Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У разгар лета пачалі змагацца з прадаўцамі кандыцыянэраў


Ад 1 ліпеня ўсе кандыцыянэры, якія пастаўляюцца ў Беларусь, павінны маркіравацца цэтлікамі энэргетычнай эфэктыўнасьці.


Каб працягваць гандляваць гэтай тэхнікай, у органы стандартызацыі трэба да 12 чэрвеня падаць пакет дакумэнтаў. Гандляры кажуць, што выканаць новыя патрабаваньні фактычна немагчыма.

Днямі гандляры бытавымі кандыцыянэрамі атрымалі ліст зь Беларускага дзяржаўнага інстытуту стандартызацыі і сэртыфікацыі у якім іх папярэджваюць: ад 1 ліпеня 2008 году, згодна зь дзяржаўнай праграмай энэргазьберажэньня, прадукцыя павінна маркіравацца налепкамі энэргетычнай эфэктыўнасьці.

Пакеты дакумэнтаў у ведамстве чакаюць да 12 чэрвеня. Фірмы, якія ня выканаюць патрабаваньня, будуць вымушаныя часова прыпыніць сваю дзейнасьць.

Гандляры кандыцыянэрамі абураюцца, што выканаць патрабаваньне так хутка немагчыма, бо трэба падаць копіі пратаколаў аб выпрабаваньнях кандыцыянэраў.

Вось што наконт гэтага кажа Леанід Кудзельскі — супрацоўнік адной з кампаніяў, якія займаюцца продажам кандыцыянэраў:

“Ніхто гэтага яшчэ не зрабіў у прынцыпе. Бо ні ў каго з вытворцаў няма гэтых сэртыфікацыйных пратаколаў. Таму ўсё абсалютна нерэальна, і з 1 ліпеня папросту спыніцца продаж і ўвоз тэхнікі. І больш кандыцыянэры прадавацца ня будуць. Дачакацца іншага разьвіцьця падзеяў нельга. У Эўропе палова лябараторый прыватныя, палова — дзяржаўныя. Прыватныя ўвогуле нідзе не акрэдытаваныя, яны там дзесяцігодзьдзямі працуюць, у іх усясьветнае імя — і яны проста прыватныя лябараторыі. Ніякіх акрэдытацый ад іх не патрабуецца. І, уласна кажучы, браць нейкія мадэлі, адпраўляць іх кудысьці ў Эўропу на тэставаньне, як нашы тут прыдумалі, — гэта вялізныя сродкі. Таму мінімум на бліжэйшае лета ўсе застануцца бяз гэтай тэхнікі”.

Нават калі схема зь лябараторнымі выпрабаваньнямі кандыцыянэраў запрацуе, то, як кажа Леанід Кудзельскі, выдаткі давядзецца ўключаць у кошт прадукцыі.

У Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сэртыфікацыі пра навацыі кажуць мала што:

“Я нават ня ведаю, як адказаць на пытаньне. Таму што гэта новае веяньне і мы яшчэ самі тут асабліва не разабраліся. У тым сэнсе, што пратаколы ад вытворцы сапраўды патрабуем, але ў чым тут праблема можа быць надалей?”

Карэспандэнт: “Дык хоць хто-небудзь гэтыя пратаколы ўжо прынёс?”

“А якая розьніца? Нават калі хтосьці і прынёс, то ніхто вам такой інфармацыі ня дасьць. У кожнага вытворцы свае пратаколы. На якіх падставах орган па сэртыфікацыі будзе распаўсюджваць чужую дакумэнтацыю? Мы ад вас павінны запатрабаваць, а вы павінны прадставіць — вось і ўсё”.

Супрацоўнікаў фірмаў, якія спэцыялізуюцца на гандлі кандыцыянэрамі, такая формула не задавальняе. Перадусім таму, што ў Беларусі сэртыфікаваць тыя ж кандыцыянэры магчымасьці няма і трэба кожны раз вазіць тэхніку на Захад:

“Адкуль такія лябараторыя ў БелДІСС ці іншых структурах, якія займаюцца сэртыфікацыяй? Такіх лябараторый па энэргаэфэктыўнасьці ў іх і блізка ніколі не было. Таму яны запатрабавалі ці выпрабаваньне акрэдытаваных лябараторый заходніх, ці пратаколы выпрабаваньняў самога вытворцы. А вытворца, як правіла, з усёй лінейкі адну-дзьве мадэлі дасылае, атрымлівае на іх пратаколы, а на астатнія нават самі ня маюць. То бок у любым выпадку ніхто гэта ня робіць імгненна. Ува ўсіх заходніх краінах дастаткова стыкераў-налепак сэрый А, В, С, D. Дый у нас элемэнтарна разьлічыць: узяў колькасьць спажытай электраэнэргіі, падзяліў на колькасьць холаду і атрымаў патрэбную лічбу. Усё ж друкуецца, ніякай таемнай інфармацыі няма. Але вось такая ініцыятыва раптам у іх нарадзілася. Хоць бы ўвосень...”

Мой суразмоўца дадае, што ўсе неабходныя дадзеныя аб прадукцыйнасьці і спажытай магутнасьці ёсьць у тэхнічнай дакумэнтацыі на кожную канкрэтную мадэль кандыцыянэра.

У сваю чаргу, прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага інстытуту стандартызацыі і сэртыфікацыі празь некаторыя дзяржаўныя СМІ ўжо заявілі: шуміха вакол новай працэдуры працы з кандыцыянэрамі грунтуецца на тым, што многія кампаніі працуюць па шэрых схемах або празь няўлічаных пасярэднікаў. І, маўляў, такім чынам хаваюцца ад платы падаткаў.

Летась улады буйных гарадоў, перадусім Менску, абвясьцілі, што будзе забаронена разьмяшчаць кандыцыянэры на фасадах будынкаў. Ад пачатку 2008 году тыя, хто хоча ўсталяваць кандыцыянэр, павінны ўзгадняць гэта з жыльлёва-эксплюатацыйнымі службамі па месцы жыхарства. У ЖЭСах звычайна рэкамэндуюць выносіць “скрыні” на сьцены, якія выходзяць не на вуліцу, а ў двор.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG