Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, асуджаны пасьля мітынгу пратэсту, зьбіраецца скардзіцца ў судовыя інстанцыі


11 чэрвеня ў Шклоўскай калёніі з палітвязьнем Сяргеем Парсюкевічам сустрэлася ягоная адвакатка Вера Страмкоўская. Гэта была іх першая сустрэча ў калёніі. Яна доўжылася каля 2 гадзінаў. Паводле Веры Страмкоўскай, яе падабаронны ў турме не скарыўся:

“Ён у добрым маральным стане, гатовы да далейшай барацьбы за адмену прысуду, які ён лічыць несправядлівым і неабгрунтаваным”.

Нагадаем, Маскоўскі суд Менску прызнаў прадпрымальніка Парсюкевіча вінаватым у зьбіцьці міліцыянта і асудзіў на 2,5 года зьняволеньня. Менскі гарадзкі суд гэты прысуд пацьвердзіў. Паводле Веры Страмкоўскай, Сяргей Парсюкевіч даў ёй даручэньне накіраваць наглядную скаргу старшыні гарадзкога суду і, калі гэта не дапаможа, зьвярнуцца ў Вярхоўны суд. Сяргей Парсюкевіч не выключае, што ўрэшце давядзецца зьвяртацца ў міжнародныя суды.

Напярэдадні жонка палітвязьня Натальля Парсюкевіч атрымала ад яго адразу чатыры лісты — першыя са Шклоўскай калёніі. “Цэнзар трымаў, пакуль не прачытаў усе ”, — кажа дасьведчаная ўжо ў турэмных справах жанчына. Натальлю Парсюкевіч вельмі зьдзівілі радкі пра колькасьць новых вязьняў Шклоўскай калёніі і іх прафэсійны склад.

“Напісаў, што вельмі шмат новых людзей, і ўсё прыбывае ды прыбывае. Шмат прадпрымальнікаў, чыноўнікаў. Яму ёсьць з кім паразмаўляць”.

Новымі ўмовамі побыту Сяргей Парсюкевіч, паводле яго жонкі, збольшага задаволены. Але што да выдадзенай яму вопраткі, то мае пэўныя прэтэнзіі:

“Адзеньне далі вельмі нязручнае, чорнае. Чаравікі страшэнна нязручныя, адзеньне выдалі не па памеры — майку малую, а штаны вялікія, ушывае. Нават кепку ўшывае”.

Пішучы пра стан свайго здароўя, Сяргей Парсюкевіч ня быў шматслоўным. Напісаў, што схуднеў і што яшчэ не падаваў заяву на апэрацыю па выдаленьні паліпаў. Апэрацыі вязьням робяць толькі ў рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Менску, а туды дастаўляюць з калёній па этапе. Але пасьля этапу з Жодзіна ў Шклоў Сяргей Парсюкевіч больш не жадае паўтараць гэтае выпрабаваньне.

На пэўную працу Сяргея Парсюкевіча яшчэ не накіравалі. Гэта можа адбыцца праз тыдзень, а пакуль палітвязень знаходзіцца ў карантыне.


XS
SM
MD
LG