Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хросны ход у Магілёве будзе бясплатным


Хросны ход у гонар сьвятога Антонія Падуанскага, нябеснага заступніка Магілёва, пройдзе бясплатна.



Пра гэта паведамілі яго арганізатарам, магілёўскай рымска-каталіцкай парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, супрацоўнікі ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму.

Менавіта ідэалягічны аддзел патрабаваў ад арганізатараў хроснага ходу аплаты паслугаў міліцыі, мэдыкаў ды камунальнікаў.

Намесьнік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Фёдар Міхеенка паведаміў “Свабодзе”, што адпаведную пастанову падпісаў старшыня выканкаму Віктар Шорыкаў пасьля сустрэчы з арганізатарамі хроснага ходу:

“Калі распараджэньне падпісанае, будуць гэтыя дакумэнты перададзеныя ў магілёўскую ўправу Міністэрства ўнутраных спраў для забесьпячэньня правапарадку”, — зазначыў спадар Фёдар Міхеенка.

Хросны ход пачнецца ў пятніцу а сямнаццатай гадзіне. Каля трох соцень вернікаў з абразамі пройдуць ад касьцёла Сьвятога Станіслава да капліцы Сьвятога Антонія, што на каталіцкіх могілках. Плянуецца, што гэты шлях зойме прыкладна гадзіну.

Дзесяць дзён таму ў аддзеле ідэалёгіі Магілёўскага гарвыканкаму ад арганізатараў хроснага ходу патрабавалі аплаты паслугаў міліцыі, мэдыкаў ды камунальнікаў, якія нібыта забясьпечваюць парадак правядзеньня мерапрыемства.

Арганізатары хроснага ходу высьветлілі, што адна гадзіна працы міліцыянта абыдзецца ім у дванаццаць тысяч рублёў, а на мерапрыемстве іх павінна быць ня меней за шэсьць. Высьвятляць, у колькі абыдуцца мэдыкі й камунальнікі, парафіяне ня сталі, а вырашылі лепш зусім адмовіцца ад хроснага ходу.

Што паўплывала на пазыцыю гарвыканкаму, застаецца невядомым. Дазволіўшы бясплатна правесьці хросны ход, чыноўнікі парушылі ўласную пастанову ад 19 сьнежня 2007 году “Пра масавыя мерапрыемствы ў Магілёве”. Яна абавязвае ўсіх арганізатараў масавых мерапрыемстваў у Магілёве заключаць дамовы зь міліцыяй, мэдыкамі й камунальнікамі ды аплачваць іхныя паслугі.

Магілёўскі журналіст, каталік Генадзь Суднік лічыць: хросны ход дазволілі дзякуючы грамадзкасьці.

“Тое, што ўлада спахапілася й дазволіла — гэта ў выніку таго, што й грамадзтва так настроілася, што й сродкі масавай інфармацыі недзяржаўныя адгукнуліся менавіта такім чынам — ну што вы сабе думаеце?”

Генадзь Суднік не выключае, што хросны ход улада дазволіла й таму, што неўзабаве — адкрыцьцё міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Ён пачнецца 23 чэрвеня. Удзельнічаць у ім зьбіраюцца прадстаўнікі васьмі краінаў.


Летась хросны ход не праводзіўся, бо ішоў рамонт вуліцы Лазарэнкі. Па ёй традыцыйна вернікі ад касьцёла Сьвятога Станіслава рушылі да капліцы Сьвятога Антонія, што на каталіцкіх могілках.

Сьвяты Антоні стаў апекуном Магілёва пры канцы XVI стагодзьдзя. Ягоны цудатворны абраз прынесьлі ў Магілёў францішканскія прапаведнікі.

У першай палове XVII стагодзьдзя ў Магілёве адбілі мэдальён, з аднаго боку якога была выява абраза Маці Божай Бялыніцкай, а з другога — Сьвятога Антонія. На мэдальёне быў надпіс: “Сьвяты Антоні Магілёўскі, маліся за нас”.


Абраз сьвятога Антонія зьнік у часы Другой усясьветнай вайны.

Сьвятога Антонія шануюць ня толькі каталікі, але і праваслаўныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG