Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала не прымаць новы закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, які можа абмежаваць правы журналістаў на атрыманьне і перадачу інфармацыі, а таксама ўсталёўвае кантроль чыноўнікаў над інтэрнэтам. Наколькі гэты праект можа пагоршыць сытуацыю са свабодай прэсы? Чаму гэтак раптоўна ўладам спатрэбілася прыняць гэты закон? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі


Цыганкоў: “Што можна сказаць пра падрыхтаваныя зьмены ў закон? Ці яны дастаткова касмэтычныя ці істотна пагаршаюць сытуацыю са свабодай прэсы ў Беларусі?”

Класкоўскі: “Прадстаўнікі ўлады спрабавалі запэўніць, што зьмены не канцэптуальныя, тэхнічныя, маўляў, з 1995 году састарэлі некаторыя паняткі, “трэба ўдакладніць тэрміналёгію”. Але насамрэч знаёмства з тэкстам паказвае, што там ёсьць прынцыповыя навацыі.

Па-першае, прадугледжваецца рэглямэнтацыі Інтэрнэту, будзе рэгістрацыя сайтаў, прычым канкрэтны парадак “спыненьня анархіі ў Сеціве” (як кажуць наверсе) аддаецца на водкуп Савету Міністраў. То бок выканаўчая ўлада атрымлівае карт-блянш.

Што да іншых зьменаў, то “д’ябал тоіцца ў дэталях”. Болей жорсткімі становяцца патрабаваньні да акрэдытацыі, да адказнасьці выдаўцоў, крыніцаў фінансаваньня – карацей, ствараецца больш складаны кантэкст для працы незалежных мэдыяў”.

Цыганкоў: “Мне таксама кінулася ў вочы больш жорсткае палажэньне пра акрэдытацыю замежных журналістаў. Відавочна, чуюцца адгалоскі нядаўніх падзеяў, калі прыходзілі з ператрусамі ў офісы журналістаў, што супрацоўнічаюць з замежнымі мэдыямі”.

Класкоўскі: “Улада, безумоўна, робіць пэўныя высновы – ёй непатрэбная лішняя міжнародная ўвага. Цяпер падвозіцца база ля легітымацыі такога націску. Бо ня трэба будзе рабіць ператрусы, а можна будзе проста сказаць – “вы не апавядаеце закону, у вас няма акрэдытацыі, і мы супраць вас ужываем законна нейкія захады”

Цыганкоў: “Чаму гэтак дастаткова раптоўна ўладам спатрэбілася прыняць гэты закон? Як улады будуць тлумачыць чарговы наступ на свабоду прэсы перад беларускай, ну і найперш перад сусьветнай грамадзкасьцю?”

Класкоўскі: “У іх відавочна нарастала раздражненьне “анархіяй у Сеціве”. Улада сьпяшаецца, пакуль стары парлямэнт, прыняць гэты закон, бо наперадзе выбары – парлямэнцкія, а потым і прэзыдэнцкія – і лепей трымаць інфармацыйную сфэру ў кулаку.

Што тычыцца міжнароднай рэакцыі, то, натуральна, калі закон будзе прыняты ў драконаўскім варыянце, то будзе ўзьнята ўся міжнародная грамадзкасьць. Але для ўлады цяпер найважнейшы прынцып: “імідж – нішто, захаваньне ўлады – усё”.

Разам з тым, сёньня стасункі з Захадам – вельмі важная праблема, і магчыма, узважыўшы усё, улада падумае яшчэ раз. Бо найлепшым выйсьцем было б не гнаць коней, а даць у Раду Эўропы на экспэртызу, -- і гэта быў бы добры крок, які дапамог бы наладзіць нейкія стасункі з Эўропай. Паглядзім, якія меркаваньні пераважаць”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG