці толькі пра віртуальнае вяртаньне нацыянальнай спадчыны, паведаміла загадчыца аддзелу рэдкай кнігі Галіна Кірэева:

“Тое, што мы страцілі, мы пачалі страчваць, пачынаючы з 18 стагодзьдзя. Мы ж ня можам зараз гэтага патрабаваць, бо гэта калекцыянэры зьбіралі. Але з дапамогаю МЗС мы атрымалі з Архангельска копію Архангельскага Эвангельля Васіля Цяпінскага. Гэта кампакт-дыск Эвангельля, якое было надрукаванае Васілём Цяпінскім ў 70-я гады 16 стагодзьдзя. Іх усяго захавалася два асобнікі: адно ў Архангельску, а другое ў Санкт-Пецярбургу. І, канечне, для нас гэта вельмі вялікая рэдкасьць, і нашыя чытачы зараз могуць карыстацца гэтым”.

Электронныя копіі гістарычных дакумэнтаў мае таксама Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, паведаміў навуковы супрацоўнік музэя Уладзімер Дзянісаў:

“Копіі дакумэнтаў, мікрафільмы зараз нам, да прыкладу, перадаваў Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве. Гэта быў такі абмен з архіваў князёў Радзівілаў. Але гэта нельга назваць вяртаньнем, бо гэтая калекцыя яшчэ да вайны была там, у Варшаве. Такія абмены копіямі ў нас адбываюцца. А пра тое, каб нехта нейкі арыгінал вярнуў апошнім часам, пасьля 1990 году, то я проста ня памятаю такіх фактаў”.

Пра вяртаньне ў Беларусі страчанай матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны гаворыць супрацоўнік Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

“На сёньняшні дзень тэма вяртаньня вельмі не папулярная ва ўсім сьвеце. Бо ніхто нічога ня хоча вяртаць. Акрамя таго, трэба даказаць, што матэрыяльна-культурныя каштоўнасьці вывезеныя незаконна, а гэта зрабіць надзвычай складана, амаль немагчыма. Таму перадусім ідзе гаворка пра арганізацыю супольнай працы, зыходзячы зь міжнароднага заканадаўства і заканадаўства тых краін, зь якімі мы павінныя ў гэтай тэме супрацоўнічаць.. У якім выглядзе? Магчыма, што ў віртуальнай, калі гаворка ідзе пра дакумэнты. У прыватнасьці з палякамі такая праца вядзецца. Ну, а зь іншага боку, гэта арганізацыя нейкіх супольных выставаў, доўгатэрміновых дэпазытаў прадметаў, якія знаходзяцца ў нейкіх музэйных калекцыях. Да прыкладу, факт Слуцкіх паясоў сёньня. Так што гэтая праца розная, шматплянавая і ў кожным выпадку можа быць арганізаваная абсалютна па-рознаму”.

Камэнтуе Алег Трусаў:

Усё ж такі дзейнасьць нашай грамадзкасьці дала пэўны плён. Так. напрыклад. літоўскі ўрад перадаў каляровую ксэракопію факсыміле тураўскага Эвангельля 11-га стагодзьдзя. Украінскі прэзыдэнт Леанід Кучма вярнуў пяць абразоў. Нядаўна з дапамогай францускага ўраду мы атрымалі дакладныя копіі карцін Напалеона Орды і Валянціна Ваньковіча.

І патрабуюцца намаганьні, каб нашыя землякі з усяго сусьветнага абшару ведалі, што Беларусь чакае ад іх дапамогі. Асабліва тое тычыцца беларусаў Расеі.

Зараз там шмат нашых. Многія займаюць высокае становішча, маюць капітал… І каб наш урад працаваў зь імі, яны маглі б і ахвяраваць пэўныя грошы, як зрабіў адзін з прадпрымальнікаў дзеля музэя Барыса Кіта. Такую тэндэнцыю трэба працягваць.

Больш за тое: было б добра, каб наш урад браў прыклад з расейскага і ўдзельнічаў у міжнародных аўкцыёнах, купляў антыкварныя каштоўнасьці, якія належаць беларускаму народу.


Андрэй Пачобут: “Найчасьцей усё так складана, што не дапамагаюць і міжнародныя суды”

Досьвед тых самых міжнародных аўкцыёнаў, якія ўжо не аднойчы згадваўся ў нашай перадачы, сьведчыць: глябалізацыя актуалізавала праблему рэстытуцыі, абнавіла яе традыцыйны мэханізм. Як жа выглядае на практыцы замежны досьвед? Зь якімі праблемамі сутыкаюцца і як спрабуюць іх вырашаць нашы суседзі?

Найвядомы выпадак рэстытуцыі ў сэнсе вяртаньня нацыянальнай каштоўнасьці на радзіму – лёс нацыянальнай сьвятыні Вугоршчыны – кароны Іштвана І . Ён кіраваў краінай на мяжы 10 і 11 стагодзьдзяў. Карона вырабленая з золата і срэбра, дэкараваная эмалевымі пласьцінамі, аздобленая вялізнымі неапрацаванымі каштоўнымі камянямі.

У 1947 годзе дыктатар Фэрэнц Салашы, мяркуючы зьбегчы з краіны і забясьпечыць сабе забясьпечаную старасьць, вывез карону разам зь іншымі нацыянальнымі каштоўнасьцямі. Але аўтамабіль перахапілі амэрыканскія вайскоўцы. У 1965 годзе на патрабаваньне Вугоршчыны вярнуць каштоўнасьць паводле дамоваў аб рэстытуцыі, амэрыканскія ўлады адмовілі. Маўляў, адрозна ад іншых каралеўскіх каштоўнасьцяў, нарабаваных вэнгерскімі фашыстамі, карона Іштвана І не падпадае пад артыкул 30 дамовы аб рэстытуцыі, яна перададзена на бясьпечнае захаваньне уладам Злучаных Штатаў. Доўгія і складаныя перамовы далі вынік толькі ў лістападзе 1977 году – праз трыццаць гадоў карона Іштвана І вярнулася на радзіму.

Гэты выпадак – выключны ў сваёй пасьпяховасьці. Зазвычай сёньня перамовы аб нацыянальных каштоўнасьцях круцяцца вакол сумеснага карыстаньня каштоўнасьцямі, распавядае старшыня Дэпартамэнту па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Васіль Абрамскі:

“Справа ў тым, што даказаць вельмі складана, якім чынам аказалася каштоўнасьць па-за межамі краіны, дзе была першапачаткова. Справа тут ня ў тым, дзе яна была выраблена. А шлях перамяшчэньня – гэта вельмі складана і па-рознаму. Нехта вывез, нехта набыў тут і вывез – гэта адно. Вываз падчас ваенных дзеяньняў – іншы аспэкт. Так што кожны прадмет мае нейкую сваю радаслоўную”.

Але ў кантэксьце гістарычных абставін радаслоўная – не аргумэнт. Прыкладам, ужо колькі год безвынікова змагаюцца за сваю колішнюю нерухомасьць на тэрыторыі Польшчы грамадзяне Нямеччыны. Пра дыскусіі ў польскім грамадзтве на гэтую тэму распавядае журналіст “Газэты Выборчай” Андрэй Пачобут:

“Частка тэрыторыі сучаснай Польшчы да вайны была нямецкай. Рашэньне аб тым, што гэтыя тэрыторыі будуць належыць Польшчы, прымалі не палякі. Прымалася рашэньне ў Польшчы, калі была перасунутая мяжа. І гэты кантэкст гістарычны – вельмі далікатны. Справа ў тым, што ў Нямеччыне ёсьць арганізацыя “Саюз выгнаных”, які аб’ядноўвае людзей, якія былі выгнаны паводле Ялцінскага пагадненьня. У іх тут, зразумела, засталася маёмасьць, якую ў іх забралі... Яны зьвярталіся ў міжнародныя суды, каб вярнуць маёмасьць, якая калісьці ім належала. Але нічога не дабіліся. Захады яны робяць па-ранейшаму, але нямецкі ўрад іх патрабаваньні не падтрымлівае”.

Камэнтуе Алег Трусаў:

І ўсё ж сусьветны досьвед рэстытуцыі паказвае: не бывае немагчымага. Дзеля таго ўсе нашы дыпляматы павінны клапаціцца праблемамі рэстытуцыі. Яны мусяць даказваць, што вось гэтая рэч належыць ня толькі, напрыклад. польскай культурнай традыцыі, ня толькі рускай, але найперш – беларускай.

Ну, напрыклад, возьмем Марка Шагала. Мы ж зараз ня маем у сябе ягоных арыгінальных карцін! А калі возьмем падручнікі, там будзе напісана: «русский художник из города Витебска». Або зараз паўстала пытаньне з Хаймам Суціным…

Таму нам трэба раўняцца на ўсе цывілізаваныя народы: нарадзіўся гэты чалавек на нашай зямлі – няважна, якой ён крыві, нацыянальнасьці… Галоўнае ў іншым: ён ствараў культурную прастору для народу Беларусі!

Гэта і Адам Міцкевіч, і Алаіза Пашкевіч, і той самы Марк Шагал, і гэтак далей. Таму іхняя спадчына павінна на Беларусі прысутнічаць – нельга дзяліць яе па нацыянальнай прыкмеце.


Міхаіл Швыдкой: “Лёс крыжа Эўфрасіньні Полацкай невядомы, застаецца толькі здагадвацца. Але каб ён быў у расейскіх музэях, гэта дакладна было б вядома”.

Па зьвестках Міністэрства культуры, за межы Беларусі толькі падчас ІІ Усясьветнай вайны вывезена больш за 11 тысяч каштоўных музэйных экспанатаў. Сярод самых важкіх стратаў – Крыж Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, срэбны жэзал Сыгізмунда III, амаль тры дзясяткі каралеўскіх граматаў, паўсотні Слуцкіх паясоў, 170 твораў жывапісу ды іншыя рэліквіі.

Чаму ж прабуксоўвае мэханізм вяртаньня нацыянальных каштоўнасьцяў, якія колісь былі вывезеныя за межы Беларусі? Што замінае адказным дзяржаўным чыноўнікам пачаць дыялёг з зацікаўленымі прадстаўнікамі ў іншых дзяржавах?

Кіраўнік Дзяржаўнай групы ў вяртаньні нацыянальнай спадчыны – намесьнік міністра культуры Ўладзімер Грыдзюшка. На гэтым месцы ён замяніў віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Аляксандра Касінца, чыя палітычная вага, натуральна, магла мець большы плён у працэсе рэстытуцыі. Аднак улады вырашылі, што культурнымі пытаньнямі павінна займацца “культурнае” ведамства і перакінулі ўсе паўнамоцтвы на зьвяно, якое ў агульным ланцугу займае досыць сьціплае месца.

Яшчэ два гады таму Ўладзімер Грыдзюшка выказваў перакананьне: трэба стварыць каталёг страчаных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. У якасьці галоўнага аргумэнта – сёньня можна вызначыць месцазнаходжаньне шмат якіх экспанатаў за межамі Беларусі і, у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права, увесьці іх у навукова-культурны абарот. Цікаўлюся ў спадара Грыдзюшкі: як ідуць справы?

“Пакуль што малыя зрухі, шчыра кажучы. Каталёгу як такога яшчэ няма, камісія міжведамасная ствараецца. То бок, пакуль усё ў працэсе. Але ўвогуле гэта не такая простая справа. І сёньня больш ужо ідзе гаворка, каб сумесна выкарыстоўваць тую спадчыну, якая існуе ў тым ліку і за межамі нашай краіны. Канфэрэнцыя, якая ладзілася зь ініцыятывы ЮНЭСКА, менавіта ў такім накірунку і робіць высновы. Гэта тычыцца таксама выкарыстаньня таго, што затрымліваецца на мяжы. Дарэчы, апошні добры прыклад – па Слуцкіх паясах: пакуль што, як кажуць, – на “дэпазыт”, а потым ўжо будзе весьціся размова, каб абмяняць на нейкія раўназначныя экспанаты”.

Цяпер, як кажа Ўладзімер Грыдзюшка, пра нейкі плён у сумеснай працы адносна страчаных каштоўнасьцяў можна казаць на адрас Польшчы. З гэтай краінай дзейнічае дамова аб супрацоўніцтве ў галіне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Адпрацоўваецца пытаньне аб падпісаньні аналягічных пагадненьняў з Літвой і Ўкраінай. З Расеяй такога няма нават у плянах:

“Калі мы праводзілі ў Польшчы сумесную кансультатыўную беларуска-польскую камісію па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, зьвярталі ўвагу на тое, што там ёсьць вялікая калекцыя партрэтаў Радзівілаў, якія былі перададзеныя польскаму боку ў 1950-я гады нашым урадам. І прапанавалі ў далейшым сумесна іх выкарыстоўваць. Бо перадаць назад ніхто ж не перадасьць, а выкарыстоўваць сумесна гэтыя партрэты магчыма. Ці, у скрайнім выпадку, хоць бы электронныя копіі”.

Ня толькі за Буг у розны час сыходзілі беларускія каштоўнасьці. Ня меншымі караванамі вывозілася нарабаванае і экспрапрыяванае на Ўсход. На думку экспэртаў, галоўную нацыянальную сьвятыню беларусаў – крыж Эўфрасіньні Полацкай – трэба шукаць менавіта ў Расеі. Пакуль высьвятленьне яго месцазнаходжаньня ідзе на ўзроўні дыскусій. Бясспрэчна іншае: у Расеі сабраная найбольшая калекцыя Слуцкіх паясоў.

У часе свайго апошняга прыезду ў Менск у якасьці кіраўніка Фэдэральнага агенцтва па культуры Расейскай Фэдэрацыі Міхаіл Швыдкой адказваў на пытаньне Радыё Свабода пра магчымасьць вяртаньня беларускіх каштоўнасьцяў, вывезеных у Расею. У прыватнасьці: ці ёсьць верагоднасьць вяртаньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай і калекцыі Слуцкіх паясоў?

Спадар Швыдкой даў зразумець, што адносна крыжа інфармацыяй не валодае. А вось Слуцкія паясы, па яго словах, – абсалютна законнае дарэвалюцыйнае набыцьцё Сяргея Міхайлавіча Трацякова. Чыноўнік падкрэсьліў, што гэта якраз дазволіла захаваць вялікую калекцыю Слуцкіх паясоў. Дарэчы, паясы, пра што раней згадваў і Ўладзімер Грыдзюшка, у гэтыя дні выстаўляюцца ў Менску. Супраць такога “арэнднага” спосабу, словамі Міхаіла Швыдкога, расейскі бок нічога ня мае:

“Тым больш, мы па сутнасьці жывём у адзінай мытнай прасторы, што аўтаматычна спрашчае некаторыя працэдуры. Ну, і ў рамках нашых стасункаў, асаблівых адносінаў у галіне культуры, я думаю, можна зрабіць усё, каб беларуская публіка на пастаяннай аснове магла знаёміцца з тымі рэліквіямі, якія важныя для нацыянальнай гісторыі краіны. Адносна ж крыжа Эўфрасіньні Полацкай дадаць у мяне няма чаго – лёс яго невядомы, застаецца толькі здагадвацца. Але каб ён быў у расейскіх музэях, гэта дакладна было б вядома”.

У зьвязку з рэструктурызацыяй ураду прэм'ер-міністра Ўладзімера Пуціна Фэдэральнае агенцтва па культуры было скасаванае, а Швыдкой па дасягненьні пэнсійнага ўзросту выпраўлены ў адстаўку. Дамаўляцца наконт “арэнды”, падобна, давядзецца зь іншымі прадстаўнікамі расейскай улады.

У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі летась пачала працаваць выстава “На варце культурнай спадчыны”. Экспазыцыя, як ніводная ў краіне, пастаянна аднаўляецца – перадусім дзякуючы пільнасьці беларускіх мытнікаў. Бальшыня выстаўленых экспанатаў – канфіскаваныя ў кантрабандыстаў рускія праваслаўныя іконы XVIII-XІX стагодзьдзяў. Менавіта яны, як лічаць адмыслоўцы, у будучым могуць стаць галоўнымі аргумэнтамі ў гандлі за беларускія рэліквіі, вывезеныя колісь у Расею.

Камэнтуе Алег Трусаў:

Дарэчы, Курапаты – гэтак таксама элемэнт рэстытуцыі нашых каштоўнасьцяў, якія хацелі зьнішчыць бальшавікі. То бок яны сьведчаць пра вяртаньне гістарычнай памяці. Народная памяць унесла Курапаты ў свой пантэон.

І так трэба адносіцца да кожнай каштоўнасьці: адбудоўваем Мірскі замак – трэба вяртаць ў яго рэчы, якія там былі, адбудоўваем Нясьвіж – трэба ставіць пытаньне перад польскім урадам, каб калекцыя Радзівілаўская хаця б на год прыехала туды, як слуцкія паясы ў Менск.

Будзем рабіць новыя падручнікі па гісторыі, там павінны быць у якасьці ілюстрацыі нашыя каштоўнасьці. У тым ліку і страчаныя.

Калі мы вернем страчанае спачатку ў сваю душу, то раней ці пазьней яны і рэальна вернуцца.

Я не сумняваюся, што крыж Эўфрасіньні Полацкай чакае свайго вяртаньня на Беларусь
.


Як вядома, у сераду будзе адзначацца гадавіна з дня нараджэньня Васіля Быкава, а ў нядзелю – чарговыя ўгодкі ягонай сьмерці. Таму чарговы грамадзкі рэдактар Рыгор Барадулін даручыў журналістам Радыё Свабода падрыхтаваць перадачу, тэму якой сфармуляваў такім чынам: “Быкаў і сьвет”
















XS
SM
MD
LG