Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Пухавічах судзяць Насту Папову — жыхарку пасёлку Дружны.


Яна брала ўдзел у недазволеным мітынгу супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў расейскай фірмы “Август-Бел”.

Насту Папову пачалі судзіць разам з жыхаркай Дружнага Тацьцянай Дыльковай 5 чэрвеня. У той жа дзень Тацьцяну зьвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку і далі штраф 350 тысяч рублёў. Наста хадайнічала пра адтэрміноўку паседжаньня і суд над ёй прадоўжыцца сёньня:
“Я думаю, што ім трэба ўсё гэта зараз на некага “павесіць”. Таму яны знайшлі вось крайніх, усё арганізавалі хутка і прадумана. Суд будзе, паглядзім, але я бліжэйшым часам, як толькі будзе такая магчымасьць, то адразу адсюль зьеду. Бо я была ў розных сытуацыях, але гэта мяне проста забіла, проста няма слоў”.
Наста Папова і Тацьцяна Дылькова яшчэ нядаўна працавалі ў сярэдняй школе №1 пасёлку Дружны. У раённым аддзеле адукацыі іх прымусілі напісаць заявы на звальненьне паводле ўласнага жаданьня. Пасьля шэрагу несанкцыянаваных мітынгаў у Дружным і Сьвіслачы мясцовыя ўлады таксама ціснуць і на іншых удзельнікаў праз адміністрацыі прадпрыемстваў і ўстаноў. Адначасна не задавальняюць заяваў на правядзеньне новых акцыяў пратэсту. У прыватнасьці, забаранілі мітынг 14 чэрвеня, паведаміў Свабодзе адзін з заяўнікаў Сяргей Абразоўскі:
“Падстава ізноў надуманая, што, маўляў, мы павінныя заключыць дамовы зь міліцый, хуткай дапамогай ЖКХ. Якія я павінны заключаць дамовы? Ніякіх, я буду зьвяртацца ў суд. Але мітынг мы правядзём, можаце не сумнявацца”.
Тым часам жыхары Дружнага працягваюць зьбіраць подпісы пад лістом пратэсту на адрас ААН і АБСЭ, а таксама Аляксандра Лукашэнкі, да якога хочуць зьвярнуцца трэці раз. Ураду краіны яны накіравалі адказ з Гэнэральнай пракуратуры, якая апратэставала дзеяньні кампані “Аўгуст-Бел”, паведаміла адна з актывістак Алена Будкоўская:
“Людзі не баяцца падпісваць паперы. Я выйшла, каб сабраць подпісы пад лістом ва Урад і думала, што пару гадзін прастаю. А атрымалася, што ня тое, што я іх запрашала, а яны самі да мяне падыходзілі, распытвалі, падпісваліся. Гэта значыць, што калі патрэбна якая дапамога, то калі ласка. Насамрэч, людзі толькі пра гэта думаюць, размаўляюць і шукаюць новых шляхоў, каб куды зьвярнуцца, правесьці пратэст. Вось такая сытуацыя”.
Будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў распачынае расейская прыватная кампанія “Аўгус-Бел”. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслач, Рудзенск, Дукора і іншых паселішчаў. Яны зьвярталіся з заявамі пратэсту ў Канстутыцыйны суд, Пракуратуру, Урад краіны і Аляксандру Лукашэнку. За ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах ў пасёлках Сьвіслач і Дружны Сяргей Абразоўскі быў двойчы пакаранымі буйнымі штрафамі. Папярэджаньне пракуратуры атрымала яшчэ адна ўдзельніца Тацьцяна Рысевец.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG