Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 9 чэрвеня

У чым прычыны сусьветнага росту цэнаў на харчаваньне? (Паводле зьвестак ААН, цягам толькі 2007-га цэны на прадукты вырасьлі на 35 працэнтаў.) Наколькі аб'ектыўны гэты працэс і як можна змагацца зь ягонымі наступствамі? Ці сапраўды беларуская сельская гаспадарка можа апынуцца ў выйгрышы ад новых коштаў на прадукты харчаваньня? На гэтыя пытаньні адказваюць эканамісты Леанід Злотнікаў і Міхал Залескі.

Цыганкоў: “Нядаўна ў Рыме прайшоў саміт ААН па праблеме росту сусьветных цэнаў на харчаваньне, што само па сабе кажа пра маштаб гэтай праблемы. У чым прычыны росту цэнаў на харчаваньне? Наколькі аб’ектыўны і рынкавы гэты працэс?”

Наколькі аб’ектыўны працэс росту цэнаў у сьвеце на харчаваньне?

Леанід Злотнікаў
Злотнікаў: “Працэс гэты аб’ектыўны. Гэты рынак добра кантралюецца дзяржавамі, і ў адрозьненьне ад нафтавага, спэкулянты на біржах тут актыўна ня дзейнічаюць. Прычыны ж наступныя. Па-першае, у сьвеце расьце колькасьць насельніцтва — штогод дадаецца 70 мільёнаў чалавек. Па-другое, скарачаецца ворная зямля, на якой можна нешта вырошчваць. Па-трэцяе, іншыя рэсурсы на Зямлі таксама абмежаваныя, найперш энэрганосьбіты.

Гэта галоўныя, доўгатэрміновыя прычыны. Але сюды дадаюцца і часовыя, такія, як дрэнны ўраджай зерневых. Можна сказаць, што ў сьвеце тыя краіны будуць спажываць больш харчаваньня, прадукцыя якіх больш канкурэнтаздольная”.

Цыганкоў: “Можна пачуць і такі аргумэнт, што некаторыя прадукты харчаваньня зараз пускаюць на перапрацоўку дзеля атрыманьня біяпаліва, напрыклад, этанолу”.

Злотнікаў: “Гэта сапраўды так. Летась тая кукуруза, якая раней экспартавалася з ЗША ў Эўропу, уся была пушчаная на вытворчасьць этанолу. На этанол ідзе і шмат цукровага трысьнягу ў Бразыліі, і гэтак далей”.

Цыганкоў: “Можа ўсё ж да стварэньня гэтага крызісу спрычынілася недасканаласьць рынкавай эканамічнай сыстэмы? Вядома, што фэрмэрам у Эўропе забараняюць вырошчваць больш, чым трэба, бо гэта эканамічна нявыгадна. Можа трэба мяняць нешта ў гэтых падыходах, калі мільёны людзей у краінах разьвіцьця галадаюць?”

Міхал Залескі
Залескі: “Чалавек за год зьядае ў сярэднім 900 кіляграмаў ежы. Ён можа зьесьці нешта лепшае альбо горшае. Альбо крупы і бульбу, альбо мяса з садавіной і чорнай ікрой. На вытворчасьць высокаякасных прадуктаў трэба выдаткоўваць больш грошай. Калі мы кажам пра абмежаваньні фэрмэрам у Эўропе, то тыя, хто можа гэтыя лішкі зьесьці, ня можа заплаціць за гэта. Ня ў стане жыхары Афрыкі, Паўднёвай Азіі, найбяднейшыя жыхары Лацінскай Амэрыкі плаціць за ежу столькі, колькі плацяць эўрапейцы і амэрыканцы”.

Цыганкоў: “Сымптомы хваробы вы вызначылі — але якія мэтады яе лячэньня можна прапанаваць?”

Залескі: “Найперш навучыць людзей вырошчваць прадукцыю ў тых краінах, на якія насоўваецца пагроза голаду. Я гутарыў з нашымі людзьмі, якія за савецкім часам працавалі ў Этыёпіі, Самалі. І яны распавядалі, што часам мясцовыя гоняць быдла і няма ў іх якога рэзэрвовага вадасховішча на месцах перагону быдла, хоць гэта нескладана зрабіць. Яны не назапашваюць сена. Мы недаацэньваем таго, наколькі нізкі ўзровень тэхналёгіі і адукацыі ў такіх краінах. Ёсьць маса рэчаў, зьвязаных з кепскай агратэхнікай, зь недасканалым захоўваньнем, і ўсё гэта характэрна для краінаў трэцяга сьвету, і, дарэчы, для Беларусі таксама”

Кормім сваімі датацыямі “расейскіх братоў”

Цыганкоў: “Як працэс сусьветнага росту цэнаў на харчаваньне можа паўплываць на Беларусь? Аляксандар Лукашэнка ўжо выказаўся ў пасланьні Нацыянальнаму Сходу, што, маўляў, Беларусі шанцуе і цяпер нашу прадукцыю купяць усе. Ці сапраўды рост цэнаў на харчаваньне дапамагае беларускай эканоміцы выйграць?”

Залескі: “Нічога ён не дапамагае. У нас у краіне цэны таксама ўзрасьлі, але я ня бачу, каб наша калгасная сыстэма закруцілася. Вось сёньня зноў вырасьлі цэны закупачныя на ялавічыну — ну і што? Мы маем мэханізм экспарту, мы маем попыт? У нас ёсьць партфель замоваў на нашу прадукцыю, перш чым мы пачнем яе вырабляць? Няма. Хто ў нас будзе купляць? Зымбабвэ?

Цыганкоў: “Расея...”

Залескі: “Расея? Атрымліваецца, што мы ў Расею экспартуем нашы датацыі. Мы ж датуем сельскую гаспадарку, яна працуе не сама па сабе, туды перапампоўваецца шмат грошай зь іншых галінаў. І вось атрымліваецца, што гэтымі датацыямі мы будзем карміць “расейскіх братоў”. Таксама някепска, гуманна”.

Злотнікаў: “Сусьветныя працэсы ўжо паўплывалі. Летась сальда гандлю Беларусі харчовымі таварамі было адмоўным, а цяпер яно ўжо станоўчае. Але ўсё роўна частка нашага экспарту ў Расею стратная, нерэнтабэльная.

Аднак у доўгатэрміновай пэрспэктыве сёньняшнія сусьветныя працэсы карысныя для Беларусі. Бо ў нас шмат ворнай зямлі — у 2—2,5 раза больш на душу насельніцтва, чым у Эўропе. У сьвеце попыт на харчаваньне будзе расьці, і калі б наша сельская гаспадарка была рэфармаваная і выдаткі на прадукцыю былі меншыя, гэта давала б добры прыбытак Беларусі.

Варта дадаць, што субсыдыі на сельскую гаспадарку будуць памяншацца. Тое зьніжэньне падаткаў, якое плянуецца на наступны год, адбудзецца за кошт памяншэньня бюджэтных датацыяў. Запазычанасьць у сельскай гаспадарцы вельмі вялікая, самі прадпрыемствы свае даўгі ня могуць вярнуць, дзяржава цалкам пакрываць іх таксама не жадае — таму за гэта будзе плаціць насельніцтва.

Таму цэны на харчовыя тавары ў Беларусі будуць расьці — ня толькі з-за вонкавых, але і з-за ўнутраных прычынаў. Пагоршылася фінансавае становішча дзяржавы, і яна ўжо ня будзе гэтак падтрымліваць сельскую гаспадарку, як раней”.



  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG