Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец М.Костышаў дамогся перагляду справы


Расейскі грамадзянін Мікалай Костышаў, прызнаны Аршанскім судом вінаватым у разбоі, бандытызьме, крадзяжы і падробцы дакумэнтаў і асуджаны да 12 гадоў пазбаўленьня волі, дамогся адмены прысуду і перагляду справы. Асноўнай падставай для перагляду з боку адваката і яе падабароннага было тое, што асуджанага на судовым паседжаньні не было. Перагляд справы мяркуюць пачаць напрыканцы чэрвеня.


Галоўная акалічнасьць, на падставе якой Мікалай Костышаў і ягоная адвакатка Вольга Баранчык дамагаліся перагляду справы — адсутнасьць асуджанага на судовым паседжаньні і ягоная неінфармаванасьць пра тое, што адносна яго распачалася крымінальная справа. Абвінавачаньні грунтаваліся на пісьмовых сьведчаньнях грамадзяніна, які ўжо даўно прызнаў, што абылгаў Костышава. Каб дамагчыся перагляду справы, Костышаў трымаў тры працяглыя галадоўкі, кожная — больш за месяц. Распавядае жонка Мікалая Кацярына:

Костышава: “Сказваецца на ім галадоўка. Была дэпрэсія. Я ад яго лістоў не атрымлівала амаль 2 месяцы”.

Але, атрымаўшы паведамленьне пра адмену прысуду, Мікалай адразу напісаў сваякам і жонцы.

Костышава: “Я дазналася зь ліста Колі. 31 траўня я ліст атрымала, дзе ён паведаміў, што Віцебская калегія судзьдзяў адмяніла прысуд і будзе перагляд справы”.

Карэспандэнтка: “На што спадзеяцеся — і вы, і ён”?

Костышава: “На тое, што будзе перагледжаны прысуд. На тое, што справа будзе адменена ў адпаведным закону парадку”.

Адвакатка Мікалая Костышава Вольга Баранчык абскарджвала прысуд, дайшоўшы да Вярхоўнага суду Беларусі. Вынікаў не было — маўляў, справа разгледжаная паводле літары закону. Меркавала патрапіць на прыём да старшыні Вярхоўнага суду ў лютым. Але сустрэчы не атрымалася. Пра адмену прысуду, за якую змагалася, дазналася ад сваякоў Мікалая, афіцыйна ёй гэтага не паведамілі:

Баранчык: “Я ня ведала ні падстаў, нічога. Першы намесьнік старшыні суду Калінковіч адмовіў мне ў задавальненьні скаргі. Але пратэст быў прынесены самім старшынём. У мяне няма паперы, якая б тлумачыла, што гэта былі за падставы, паводле якіх быў прынесены пратэст, я ня ведаю, на што суду раілі зьвярнуць увагу пры пераглядзе справы”.

Але, на думку адвакаткі, падставы былі відавочныя — тыя самыя, якія яна згадвала ў кожнай сваёй скарзе.

Баранчык: “Тое, што ён быў абвінавачаны завочна, мы ўжо высьветлілі. Але, апроч таго, ён ня меў магчымасьці аспрэчваць тое, што казалі тыя, хто яго абвінавачваў — гэта парушэньне наўпрост”.

Аргкамітэт для стварэньня Беларускага камітэту ў абарону правоў вязьняў “Над бар’ерам” распаўсюдзіў зварот да праваабаронцаў і журналістаў з заклікам прысутнічаць на пераглядзе справы ў аршанскім судзе, які адбудзецца напрыканцы чэрвеня. Адзін зь сябраў аргкамітэту Цімафей Дранчук лічыць, што перамогу справядлівасьці сьвяткаваць рана:

“Публічнасьць — гэта галоўнае ва ўсіх справах, дзе парушаюцца правы, а асабліва — правы зьняволеных. Дзякуючы таму, што Костышаў галадаваў тры разы, а СМІ распаўсюджвалі інфармацыю пра гэта, судзьдзі былі вымушаныя прыняць рашэньне пра адмену прысуду. І таму “Над бар’ерам” зьвяртаецца да журналістаў і праваабаронцаў з заклікам прысутнічаць пры пераглядзе справы, каб гэты незаконны прысуд не паўтарыўся — папросту намінальна ў прысутнасьці асуджанага”.

Мікалай Костышаў з 22 студзеня 2006 году знаходзіцца ў выпраўляльнай калёніі № 1 г. Менску. Прысуд Костышаву быў вынесены завочна судом Аршанскага раёну г. Оршы. Суд матываваў разгляд крымінальнай справы без прысутнасьці абвінавачанага тым, што апошні хаваецца ад суду. Тым часам Костышаў знаходзіўся ў Беларусі, жыў па месцы прапіскі, карыстаўся мабільнай сувязьзю. На этапе сьледзтва зьяўляўся на першае запатрабаваньне сьледчага. Быў затрыманы праз паўгода пасьля вынясеньня прысуду.

XS
SM
MD
LG