Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На лаве Гааскага трыбуналу засталіся тры вольныя месцы


Стоян Жуплянін

Стоян Жуплянін

Учора ў прадмесьці Бялграду быў арыштаваны Стоян Жуплянін, які абвінавачваецца ў ваенных злачынствах падчас басьнійскай вайны. На працягу 72 гадзінаў ён будзе дастаўлены ў Гаагу, у трыбунал ААН.

У першай палове 90-х гадоў Стоян Жуплянін быў шэфам спэцслужбаў Рэспублікі Сэрбскай у Босьніі. Міжнародны трыбунал ААН у справах былой Югаславіі абвінавачвае яго ў злачынствах супраць харватаў і мусульманаў у раёне гораду Баня-Лука ў 1992-1995 гадах. Абвінавачаньне ўтрымлівае 12 эпізодаў, у тым ліку катаваньні і забойствы падчас этнічных чыстак, якія праводзілі сэрбскія сілы ў Босьніі.

Арышт Жупляніна быў адной з умоваў працягу працэсу інтэграцыі Сэрбіі ў Эўразьвяз.

Усяго Гааскі трыбунал у справах былой Югаславіі выставіў абвінавачаньні ў ваенных злачынствах 161 асобе, 55 чалавек былі прызнаныя вінаватымі і асуджаныя, 9 – апраўданыя, 36 справаў былі спыненыя з розных прычынаў, у тым ліку і з прычыны сьмерці падсудных.

Адносіны трыбуналу з краінамі былой Югаславіі разьвіваліся надзвычай складана. Сэрбія пачала супрацоўнічаць з трыбуналам толькі пасьля адхіленьня ад улады ў 2000 годзе Слобадана Мілошавіча. У чэрвені 2001 году пад ціскам прэм'ер-міністра Зорана Джынджыча быў арыштаваны і выдадзены ў Гаагу былы прэзыдэнт Югаславіі Мілошавіч. Кіраўніцтва трыбуналу неаднаразова абвінавачвала Бялград у недастатковым супрацоўніцтве, ЗША і краіны Эўразьвязу ставілі ўмовай эканамічнай дапамогі і эўраінтэграцыі выдачу ваенных злачынцаў у Гаагу.

У 2005 годзе Эўразьвяз прыпыніў перамовы з Харватыяй аб яе ўступленьні ў Эўразьвяз, пакуль у трыбунал ня будзе перададзены генэрал Антэ Гатовіна, якога многія ў Харватыі лічылі героем і змагаром за нацыянальную незалежнасьць, а трыбунал – ваенным злачынцам. Напрыканцы 2005 года генэрал Гатовіна быў арыштаваны і адпраўлены ў Гаагу.

Стоян Жуплянін быў адным з чатырох асобаў, якіх апошнім часам трыбунал хацеў бачыць у сябе найбольш моцна. Трое іншых пакуль застаюцца на волі: гэта Радаван Караджыч – былы лідэр Рэспублікі Сэрбскай у Босніі, ідэоляг і арганізатар вайны 1992-1995 гадоў, генэрал Ратка Младзіч – былы кіраўнік вайсковымі злучэньнямі баснійскіх сэрбаў, адно з галоўных абвінавачаньняў супраць яго – разьня ў Срэбраніцы, дзе было забіта некалькі тысяч мусульманаў, і Горан Хаджыч – былы лідэр самаабвешчанай рэспублікі Сэрбская Краіна ў Харватыі.

Арышт Стояна Жупляніна – напамін пра тое, што за злачынствы, за забойствы і катаваньні людзей, якімі б высокімі мэтамі гэта ні прыкрывалася, раней ці пазьней даводзіцца адказваць.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG