Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ завяршыла свой візыт у Беларусь.

Яна абмеркавала ўмовы правядзеньня міжнароднага назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі, які маюць адбыцца ўвосень. Свае высновы экспэрты прадставяць кіраўніцтву Бюро і АБСЭ. І толькі тады будзе вырашана — ці пасылаць міжнародных назіральнікаў на беларускія выбары, а калі пасылаць, дык у якім фармаце яны будуць працаваць.

І кіраўнік місіі — Джэралд Мітчэл, і іншыя супрацоўнікі адмовіліся ад інтэрвію. І не таму, што яны ігнаруюць журналістаў. Іх мандат забараняе камэнтары, якія тычацца таго, што яны пабачылі і пачулі ў Беларусі.

Але на разьвітаньне экспэрты паабяцалі літаральна праз два-тры тыдні падрыхтаваць сваю справаздачу. Яе накіруюць беларускім уладам. Да таго ж гэта дакумэнт будзе выстаўлены на афіцыйны сайт Бюро, і зь ім можа азнаёміцца кожны ахвотны.

Якое ўражаньне ў вас засталося ад сустрэчаў з экспэртамі Бюро? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да тых, з кім яны гутарылі ў Беларусі.

Лідзія Ярмошына — старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі:

“З аднаго боку, мне прыемна бачыць людзей, зь якімі я даўно супрацоўнічаю. З другога - у мяне адчуваньне, што стандарты АБСЭ, нягледзячы на намаганьні краінаў СНД, не зьмяняюцца.

Былі просьбы некалькі рэфармаваць працу Бюро ў галіне назіраньня за выбарамі. Гэта тычыцца фармаваньня місіяў, іх працы. Але пакуль мы ня бачым паразуменьня. Хоць група, якая сёньня ў нас была, адназначна сказала, што нашы пажаданьні (якія адпавядаюць прынцыпам АБСЭ) будуць максымальна ўлічвацца. Як гэта будзе насамрэч, пакуль сказаць цяжка.

Шчыра кажучы, нейкай звышзадачы перад сабою я ня ставіла. Лічу, што асноўныя рабочыя моманты будзем прагаворваць ужо з той місіяй, якая прыедзе працаваць у Рэспубліку Беларусь пасьля запрашэньня”.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка:

“Наколькі я разумею сытуацыю, зараз паважаныя міжнародныя арганізацыі высьвятляюць пэрспэктывы будучых выбараў: ці будуць у Беларусі нарэшце нейкія зьмены, і што ім рабіць — дасылаць сюды назіральнікаў ці не”.

“І да якога рашэньня яны схіляюцца?”

“Думаю, што найхутчэй будзе абмежаваная доўгатэрміновая місія. І калі вынікі яе будуць больш-менш станоўчымі (у чым я вельмі моцна сумняюся), дык тады будзе кароткатэрміновае назіраньне ў дзень выбараў.

Будзе вельмі дакладны маніторынг хутчэй за ўсё. Гэта — мой прагноз, магчыма, я памыляюся”.

Канкрэтная дата правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі дагэтуль ня вызначаная. У праекце прэзыдэнцкага ўказу, паводле Лідзіі Ярмошынай, прадугледжана дата 28 верасьня.
XS
SM
MD
LG