Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 11 чэрвеня 2008 году


Сыстэма адукацыі ў Беларусі перажывае чарговыя ўзрушэньні. Улада вырашыла, што трымаць дзяцей за школьнай партай на працягу дванаццаці гадоў — празьмерная раскоша, таму сярэдняя школа вяртаецца да 11-гадовага навучаньня (як было ў Беларусі да сярэдзіны 90-х гадоў).

Новая рэформа закране дзесяткі тысяч настаўнікаў, старшаклясьнікаў ды іхных бацькоў. Пра тое, наколькі хваравіта ўспрынялі гэтую праблему многія людзі, сьведчыць і пошта “Свабоды”.

Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, які даслаў нам Мікалай Чаркас зь Верхнядзьвінскага раёну. Слухач піша:

“Абуральна тое, што свае экспэрымэнты ўлада праводзіць над жывымі людзьмі. Няўжо нельга было для пачатку апрабаваць новую сыстэму на якой-небудзь адной школе, паглядзець, што з гэтага атрымаецца? Дык не: трэба адразу ўзбаламуціць усіх, усю краіну. Так было і тады, калі гвалтам пераводзілі школу на 12-годку. Ці пытаўся хто ў бацькоў і ў вучняў — хочуць яны таго ці не? Адразу ўсіх паставілі перад фактам. А празь дзесяць гадоў раптам апамяталіся, што надта шмат грошай ідзе на адукацыю, што няма таннай рабочай сілы на будоўлях і ў калгасах.

Што ж гэта за стратэгі сядзяць у Адміністрацыі прэзыдэнта і Міністэрстве адукацыі, калі такіх рэчаў прадбачыць ня ўмеюць? Цікава было б ведаць, чые галовы паляцяць долу за такое марнатраўства ды непрадбачлівасьць?

У мяне няма асаблівых ілюзіяў наконт нашай школы. Выпадак з салігорскім школьнікам Шылам лішні раз пацьвердзіў, што я маю рацыю. Настаўнікі павінны былі б паўстаць супраць дыктату, супраць умяшаньня спэцслужбаў у дзейнасьць школы, супраць таго, што ўлада ня лічыцца зь іхнай думкай. А яны маўчаць. Паслухмяна ківаюць галовамі, паслухмяна засядаюць у выбарчых камісіях, даюць зьдзекавацца зь дзяцей, маўчаць у адказ на нязручныя пытаньні. Чаму?”


Адказаў на ваша, спадар Чаркас, пытаньне — мноства. Многія настаўнікі баяцца страціць працу. Асабліва гэта актуальна для вёсак, пасёлкаў і невялікіх гарадоў, дзе знайсьці новую працу практычна немагчыма. А колькасьць настаўніцкіх працоўных месцаў у выніку новай школьнай рэформы будзе істотна скарочана. Хто ў першую чаргу трапіць пад скарачэньне, пэдагогі добра ведаюць — палітычна нядобранадзейныя, з уласнай пазыцыяй, хто адважваецца казаць праўду ў вочы.

Што да рэформы сярэдзіны 90-х гадоў, то дарэмна вы сьцьвярджаеце, што яна не рыхтавалася. І экспэрымэнтальныя школы і клясы, і навуковыя абгрунтаваньні, і міжнародны досьвед — усё гэта ўлічвалася і абагульнялася. Не адзін навуковец напісаў на гэтую тэму дысэртацыю, не адзін чыноўнік Міністэрства адукацыі атрымаў прэмію. Але паступіла новая замова ўлады — і ўсе колішнія абгрунтаваньні адклалі ўбок, і з тым жа імпэтам пачалі абгрунтоўваць новую палітычную лінію ў адукацыі.

Пра будучыню вёскі і беларусаў-вяскоўцаў, пра лёс роднай мовы разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Слухач піша:

“Вёска мая Клетнае, як і створаны калісьці побач зь ёй леспрамгасаўскі пасёлак пад той жа назвай, амаль вымерлі. Засталося зусім нямнога старых бабуль ды маладзейшых гаротнікаў, сярод якіх гаспадароў, якія б самастойна ўпраўляліся хаця б на ўласным падворку — адзінкі. Дый сярод тых кашчавая зусім нечакана знаходзіць сабе ахвяраў. Вось адзін мой сусед — вясёлы, 58-гадовы мужык — яшчэ ўдзень лавіў рыбу, а адвячоркам мне ўжо давялося яго мыць. Дачасна сышоў чалавек у бестэрміновае нябеснае царства, хоць амаль зусім ня піў горкую, дый гаспадаром быў у сваім двары. Сышоў — і засьвяцілася з тае нагоды сьвежай крывёю балючая старая рана беларускага выміраньня.

Уражаньне незайздроснае. Адчуваньне трывожнае надзвычай. Чым жывуць людзі? Элемэнтарнай прагай — пад’есьці, апрануцца, купіць машыну і г. д. Ды кожны, мабыць, адчувае, што гэтага ўсё ж надта мала, бо не хапае чагосьці галоўнага — таго, што дае магчымасьць адчуваць паўнату жыцьця, сілу, якую ня ломяць вятры выпадковыя. Сіла гэтая — у той жа нацыянальнай самасьвядомасьці, бо наколькі мацнейшымі, лепшымі мы былі б, калі б наважыліся гаварыць на сваёй мове!

Затаптаным у бруд немагчыма бывае адразу ўстаць ва ўвесь рост. Таму задача наша ў тым, каб хоць на калені неяк узьбіцца ды азвацца неяк на мове сваёй, каб неба пачула і пазнала, каму працягнуць руку дапамогі”
.

Каб жа толькі, узьбіўшыся на калені, так і не засталіся стаяць у гэтай позе, чакаючы лепшых часін. А часам узьнікае такое ўражаньне, што многія ўжо гадамі стаяць укленчыўшы. І пры гэтым прызвычаіліся да такога становішча і нават лічаць яго па-свойму зручным, камфортным.

Ліст ад нашага апанэнта Паўла Абрамовіча зь Берасьця. Слухач лічыць, што Радыё Свабода неаб’ектыўна і несправядліва ставіцца да меркаваньняў сваіх слухачоў, якія крытыкуюць апазыцыю. Ён піша:

Вы на ўсю Эўропу крычыце аб свабодзе слова і выказваньняў у любых пытаньнях. Але гэта — суцэльная крывадушнасьць. Так, калі я патэлефаную вам і буду лаяць Лукашэнку ды ягоную дзейнасьць — вы гэтыя званкі агучыце да апошняй літары. Але варта толькі згадаць Лябедзьку альбо Мілінкевіча, расказаць пра іхныя непрыгожыя ўчынкі — напрыклад, як яны ў ЗША выпрошвалі санкцыі супраць Беларусі — усё: званок альбо не агучаць, альбо абрэжуць. Вось і ваша хвалёная свабода слова.

У навінах зь Беларусі ў вас — суцэльныя Казулін ды суды над парушальнікамі парадку падчас дэманстрацыяў. Але ж не сакрэт, што падлеткі, атрымаўшы ад апазыцыі некалькі даляраў, адмыслова парушаюць парадак, каб падставіць праваахоўныя органы, а сябе ўславіць як пацярпелых патрыётаў і даць матэрыял для працы “Свабоды”.

А вось пра масавыя пратэсты, якія адбываюцца ў Польшчы, Нямеччыне, Італіі, Вялікай Брытаніі, вы маўчыце. Як там паліцыя выкарыстоўвае пры разгоне газ, вадамёты, гумовыя кулі, як цягае за валасы дзяўчат па асфальце... Дзе ж тут ваша праўдзівая інфармацыя?”


Пра падзеі ў дзяржавах Эўразьвязу (у тым ліку і пра масавыя акцыі пратэсту) мы паведамляем, спадар Абрамовіч, але ня так падрабязна, як пра беларускія падзеі. Чаму? У дэмакратычных краінах няма палітычнай цэнзуры, зьвесткі пра любыя здарэньні (у тым ліку пра масавыя беспарадкі) імгненна распаўсюджваюцца ўсімі мэдыямі, у тым ліку міжнароднымі агенцыямі і тэлекампаніямі. Беларускі глядач лёгка можа атрымаць інфармацыю пра гэта па ўсіх расейскіх і заходніх спадарожнікавых тэлеканалах. Ахвотна распаўсюджваюць такія паведамленьні і беларускія дзяржаўныя мэдыі. А вось адкуль беларускі грамадзянін можа атрымаць аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі ва ўласнай краіне? Ніводная дзяржаўная газэта, ніводзін тэлеканал пра лёс Аляксандра Казуліна альбо Андрэя Кіма не паведамляе.

Што да тэлефанаваньняў нашых слухачоў. Мы аднолькава, без перадузятасьці ставімся і да тых, хто крытыкуе прэзыдэнта Лукашэнку, і да тых, каму не падабаецца дзейнасьць дэмакратычнай апазыцыі. Пры адной умове: любая дыскусія павінна весьціся ў спакойным, стрыманым тоне, безь зьняважлівых выказваньняў і неабгрунтаваных абвінавачваньняў.

На заканчэньне — допіс ад Алеся Шустоўскага з Барысава, які зьвярнуў увагу на тое, што ў нашым эфіры на пачатку чэрвеня часта гучала тэма Курапатаў. У сваім кароткім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Добра, што журналісты “Свабоды” часта ўзгадваюць пра трагічныя падзеі ўчорашняй гісторыі Беларусі. Так, маладому пакаленьню трэба ведаць, што адбывалася з намі і з краінай увогуле. Таму пасьля ўсіх сумных разважаньняў пра Курапаты вам заўжды варта падводзіць значную рысу, падсумаваньне: Курапаты — гэта матэрыяльнае сьведчаньне сталінскай ідэалёгіі і расейскага бальшавізму. Каб гэта гучала ляканічна, зразумела ды нават па-судоваму”.

Пасьля таго як у чэрвені 1989-га зь лімаўскай публікацыі Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты. Дарога сьмерці” сьвет даведаўся праўду пра масавыя забойствы і катаваньні, што адбываліся ў 30—40-я гады ў ваколіцах Менску, “Свабода” на працягу дваццаці гадоў сачыла і працягвае сачыць за гэтай тэмай. Мы падрабязна распавядалі, як ствараўся народны мэмарыял, як моладзь бараніла яго ад разбурэньня, як цяпер там не спыняюцца акты вандалізму. Ня думаю, спадар Шустоўскі, што пасьля кожнай такой інфармацыі журналісты павінны рабіць нейкія падсумаваньні, высновы. Гэта — якраз той выпадак, калі факты больш красамоўныя за любыя разважаньні.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG