Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскіх актывістаў тэрмінова забіраюць на зборы


Мазырскага актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Паўла Наздру тэрмінова выклікаюць у ваенкамат. Павал выйшаў з пад’езду свайго дома ў 19.45. Да яго падышоў чалавек у цывільным і уручыў позву ў ваенкамат. Заўтра а 9 раніцы Павал мусіць зьявіцца ў ваенкамат. 17 сутак ён правядзе на зборах


Павал Наздра паведаміў “Свабодзе”, што ад 1997 году ня меў ніякіх стасункаў з ваенкаматам. Яго ніколі раней не забіралі на зборы.
“Я выйшаў з хаты, да мяне падышоў мужчына і паведаміў, што ён з ваенкамату. Ён уручыў мне пад подпіс позву, каб я заўтра а 9 раніцы быў у ваенкамаце. Паведаміў, што мяне забіраюць на 17 дзён на вайсковыя зборы. Казаў, што я буду служыць тут у Мазыры ў вайсковай частцы”.

Павал Наздра прыгадаў, што раней міліцыянты неаднаразова пільнавалі яго каля пад’езду дома напярэдадні буйных вулічных акцый апазыцыі, каб актывіст ня мог патрапіць у сталіцу. Некалькі разоў яго затрымлівалі і нават здымалі з цягніка. Павал мяркуе, што 17 сутак, якія ён правядзе на вайсковых зборах, будуць своеасаблівай ізаляцыяй кшталту адбыцьця адміністрацыйнага арышту.

Я мяркую, што ўсё гэта зьвязана з выбарамі, таму што хутка распачнецца кампанія па выбарах
“Я мяркую, што ўсё гэта зьвязана з выбарамі, таму што хутка распачнецца кампанія па выбарах. Я буду ўдзельнічаць у якасьці назіральніка і буду зьбіраць подпісы як удзельнік у акруговай выбарчай камісіі. Я ўваходжу ў сьпіс як адзіны кандыдат у акруговай выбарчай камісіі і буду зьбіраць подпісы як сябра акруговай выбарчай камісіі. Потым я буду ўдзельнічаць таксама і ў участковай выбарчай камісіі.

Павінны афіцыйна абвесьціць 24-га ці 25-га пачатак выбарчай кампаніі і ад гэтага моманту пачынаецца збор подпісаў. Як раз на гэты тэрмін гэта й прыпадае, каб сарваць некаторыя мерапрыемствы”.

Яшчэ адзін мазырскі актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Мікола Жукоўскі таксама сёньня ўвечары атрымаў позву ў ваенкамат. Мікола вучыцца завочна і цяпер здае сэсію. Але, нягледзячы на гэта, ён мусіць заўтра раніцай наведаць ваенкамат, дзе яго чакаюць, каб накіраваць на вайсковыя зборы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG