Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ўспамінаюць Чынгіза Айтматава

Ня стала Чынгіза Айтматава. Аўтар “Джамілі”, “Белага параходу”, “Бураннага паўстанку”, “Плахі” і дзясяткаў іншых твораў, якія на ўвесь сьвет праславілі імя кіргіскага пісьменьніка, бараніў ад забруджваньня свае родныя стэпы, ягоны голас гучаў з трыбуны зьездаў савецкіх пісьменьнікаў у абарону творцаў, якія прыйшліся недаспадобы ўладзе, — у тым ліку і Васіля Быкава, з-пад ягонай рукі пайшоў у сьвет тэрмін “манкурт”, значэньне якога сёньня ведаюць усе, хто неабыякавы да гістарычнай памяці свайго народу.

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін бачыўся з Чынгізам Айтматавым у сямідзясятыя-васьмідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя на шматлікіх дэкадах савецкай літаратуры. Тады кіргіскі пісьменьнік быў у росквіце сваёй славы, шчодра ўляўранай. І гэта не засталося па-за ўвагай вострага на пяро беларускага паэта. Асабліва чуткі пра тое, што пасьля “Джамілі” Чынгіз Айтматаў ужо не пісаў на роднай мове, а толькі па-расейску. Але ягоны талент для Рыгора Барадуліна бясспрэчны.

“Чынгіз Айтматаў — выдатны пісьменьнік, чыімі кнігамі зачытваліся. Творы Чынгіза Айтматава перакладаліся на шмат якія мовы. Праўда, у часіны савецкай імпэрыі выбітныя творцы мелі эпітэт “савецкі”. І, да прыкладу, “выдатны кіргіскі пісьменьнік” у тыя часіны — ацэнка меншая, чымся “савецкі”. Для савецкага пісьменьніка няважна было, піша ён на роднай мове ці адразу на расейскай. Хадзіла нават такая ўсьмешка. Выдавалі па-расейску як ня збор твораў аднаго ўсходняга савецкага клясыка. Зьвяралі пераклады з арыгіналамі. Не маглі дашукацца арыгіналаў дзясятка паэмаў і сотні вершаў. Калі спыталіся ў сына, дзе арыгіналы, той адказаў: “Напэўна, бацька нешта распавядаў перакладчыку”. І студэнты на радзіме пыталіся ў свайго славутага земляка, ці будуць ягоныя творы па-кіргіску”, — жартуе Рыгор Барадулін і працягвае:

“Падчас аднае дэкады ў мяне склаліся радкі:

— Чтоб депутатом в чёрном авто
ездить среди делегатов,
я русский выучил только за то, —
промолвил Чингиз Айтматов.


Вядома, Чынгізу Айтматаву гэтую як бы эпіграму я не прачытаў. Ня быў я ў прэзыдыюмных эшалёнах дэлегацыяў ніколі. Усьміхнуўся, што завецца, сам сабе ў рукаў.

А наогул Чынгіз Айтматаў — гэта найвыдатнейшы пісьменьнік, на творах якога вучылася не адно пакаленьне, як пісаць пра сучаснасьць і як — пра гісторыю. І я думаю, што імя яго застанецца надоўга ў сусьветнай літаратуры”.

Паэт Сяргей Законьнікаў прыгадвае, як аднойчы ў Маскве быў у літаратурнай кампаніі з Чынгізам Айтматавым, дзе ў яго спыталіся, чаму ён піша па-расейску. Адказ кіргіскага пісьменьніка ўразіў Сяргея Законьнікава:

“Ён вельмі мудра, разумна сказаў, што, як ён заўважыў сам, яму ўдаецца па-расейску выявіць характар свайго народу. І можна, маўляў, яго абвінавачваць у гэтым, але ён стаіць на сваім, што выяўляе — і пішучы па-расейску — свой народ, яго памкненьні, асновы гэтага народу. І я таксама лічу, што Айтматаў у сваёй прозе глыбока паказваў сутнасьць кіргізаў. Яго рэалізм быў вельмі не савецкі, а быў рэалізмам народным”.

А паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін падкрэсьліў вялікую грамадзянскую мужнасьць Чынгіза Айтматава ў публічнай абароне Васіля Быкава ад нападак кампартыйнай савецкай намэнклятуры.

“Пасьля сьмерці Васіля Быкава я некалькі разоў гаварыў зь ім па тэлефоне, калі ён жыў у Брусэлі. Прасіў яго напісаць успаміны пра Быкава для кнігі “Наш Быкаў”. Ён казаў, што вельмі хоча гэта зрабіць, але настолькі дарагі для яго і духоўна, і як пісьменьнік Быкаў, што ён ня хоча гэта рабіць проста так, а хоча задумацца, што такое Быкаў, што такое ягоная творчасьць, а для гэтага яму патрэбны час.

Вось цяпер прыйшла неабходнасьць і нам задумацца, што такое Чынгіз Айтматаў, што такое ягоная творчасьць для ўсіх, у тым ліку і для беларусаў. Бо мы жылі ў тым ліку і ў полі сілавога ўзьдзеяньня ягонага магутнага таленту”.

Некаторыя творы Чынгіза Айтматава перакладзеныя на беларускую мову. У ліку іх і раман “Буранны паўстанак”, са старонак якога пайшоў у сьвет тэрмін “манкурты” — тыя, каго заваёўнікі пазбавілі спадчыннай памяці. Вельмі блізкі беларусам панятак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG