Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенцам не хапіла грошай на гравюру горада


У Варшаве з аўкцыёну была прададзена рэдкая гравюра Матыяса Цюндта, дзякуючы якой мы сёньня ведаем, як выглядала Горадня ў 1568 годзе. На выяве падрабязна адлюстраваныя ўсе тагачасныя храмы, ратуша, замкі, ды іншыя пабудовы. Гравюра засталася ў Польшчы. Гарадзенскія ўлады таксама зрабілі спробу прыдбаць гравюру.


Паведамленьне пра выстаўленую на продаж гравюру Цюндта хутка распаўсюдзілася сярод гарадзенскіх гісторыкаў, бо яны разумеюць яе каштоўнасьць. Яны былі ня менш зьдзіўленыя тым, што гарадзкія ўлады зрабілі крокі, каб набыць яе. На варшаўскі аўкцыён езьдзіў дырэктар гісторыка-архэалягічнага музэю Юры Кітурка. Як адбылася паездка?
Кітурка: “Па дамоўленасьці з уладамі я езьдзіў як прадстаўнік Гарадзенскага гарвыканкаму”.
Гравюра з выявай сярэдневечнай Горадні была прададзена занадта дорага. А якія былі шанцы набыць яе?
Кітурка: “Дорага: пры стартавай цане сорак тысяч прадалі за дзевяноста пяць тысяч злотых. Мой ліміт быў меншы. Вось і ўсё: я проста ня мог таргавацца вышэй. Хаця, па праўдзе кажучы, чалавек, які купляў, то ён і больш даў бы”.
На якую канкрэтна суму мог разьлічваць гарадзенскі прадстаўнік — на сорак тысяч злотых?
Кітурка: “Не, сорак — гэта была пачатковая цана. Я, скажам, да шасьцідзесяці тысяч меў права дайсьці. На свае страх і рызыку думаў нават да сямідзесяці пяці… Але выйшла ажно дзевяноста пяць тысяч. Што ж, як ня маеш паўнамоцтваў… З нашага боку гэта была ў пэўным сэнсе авантура. Да гэтага трэба рыхтавацца, а мы даведаліся за тры дні. І гэта толькі паступова высьпявала рашэньне ехаць, мы спачатку хацелі права каму-небудзь перадаць, потым я вырашыў зьезьдзіць. Вопыт, канечне, цікавы атрымаўся. І можна сказаць, што калі б былі грошы, то можна было б купляць вельмі рэдкія і цікавыя рэчы”.
Што яшчэ зацікавіла на варшаўскім аўкцыёне кандыдата гістарычных навук і дырэктара музэя Юрыя Кітурку?
Кітурка: “Там шмат картаў выстаўлялася, дакумэнтаў, графічных выяваў, партрэтаў. Напрыклад, партрэт караля Уладыслава Чацьвертага, зробленага паводле малюнку Рубэнса”.
Пра тое, як зьявілася гравюра аўтарства Матыяса Цюндта я папрасіў сказаць доктара гістарычных навук Вячаслава Шведа.
Швед: “Гравюра была зроблена з малюнка Адэльгаўзэра, нямецкага мастака, які ў той час быў у Горадні і стаў сьведкам падзеі, якая тут адбылася —прыезд розных пасольстваў на нараду, на сойм, які вырашаў пытаньне выбараў польскага караля і вялікага князя літоўскага”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG