Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стан здароўя - перашкода ў прыёме на працу?


2008 год у Беларусі абвешчаны годам здароўя. На практыцы – гэта дадатковыя мэдычныя даведкі пры ўладкаваньні на працу.


Кроў, вага, артэрыяльны ціск павінны адпавядаць пэўным парамэтрам, каб чалавека прызналі прыгодным для выкананьня працоўных абавязкаў. У зьвязку з гэтым у многіх зьявіліся дадатковыя праблемы, паведаміла лідэрка суполкі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці ў Салігорску Ларыса Насановіч:
“Да прыкладу, адна з сябровак нашага прафсаюзу чатыры гады была бяз працы. Жыла вельмі сьціпла, нават ня мела дастаткова ежы. Натуральна, што яна вельмі худзенькая. Яна прыйшла праходзіць мэдычную камісію і пачула, што – яна дыстрофік, таму ўжо не патрапіць на працу. Што яна павінна лячыцца. А лячыцца няма за што, бо няма чаго нават есьці чалавеку”.
Адмовы ў працаўладкаваньні паводле дадатковых мэдычных паказчыкаў у Міністэрстве аховы здароўя не пракамэнтавалі ніяк. А наваўводзіны патлумачылі неабходнасьцю вывучэньне сапраўднага стану здароўя насельніцтва краіны. Гаворыць начальнік Управы арганізацыі мэдычнай дапамогі Ігар Броўка:
“Загадам міністра ад студзеня праводзіцца дадатковае абсьледаваньне людзей. Мэта -- усеагульны мэдычны агляд насельніцтва. Даведацца сапраўдны стан здароўя насельніцтва. А мэта – фарміраваньне ў людзей здаровага ладу жыцьця”.
Год здароўя і адпаведныя захады ўладаў праваабаронцы называюць чарговай кампанейшчынай, якая не паўплывае на сапраўднае паляпшэньне стану здароўя жыхароў краіны. Акрамя таго, гэта не стасуецца з захаваньнем правоў чалавека, кажа палітык і юрыст Уладзімер Лабковіч:
“У працоўным кодэксе прадугледжаны асновы для адмовы ў прыёме на працу. Перадусім, гэта прафэсійная неадпаведнасьць. Фізыялягічныя паказчыкі, як вага ці аналіз крыві, не зьяўляюцца падставай для не прыняцьця на працу. Насамрэч, гэта дыскрымінацыйная пазыцыя адносна працоўных. На жаль, у нас часта так бывае, калі год здароўя, ці навядзеньне парадку на зямлі ці яшчэ што, то гэта сканчаецца абмежаваньнямі правоў грамадзян і нейкімі рэпрэсыўнымі захадамі з боку ўладаў. Стаўлюся да такой практыкі, як да незаконнай і людзям, канечне, варта абскарджваць такія адмовы ў прыёме на працу ў судзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG