Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск — горад вечна савецкага пэрыяду


Бальшыня экспэртаў ня бачыць у выніку дасьледаваньня міжнароднай кампаніі “Mercer”нічога дзіўнага:


Менск па-ранейшаму застаўся савецкім горадам, дзе галоўнай заслугай яшчэ ад савецкіх часоў застаецца ягоная чысьціня.

Экспэрты кампаніі “Mercer” пры ацэнцы якасьці жыцьця ў тым ці іншым горадзе ўлічвалі палітычную, эканамічную, сацыяльную сытуацыю ў рэгіёне, асабістую бясьпеку грамадзянаў, наяўнасьць цэнзуры і фактаў абмежаваньня правоў чалавека, культурнае жыцьцё і магчымасьць адпачынку, мэдычны сэрвіс, транспарт і сфэру паслугаў, разнастайнасьць прадуктаў харчаваньня ў крамах, даступнасьць жыльля, прыроднае асяродзьдзе ды іншыя фактары. Безумоўнымі лідэрамі ўжо некалькі гадоў у рэйтынгу застаюцца гарады Швэйцарыі і Нямеччыны. У першай сотні — суседзі Беларусі: Вільня, Рыга, Варшава.

Зрэшты, у адным з пунктаў Менск усё ж не апошні: у спрэчцы за месца пад сонцам амаль вырашальнае пытаньне — асабістая бясьпека грамадзянаў у тым ці іншым горадзе. Лідэрам тут Люксэмбург, а замыкае эўрапейскі сьпіс на 196-й пазыцыі расейская сталіца. Аднак іншыя паказьнікі ў Масквы ўсё ж лепшыя, што ў выніку дазволіла расейскаму мэгаполісу апярэдзіць сталіцу Беларусі.

Чаго не хапае Менску, перафразуючы клясыка, каб эўрапейскім горадам звацца? Архітэктар Уладзімер Папруга перакананы: Менску псуе імідж статус вечна савецкага горада. Стэрэатыпу пра “чысты горад” недастаткова, каб прэтэндаваць на ляўры эўрапейскай сталіцы. Адмысловец прыгадвае, што пасьля вайны Менск якраз і праектаваўся як “ідэальны савецкі горад”, што давала карт-блянш на зьнішчэньне гістарычнай спадчыны:

“Менск зьяўляецца на сёньняшні дзень унікальным узорам татальнай інтэрвэнцыі ў ягоную гістарычную тканку. Вынік гэтага працэсу мае такое прачытаньне, што гэтая нелягічная інтэрвэнцыя ў гістарычную структуру Менску прывяла да каляпсу і Менску савецкага. Таму што Менск савецкі на сёньняшні дзень знаходзіцца ў вельмі непрыгожай сытуацыі: умоўная схема ідэальнага савецкага гораду закладалася ў 1944 годзе і фармальна была замацаваная генэральным плянам 1965 году — гэта першы генэральны плян, які паставіў крэску пад немагчымасьцю ўносіць карэктывы ў плянаваньне савецкае, немажлівасьцю працягнуць ягоную арыгінальную схему разьвіцьця. Фактычна была дадзеная адмашка на татальную перабудову. Затое цяпер ёсьць нагода прааналізаваць сытуацыю зь гістарычнай пэрспэктывы. Бо сёньня ўжо не 1944 год, сёньня ўжо 2008-ы. Прааналізаваць папросту вынікі вось гэтай татальнай інтэрвэнцыі — перадусім навукова не абгрунтаванай, калі дыпляматычна выказвацца”.

Пра савецкасьць Менску яскрава сьведчаць назвы ягоных вуліцаў, якія моцна зьдзіўляюць замежных турыстаў. Цэнтар сталіцы ў гэтым сэнсе — сапраўдны аазіс эпохі сацыялізму. Пра гістарычную спадчыну, ад якой ніяк ня можа адмовіцца цяперашняе кіраўніцтва краіны, згадвае адзін з найстарэйшых жыхароў гораду, паэт Мікола Аўрамчык:

“Гэтыя ўсе былі вуліцы яшчэ да вайны, яны былі пераназваныя бальшавікамі адразу пасьля рэвалюцыі. Усе гэтыя Сьвярдлова, Урыцкага, Валадарскага, Камсамольская, Інтэрнацыянальная, Рэвалюцыйная... Леніна вуліца была, якая і цяпер ёсьць, Энгельса. Я добра памятаю гэтыя вуліцы яшчэ да вайны”.

Карэспандэнт: “У краінах пасьлясавецкіх, постсацыялістычных таксама былі падобныя вуліцы, але ад іх адмовіліся...”

“Канечне, трэба было рабіць гэтак жа. Каб спэцыяльная ўрадавая камісія перагледзела ранейшыя назвы, надаўшы вуліцам імёны нашых сапраўды вядомых дзеячаў. Але ў цяперашніх умовах я ў гэтым папросту сумняюся. Скажам, Панамарэнка спрабаваў колісь, яшчэ да вайны, рабіць. Але як? Ён сапраўды выкопваў беларусаў, але якіх? Генэралаў, якія аддана служылі, іншых военачальнікаў. Даваў вуліцам іх прозьвішчы. Так і цяпер многія хацелі б рабіць. Але ж усё гэта прафанацыя”.

Аднак ня ўсе менчукі згодныя з выніковым месцам, якое вызначыла беларускай сталіцы кампанія “Mercer”. Доктар архітэктуры, прафэсар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Вальмен Аладаў кажа, што часта прымае замежныя арганізацыі і ўсе, як выказаўся Аладаў, у Менску раты ад захапленьня разяўляюць:

“Менск — адзін з найцікавейшых гарадоў Эўропы, своеасаблівы. Пра што кожны, хто тут пабываў, выказваўся публічна. Французы калі прыехалі, увогуле сказалі: горад варты Пэрсье і Фантэна”.

Карэспандэнт: “То бок вы з такім меркаваньнем ня згодны?”

“Ня тое што ня згодны, я лічу гэта чыста палітычнай гнюснасьцю, накіраванай, пэўна, супраць нашага ўраду, а б’е гэта па ўсім народзе. Тут нават не суб’ектыўнасьць, а проста вельмі аб’ектыўная хлусьня. Ёсьць у нас свае ўнутраныя пытаньні, якія трэба вырашаць. Але такое заяўляць — гэта проста абразьліва. У нас не хапае гатэляў, яшчэ чагосьці, але ў сэнсе цікавасьці — дай Божа, каб яшчэ іншыя такія гарады былі ў Эўропе”.


XS
SM
MD
LG