Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія летнікі: прапановы, кошты, перасьцярогі


Штогод улетку перад бацькамі школьнікаў паўстае пытаньне: куды адправіць дзіця ў час вакацыяў. Нехта мае лецішча ці сваякоў у вёсцы, якія могуць даглядаць дзяцей. А нехта шукае магчымасьцяў накіраваць дзяцей у адмыслова арганізаваныя летнікі. Ці адпавядаюць прапановы беларускіх аздараўленчых лягераў попыту на іх паслугі?


Летнікам таксама патрэбная атэстацыя

Штогод пэўную колькасьць лягераў зачыняюць на капітальны рамонт. На аднаўленьне дзіцячых летнікаў дзяржава выдаткавала 1,5 мільярды рублёў. Выдаткоўваюць грошы на рамонт і мясцовыя бюджэты. Аднак, паводле Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні і санаторна-курортным лячэньні, сёлета атэстацыю атрымалі 190 лягераў сярод 206.

Намесьніца начальніка прадстаўніцтва Мінскага гарадзкога праўленьня па аздараўленьні і курортна-санаторным лячэньні Ірына Салаўёва кажа пра кошты адпачынку для дзяцей:

з 38 лягераў Менскай вобласьці толькі 8 маюць кошт, большы за 500 тысяч
“Ёсьць сапраўды вельмі сучасныя лягеры, дзе і басэйны, і ўсё на сьвеце, там кошты вышэйшыя і могуць нават даходзіць да 600 тысячаў. Але з 38 лягераў Менскай вобласьці толькі 8 маюць кошт, большы за 500 тысяч. А ў сярэднім – 460, 440 тысяч. Тут няма агульнай лічбы, бо залежыць і ад узросту дзіцяці – бо ў нас 3 ўзроставыя групы па харчаваньні”.

Дзяржава пакрывае 220 тысяч з выдаткаў на дзіцячы адпачынак

У кошце любой пуцёўкі дзяржава пакрывае 220 тысяч. Шмат у якіх прадпрыемствах дадатковую дапамогу аказваюць мясцовыя прафсаюзы. Прадстаўніца прафсаюзу завода “Гарызонт” кажа:

“Сваім супрацоўнікам у нас фіксаваныя кошты і пуцёўкі мы прадаем іх на льготных умовах. Для супрацоўнікаў заводу пуцёўкі ў нашыя летнікі каштуюць 50 тысяч беларускіх рублёў, астатняе плаціць прадпрыемства. Але вельмі нязначны працэнт запатрабаванасьці ў нас у пуцёўках”.

Нязначны працэнт запатрабаванасьці – гэта 10 адсоткаў ад прададзеных на лета пуцёвак, распавядае Барыс Марфін, дырэктар сацыяльнага комплексу завода, да якога адносяцца і летнікі:

“На ўсё чатыры зьмены – 90% будуць адпачываць дзеці зь іншых арганізацый. На тры зьмены пуцёўкі раскуплены, сканчаюцца і тыя, што на 4-ю. Дыяпазон коштаў – ад 485 да 495 тысяч”.

Папулярнасьць лягеру яшчэ не сьведчыць, што ён узорны

Але грошай ад продажу пуцёвак не заўсёды хапае на рэканструкцыю летнікаў:

На тры зьмены пуцёўкі раскуплены, сканчаюцца і тыя, што на 4-ю. Дыяпазон коштаў – ад 485 да 495 тысяч
“Патрэбны найперш вялікія сродкі для разьвіцьця добраўпарадкаваньне памяшканьняў. Як саміх пакояў, дзе мэбля вельмі састарэла, гэтак і сталовак, дзе таксама даўно нічога не абнаўлялася. Патрэбныя сродкі”.

Аддзел прафіляктыкі правапарушэньняў непаўнагадовых УУС Менаблвыканкаму абавязаны інспэктаваць дзіцячыя летнікі. Параўноўваючы розныя летнікі, начальнік аддзелу Андрэй Антрашкевіч раіць зьвяртаць увагу і на экалёгію раёна:

“Спутнік” ёсьць такі, на Менскім моры. Да, магчыма ў яго няма месцаў – папулярны. Але, з іншага боку, ён амаль у Менску. Траса побач, кальцавая. З пункту гледжаньня экалёгіі – нічога добрага. А ў той жа час па маладзечанскай ветцы ёсьць лягер “Івалга”, пасярод сасновага бору, паветра, усё цудоўна. Каля Ракава таксама ўсе лягеры ў лесе”...

Перасьцярогі


Спадар Антрашэвіч дае парады, які зрабіць адпачынак дзіцяці ў летніку бясьпечным:

“Крадзежы мабільных тэлефонаў – вельмі распаўсюджаная з’ява. Летась быў 21 выпадак. Таму ня варта браць з сабой дарагія мабільныя тэлефоны – іх крадзеж найбольш распаўсюджанае злачынства ў летніках. Апроч таго, на тэрыторыі летнікаў заўсёды ёсьць тэлефоны-аўтаматы. Ня варта забясьпечваць дзіця вялікай колькасьцю грошай – гэта дадае спакусы скарыстацца свабодай і далучыцца да шкодных звычак. Дзіця абавязкова павінна ведаць: у выпадку любой непрыемнай неспадзяванкі ён можа зьвярнуцца ў аддзяленьне міліцыі на тэрыторыі летніка”.

На кожны густ?


Ёсьць лягеры спартыўнага кірунку, экалягічнага, ваенна-патрыятычнага. Адносна апошніх існуе нэгатыўны стэрэатып, - маўляў туды “няправільных” дзяцей бяруць на перавыхаваньне. Вось што кажа Андрэй Антрашэвіч:

Замест стэрэатыпных атрадаў там краіны. І кожная краіна мае свае сыстэму праўленьня: сваіх міністраў, - культуры, фінансаў, спорту, свае прэзыдэнты і каралі
“Вельмі цікава там. Нармальная праграма, насычаная. Калі на базе ваеннай часткі гэта, то ўхіл у вайсковую тэматыку, Міністэрства надзвычайных сытуацый у свой бок нейкія мерапрыемствы прапануе, міліцыя – у свой. Нестандартны падыход, шмат заняткаў, фізычная падрыхтоўка. Ну, прыкладам, вось які хлопец не захоча ў танк залезьці”?

15-гадовы Аляксей летась адпачываў у летніку, арганізаваным Беларускай асацыяцыяй клюбаў ЮНЭСКА. І настолькі ўпадабаў гэты адпачынак, што сёлета зьбіраецца туды зноў:

“Было весела, добра і вельмі незвычайна. Таму што да дзяцей там ставяцца не як да звычайных дзяцей. Там ёсьць свая тэма: замест стэрэатыпных атрадаў там краіны. І кожная краіна мае свае сыстэму праўленьня: сваіх міністраў, - культуры, фінансаў, спорту, свае прэзыдэнты і каралі”...
XS
SM
MD
LG