Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск — горад сьціплага культурнага жыцьця

  • Міхаіл Раманоускі

Як культурнае жыцьцё беларускай сталіцы адпавядае сучасным стандартам і запатрабаваньням жыхароў гораду?


Сярод парамэтраў, паводле якіх складаўся рэйтынг якасьці жыцьця гарадоў сьвету, зроблены кампаніяй “Mercer”, ёсьць і магчымасьць адпачыць у горадзе — то бок узровень культурнага жыцьця.

На пачатку 1990-х гадоў Валянцін Акудовіч напісаў эсэ пра Менск пад назовам “Горад, якога няма”. Філёзаф меў на ўвазе, што горад не вызначаецца адметнай культурай. І сёньня Валянцін Акудовіч бачыць толькі першыя прыкметы нараджэньня Менску як гораду:

“Бо горад — гэта не будынкі, ня вуліцы, не заводы, фабрыкі і стадыёны. Горад — гэта міт пра горад. Горад — гэта месца, якое поўніцца культурнымі знакамі, падзеямі, атрыбутамі. Усяго гэтага ў Менску яшчэ вобмаль, і таму ён пусты. У ім яшчэ толькі пачынае нараджацца горад свой, беларускі, нацыянальны дый проста горад як жывая культурная і духоўная існасьць”.

Штодзённае культурнае жыцьцё амаль двухмільённага мэгаполісу канцэнтруецца на невялікай прасторы яго цэнтральнай часткі. Працуюць ня болей за дзясятак тэатраў, цырк, некалькі канцэртных заляў, засталося некалькі кінатэатраў (і ніводнага сучаснага шматзальнага), два паркі зь невялікім выбарам атракцыёнаў. Да іх дадаліся новыя рэстарацыі, але пераважна дарагія, і цэны працягваюць расьці. У танныя кавярні і піўныя бары практычна не прарвацца.

Такая інфраструктура мастацкіх ці забаўляльных цэнтраў адпавядае вузкай прасторы культуры, — лічыць музычны крытык Зьміцер Падбярэскі. І асабліва адзначае вельмі сьціплае клюбнае жыцьцё, якое зьяўляецца важным складнікам сучаснай масавай культуры:

“Найперш гэта залежыць ад коштаў. У бальшыні менскіх клюбаў, прыкладам, у “Гудвіне”, ня кожны можа сабе дазволіць выпіць нават беларускага піва. Такіх коштаў на мясцовае піва не сустрэнеш нават у Варшаве, хоць, вядома, там ёсьць дарагія рэстарацыі, а паколькі клюб усё ж скіраваны на паказ музыкі папулярнай, то бок для моладзі, дык цэнавая палітыка не адпавядае магчымасьцям наведнікаў. І гэта, сярод іншых прычынаў, стрымлівае адкрыцьцё новых клюбаў”.

Не спрыяе адкрыцьцю клюбаў і высокая арэндная плата, што цягне за сабой і рост цэнаў на квіткі, калі здараюцца канцэрты замежных выканаўцаў. Заходнія зоркі, якія знаходзяцца на піку славы, у Менск не прыяжджаюць. А на выканаўцаў пэнсійнага ўзросту ці расейскіх поп-зорак цана квітка сягае за сто даляраў — пры тым, што ў Варшаве ці Празе найдаражэйшыя квіткі на супэр-зорак каштуюць ня больш за 50 даляраў.

Вынік — тусоўка моладзі ля рэстарацыі Макдоналдз у раёне Кастрычніцкай плошчы зь півам у рукох як культурны знак гораду. Так, у кожным эўрапейскім горадзе ёсьць месцы, дзе зьбіраюцца маладыя людзі, але яны хутка разьбягаюцца па барах, канцэртных залях, клюбах. У Менску маладыя людзі з пляшкамі піва застаюцца на лавачках уздоўж вуліцы Леніна да самай поўначы.

Мастак Артур Клінаў (аўтар кнігі і фотапраекту “Менск — горад сонца”, якія ён прэзэнтаваў у многіх гарадох Польшчы і Нямеччыны, але не ў Беларусі) падкрэсьлівае, што ў беларускай сталіцы не адбываюцца такія культурныя падзеі, якія захапілі б калі б ня ўвесь горад, дык хоць бы мастацкую эліту:

“Вядома, у Менску не хапае рэальнага культурніцкага драйву, які адчуваеш, калі прыяжджаеш у Бэрлін, Варшаву ці нават Кіеў. Менск выглядае, ня хочацца, натуральна, крыўдзіць яго, але троху могілкамі, дзе папросту пануе штыль. Калі раптам нейкія падзеі і адбываюцца, дык як выключэньне. Канечне, нейкія цікавыя спэктаклі, выставы здараюцца, але гэта ня той драйв, якога хацелася б”.

Згодна з дасьледаваньнем міжнароднай кампаніі “Mercer”, сталіца Беларусі замыкае рэйтынг эўрапейскіх гарадоў паводле паказьніка якасьці жыцьця. Менск заняў апошні, 183 радок, набраўшы па шэрагу патрабаваньняў 49,4 бала. Лідэр неафіцыйнага спаборніцтва гарадоў — швэйцарскі Цюрых — мае ў сваім актыве 108 балаў. Бальшыня экспэртаў ня бачыць у такім выніку нічога дзіўнага: Менск па-ранейшаму застаўся савецкім горадам, дзе галоўнай заслугай яшчэ ад савецкіх часоў застаецца ягоная чысьціня.

XS
SM
MD
LG