Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сетка”, якую спляло БТ


Паказ на Беларускім тэлебачаньні першай часткі прапагандысцкага фільму “Сетка”, на думку назіральнікаў, сьведчыць, што ўлады не зьбіраюцца мяняць ужо адпрацаваныя ўмовы выбарчай кампаніі.


9 чэрвеня па Першым нацыянальным канале Беларускага тэлебачаньня пачалі паказ новага прапагандысцкага фільму “Сетка”. Аўтары фільму зрабілі заяўку на дасьледаваньне выбарчых працэсаў, а найперш — уплыву на іх прадстаўнікоў заходніх дэмакратый. Арганізацыяй, якая празь сетку філіяў нібыта спрабуе ладзіць “памаранчавыя рэвалюцыі” ў розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі, названы Нацыянальны інстытут дэмакратыі, які заснаваны ў ЗША. Паводле стваральнікаў фільму, гэты інстытут нібыта зьвязаны з ЦРУ, а пэўныя беларускія актывісты — ягоныя агенты ўплыву. Шэраг камэнтатараў, сярод іх скандальны расейскі палітык Уладзімер Жырыноўскі і ідэоляг расейскіх шавіністаў Аляксандар Дугін, даводзілі гледачам, што супроць Беларусі дзейнічае міжнародная змова. Нібыта восеньскія парлямэнцкія выбары будуць выкарыстаныя змоўшчыкамі, каб разбурыць стабільнасьць у краіне.

Ніводнаму з актывістаў дэмакратычнага руху, якія фігуруюць у фільме, яго аўтары слова не далі. Я папрасіў вядомага праваабаронцу Алеся Бяляцкага пракамэнтаваць заяву, што “праваабаронцы ёсьць стартавым пісталетам” да кампаніі кампрамэтацыі беларускіх выбараў, якая нібыта рыхтуецца.

“Гэта нагадвае мне анэкдот, як злодзей скраў курыцу і пабег з крыкам “Трымайце злодзея!” Улады спрабуюць перакласьці адказнасьць зь сябе, з выбарчых камісій, якія яна фармуе і кантралюе, на назіральнікаў ды праваабаронцаў. Але калі ў вас усё гэтак добра, дык чаго вы баіцеся гэтых нешматлікіх назіральнікаў?“

Паводле Алеся Беляцкага фільмам “Сетка” беларускія ўлады дэманструюць сваё нежаданьне дэмакратызаваць выбарчы працэс, а таксама запалохваюць усіх прадстаўнікоў дэмакратычнага лягеру, хто адважыўся ўдзельнічаць у выбарах ці назіраць за імі.

Некалькі разоў у фільме згадвалася арганізацыя “Партнэрства”, якая спрабавала наладзіць назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году. Сярод іншага, былі паказаны зброя, замежная валюта і нібыта падрыхтаваныя актывістамі фальшывыя дадзеныя апытаньня выбарцаў. Актывістка “Партнэрства” Эніра Браніцкая, якая паводле суду адбыла за кратамі паўгода, кажа пра падман гледачоў фільма:

падчас выбараў рэпрэсіяў будзе шмат, калі яны ўжо зараз такія фільмы паказваюць
“Нават беларускі суд, які б ні быў, але прызнаў, што мы, хоць і дзейнічалі ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але не займаліся фальсыфікацыяй грамадзкай думкі на выбарах. Між тым БТ працягвае гэта заяўляць. Я цяпер займаюся абаронай рэпрэсаваных, і мне гэта падказвае, што падчас выбараў рэпрэсіяў будзе шмат, калі яны ўжо зараз такія фільмы паказваюць”.

У фільме “Сетка” паведамілі, што назіральнікі ды іншыя нібыта “падрыўныя” структуры ў Беларусі “тайна” фінансуюцца Нацыянальным інстытутам дэмакратыі з ЗША.

Між тым дзейнасьць гэтай арганізацыі шырока прадстаўленая на яе сайце ў інтэрнэце . Паводле сайту, валянтэры гэтай некамэрцыйнай арганізацыі працуюць болей як у 70 краінах сьвету. Яны ставяць перад сабой мэту “пашыраць і ўзмацняць дэмакратыю”, у тым ліку “дапамагаць у стварэньні арганізацый, якія забясьпечваюць адкрытыя і празрыстыя выбары”. У справаздачы Нацыянальнага інстытуту дэмакратыі паведамляецца, што “Інстытут падтрымліваў арганізацыю “Партнэрства”, якая назірала за выбарамі ў Беларусі з 2002-га году”.

Ганаровым старшыней Нацыянальнага інстытуту дэмакратыі абрана Мадлен Олбрайт, былая кіраўніца Дзярждэпартамэнту ЗША. На сайце Інстытуту зьмешчана яе выказваньне, паводле якога “дэмакратыя — ня толькі форма ўраду, але і моцны рухавік міжнароднай бясьпекі, росквіту і міру”. Фінансуюць Нацыянальны інстытут дэмакратыі ўрады ЗША і шэрагу эўрапейскіх краін, а таксама няўрадавыя арганізацыі, камэрцыйныя структуры і прыватныя асобы. Сярод іншых, грошы на рэалізацыю праграмаў Інстытуту давалі карпарацыі “Microsoft”, “Coca-Cola”, “British Petroleum” , Усясьветны банк ды іншыя.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG