Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Генрык Літвін: “Польшча — Беларусь: прагматычны дыялёг”


Генрык Літвін

Генрык Літвін

Aмбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Генрык Літвін сёньня даў “Свабодзе” інтэрвію, прысьвечанае праблемам польска-беларускіх адносін.

Каліноўскі: “Спадар амбасадар, як вы ў цэлым можаце ахарактарызаваць стан адносін Беларусі і Польшчы ў палітычнай, эканамічнай і гуманітарнай галінах?”

Літвін: “Гэта сытуацыя, якую можна акрэсьліць як прагматычны дыялёг. Застаюцца пэўныя праблемы, якія абмяжоўваюць магчымасьць вельмі актыўных кантактаў на ўсіх узроўнях. Гэта праблемы, зьвязаныя як са стасункамі Эўразьвязу зь Беларусьсю, так і з двухбаковымі адносінамі. Нам яшчэ не ўдалося вырашыць усе гэтыя праблемы, але адначасова ў абодвух бакоў, як я мяркую, існуе ўсьведамленьне, што як суседзі мы маем пэўны абавязак перад грамадзтвамі, перад будучыняй. І ёсьць пытаньні, у адносінах да якіх мы павінны праводзіць разважлівы дыялёг. Гэта ўсё, што датычыць эканомікі, экалёгіі, супольнай мяжы. Гэта рэчы, якія нельга занядбаць, і ніякі ўзровень палітычных складанасьцяў не апраўдае адсутнасьці дзеяньняў.

Абодва бакі разумеюць, што, памятаючы аб праблемах, трэба дзейнічаць у канкрэтных справах. Адбыліся сустрэчы кіраўнікоў мытных і памежных службаў, міжурадавай эканамічнай камісіі, міністэрстваў культуры, камісіі ў справе аховы культурнай спадчыны. Нарэшце адбыліся кансультацыі на розных узроўнях паміж прадстаўнікамі нашых МЗС. І гэта адбывалася цягам некалькіх апошніх месяцаў. З гэтага пункту гледжаньня мы можам казаць пра актывізацыю дыялёгу, бо перад гэтым цягам амаль году такіх сустрэч не было”.

Каліноўскі: “І ў якой галіне вы заўважаеце большы прагрэс?”

Літвін: “Ёсьць прагрэс у супрацоўніцтве памежных службаў. Вырашылі шэраг справаў у часе пасяджэньня эканамічнай камісіі, праводзім дыялёг у справе Аўгустоўскага каналу, Белавескай пушчы, розных культурных праектаў. У многіх практычных справах мы можам дасягаць прагрэсу, але без вырашэньня асноўных праблем гэта ня можа адбывацца бясконца”.

Каліноўскі: “Ці можна казаць, што канфлікт вакол Саюзу палякаў цяпер вычарпаны?”

Літвін: “Не, гэтая справа не знайшла свайго ўрэгуляваньня. І мы надалей маем справу з сытуацыяй, калі, з аднаго боку, існуе Саюз палякаў Беларусі, які падтрымліваюць улады, а з другога — існуе Саюз палякаў, кіраўніцтва якога прызнаецца польскім бокам як адзінае абранае паводле Статута. Але, зь іншага боку, яго не прызнаюць беларускія ўлады. Гэтую сытуацыю нельга назваць карыснай для культурнага і асьветніцкага разьвіцьця польскай меншасьці ў Беларусі. Менавіта апошняе нас найбольш хвалюе”.

Каліноўскі: “Ці мае кантакты з польскімі ўрадавымі коламі кіраўніцтва Саюзу палякаў, ляяльнае беларускаму кіраўніцтву?”

Літвін: “Не, прынятае рашэньне афіцыйных кантактаў паміж прадстаўнікамі польскіх урадавых і дзяржаўных структур і прадстаўнікамі гэтай арганізацыі не падтрымліваць”.

Каліноўскі: “Падтрымка польскімі ўладамі Анжалікі Борыс і іншых кіраўнікоў не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў нядаўна выклікала ў паказаным па БТ прапагандысцкім фільме “Сетка” абвінавачаньні на адрас Польшчы ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі і нават у падрыхтоўцы разам з амэрыканцамі перавароту. Як вы адрэагавалі на гэтыя абвінавачаньні?”

Літвін: “Якая будзе афіцыйная рэакцыя, мы яшчэ пабачым. Гэта сэрыял, героі якога — ня толькі палякі, але і шэраг краін Эўразьвязу. Таму мы яшчэ павінны паміж сабой пракансультавацца, якім чынам адрэагаваць на гэта. З досьведу мы ведаем, што хаця тэлебачаньне, якое паказвае фільм, зьяўляецца дзяржаўным, у выпадку нашых пратэстаў звычайна адказваюць, што гэта погляд аўтараў фільму, што СМІ тут вольныя і аўтары працуюць згодна са сваімі перакананьнямі... Магу заявіць, што няма ніякіх прычынаў і падставаў рабіць закіды на адрас Польшчы наконт агрэсіўных паводзін у адносінах да суседзяў цягам апошніх 18—19 гадоў. Няма і найменшай падставы. Польскія палітыкі не зрабілі ніводнага руху, які б сьведчыў пра такую небясьпеку, з боку любой палітычнай сілы. Гэта стопрацэнтна беспадстаўныя закіды”.

Каліноўскі: “Пярэчаньні зь беларускага боку выклікала ўвядзеньне “Карты паляка” для беларускіх грамадзянаў польскага паходжаньня. Нейкі час ад пачатку гэтай справы ўжо прайшоў. Скажыце, на якія маштабы вы разьлічваеце?”

Літвін: “Падводзіць вынікі яшчэ заўчасна. Працэдура атрыманьня “Карты паляка” вельмі складаная, трэба сабраць дакумэнты, разы два сустрэцца з консулам... Пакуль мы яшчэ ня маем уяўленьня пра маштабы гэтай зьявы. Калі прымаўся гэты закон пра “Карту паляка”, з нашага боку не было ніякіх чаканьняў наконт колькасьці. Былі толькі спэкуляцыі прэсы. Хто захоча — зьвернецца па гэтую карту, і калі здолее завяршыць працэдуру, то атрымае яе. Колькі будзе такіх асоб — залежыць ад іх уласнай волі. Няма пэўнасьці, што кожны, хто адчувае сябе палякам, захоча атрымаць гэтую карту, як няма пэўнасьці, што кожны, хто захоча мець карту, адчувае сябе палякам. Гэта форма маральнай кампэнсацыі, якую палякі ў Айчыне прапанавалі палякам за мяжой, суродзічам, якія доўгі час заставаліся бяз нашай падтрымкі. Усё, што зьвязана з “Картай”, рэалізуецца выключна на тэрыторыі Польшчы, за яе межамі яна ня мае ніякага значэньня. Ні для кога”.

Каліноўскі: “Тым ня меней некаторыя беларускія дзеячы лічаць, што “Карта” мае значэньне і тут. Нядаўна філёзаф Валянцін Акудовіч заявіў, што ён бачыць у “Карце паляка” “пагрозу для фармаваньня беларускай ідэнтычнасьці”: “Бо праз “Карту паляка” гэтыя людзі ўжо ня ўмоўна, а цалкам рэальна будуць зьвязваць сябе з Польшчай і тым самым аддаляцца ад Беларусі”. Можаце паспрачацца зь ім?”

Літвін: “Так. Тыя людзі, якія зьвяртаюцца па “Карту паляка” — гэта людзі, якія й бяз гэтай карты лічылі сябе палякамі. І гэта зусім не перашкаджала жыць у Беларусі, адчуваць сябе зьвязанымі зь Беларусьсю, са сваімі суседзямі, шмат хто зь іх мае зьмяшаныя польска-беларускія, каталіцка-праваслаўныя сем’і. І надалей гэта ім ня будзе перашкаджаць быць зьвязанымі зь Беларусьсю. Магчымасьць выезду ў Польшчу на сталае жыхарства існуе больш за 10 гадоў. Палякі, якія хацелі, мелі магчымасьць пераехаць. Такія людзі яшчэ могуць зьявіцца ў сувязі з тым, што ўвогуле робіцца цяпер у сьвеце: многія людзі выяжджаюць на лепшую працу за мяжу. У Польшчы цяпер нескладана атрымаць дазвол на працу для іншаземцаў. І бяз “Карты паляка”.

Таму мяркую, што такой пагрозы няма. Калі б нейкія людзі адчувалі сябе зьвязанымі выключна з Польшчай, то стараліся б дамагчыся ня “Карты паляка”, а рэпатрыяцыі. Што дагэтуль магчыма”.

Каліноўскі: “Польскі ўрад фінансуе некалькі мэдыя-праектаў, скіраваных на беларускую аўдыторыю: тэлеканал “БелСат”, Радыё Рацыя. Нядаўна некаторыя беларускія апазыцыйныя палітыкі заявілі пра неэфэктыўнасьць іх працы. А як урад Польшчы ацэньвае працу гэтых СМІ?”

Літвін: “Тут трэба, можа, колькі слоў сказаць пра тое, як функцыянуюць падобныя ініцыятывы такога тыпу ў Польшчы. Афіцыйныя польскія ўлады выказваюцца на тэму гэтых ініцыятываў шляхам датацыі альбо адмовы ў датацыі сродкаў на іх рэалізацыю. Гэта ініцыятывы грамадзкія альбо прыватныя, якія ў рамках існуючых працэдур заяўляюць ураду свае праекты з просьбай аб фінансаваньні. І такое рашэньне ўхваляецца альбо не. Пры пазытыўным рашэньні структура атрымлівае фінансаваньне на год. Наступны раз улады могуць выказаць сваё стаўленьне да гэтых ініцыятываў, калі прыйдзе праект выдаткаў на наступны год. І ўсё. Бягучага ўплыву няма. Відавочна, што ўлады прыслухоўваюцца да таго, якія камэнтары гучаць наконт гэтых мэдыя-праектаў, бяруць гэта пад увагу. Але непасрэднага ўплыву няма. Кіраўніцтва гэтых СМІ зьяўляецца незалежным у правядзеньні сваёй палітыкі”.

Каліноўскі: “Сотні беларускіх студэнтаў, выключаных з ВНУ Беларусі з палітычных матываў, маюць магчымасьць вучыцца ў Польшчы па Праграме польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага. Ці будзе працягнутая гэтая праграма сёлета, і ў чым яе асаблівасьці на гэты год?”

Літвін: “Гэта дакладна так сама, як з мэдыя-праектамі. Вядома, што сёлета будзе працяг гэтай праграмы, а што будзе далей, мы зможам дакладна сказаць, калі будзе ўхваленае рашэньне адносна бюджэту на наступныя гады. Сёлета арганізатары праграмы атрымалі пацьверджаньне аб працягу фінансаваньня, і неўзабаве будзе набор. Шмат залежыць ад таго, колькі людзей зьвернуцца з просьбай уключыць іх у праграму. Ведаю, што ёсьць каля 80 месцаў на гэты год. Пабачым, якая будзе зацікаўленасьць. Шмат хто мяне пераконваў, што адным з эфэктаў Праграмы Каліноўскага сталася зьмяншэньне колькасьці асоб, якіх з палітычных матываў выключаюць з ВНУ”.

Каліноўскі: “Як зьмянілася праца амбасады Польшчы ў Менску і польскіх консульстваў у іншых гарадах пасьля далучэньня Польшчы да шэнгенскага пагадненьня?”

Літвін: “Праца зьмянілася так, што палова тэлефанаваньняў цяпер — гэта просьбы дапамагчы з атрыманьнем візы. Але гэта хутчэй жарт, чым адказ на пытаньне... Зьмены істотныя. Вельмі павялічыўся аб’ём асабістай працы консулаў над кожнай візай. Працэдура дакладна прапісаная. Раней консул мог часам сам прымаць рашэньне. Цяпер ужо не. Цяпер мы маем меней перасячэньняў мяжы, чым летась, колькасьць візавых заяваў зьменшылася. Але мы многім змаглі патлумачыць, што можна ў нас атрымаць ня толькі шэнгенскую візу, але і нацыянальную польскую, больш танную — гадавая шматразовая віза каштуе 35 эўра. Такая самая беларуская віза каштуе 100 эўра”.

Каліноўскі: “ Скажыце, спадар амабсадар, ці чыталі вы “Белорусскую военную газету” з рэцэнзіяй на фільм Анджэя Вайды “Катынь”?

Літвін: “Так, чытаў, вядома”.

Каліноўскі: “Якая вашая рэакцыя?”

Літвін: “На тэму самога фільму з рэдакцыяй ці аўтарам дыскутаваць ня будзем. Калі яму не падабаецца, то гэта ягоная справа. Калі ж казаць пра стаўленьне да гістарычных фактаў, то палеміка абавязковая, бо стан ведаў аўтара на гэтую тэму не мяняўся недзе з канца 60-х гадоў. Быў пратэст амбасады ў структуры, якія кіруюць гэтай рэдакцыяй. І мы дамагліся, што будзе апублікаваны наш адказ на гэты артыкул у гэтай самай газэце”.

Каліноўскі: “А калі ў Менску адбудзецца прэм’ера фільма А. Вайды “Катынь”?”

Літвін: “Мы стараемся гэта арганізаваць, пачалі падрыхтоўку. Гэта даволі складана, бо мы хочам, каб гэта была афіцыйная прэзэнтацыя фільму, мы хацелі б, каб былі беларускія субтытры. Было б ідэальна, каб на такім паказе прысутнічалі аўтары фільму. Мы будзем старацца, каб не адзін, а некалькі такіх паказаў фільму “Катынь” у Беларусі адбылося гэтай восеньню”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG