Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзел у мітынгу каштаваў 700 тысячаў


Суд Пухавіцкага раёну аштрафаваў Насту Папову на 700 тысяч рублёў.Настаўніцу ў пасёлку Дружны зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу супраць будаўніцтва ў гэтай мясцовасьці заводу ядахімікатаў расейскай кампаніі “Аўгуст-Бел”.


Чыноўнікі раённага аддзелу адукацыі прымусілі Насту Папову напісаць заяву на звальненьне са школы №1 пасёлку Дружны паводле ўласнага жаданьня. Таму цяпер яна не ўяўляе як заплаціць 700 тысяч рублёў штрафу. Вінаватай яна сябе ня лічыць:
Мы мелі права выказаць сваё меркаваньне, але гэта было павернутае супраць нас

“Я нічога не парушала. Ім проста трэба было, каб нехта застаўся скрайнім, вінаватым, каб нехта за гэта разьлічыўся. І яны мне далі мне штраф 700 тысяч. У судзе апытвалі: з кім вы жывяце? Я кажу, што адна. Дзе працуеце – звольненая. Адкуль я гэтыя грошы вазьму, яны сабе ўяўляюць?”

На мінулым тыдні суд аштрафаваў калегу спадарыні Паповай Тацьцяну Дылькова на 350 тысячаў. Супраць абедзьвюх настаўніц у судзе сьведчылі міліцыянты. Тацьцяна Дылькова таксама кажа пра непраўдзівасьць паказаньняў супрацоўнікаў МУС і несправядлівасьць прысуду:

“Мы мелі права выказаць сваё меркаваньне, але атрымалася так, што гэта было павернутае супраць нас. У нас вераць ня нам, а міліцыянтам, органам улады”.

Паводле спадарыні Дыльковай, яна ня будзе абскарджваць свой прысуд.

Узорна-паказальным назвала працэс супраць дзьвюх удзельніцаў мітынгу адна з актывістак ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу Натальля Мацэпон:
Гэта ўзорна- паказальная акцыя запалохваньня жыхароў

"“Гэты суд, яго можна назваць судом толькі ў двукосьсі. Бо гэта насамрэч узорна-паказальная акцыя запалохваньня жыхароў. Менавіта гэтым яны намагаюцца дамагчыся, каб жыхары зьмірыліся з разьмяшчэньнем гэтага заводу ядахімікатаў у нашай мясцовасьці. Гэта, канечне, надзвычайны факт парушэньня ўсіх нормаў дзейнага заканадаўства. Гэта ўвогуле бязьмежжа”.


За ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах ў пасёлках Сьвіслач і Дружны адзін з актывістаў ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва хімзаводу Сяргей Абразоўскі быў двойчы пакаранымі буйнымі штрафамі. Папярэджаньне пракуратуры атрымала яшчэ адна ўдзельніца, Тацяна Рысевец.

Будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслач, Рудзенск, Дукора і іншых паселішчаў.

Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстутыцыйны суд, пракуратуру, урад краіны і да Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер людзі зьбіраюць подпісы пад зваротам у ААН і АБСЭ
.

XS
SM
MD
LG