Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Ярмошына: “Указ аб выбарах чакаем 24 ці 25 чэрвеня”


Сёньня экспэрты Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ пачалі свае сустрэчы ў Менску. Яны павінны ацаніць умовы працы назіральнай місіі на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі. Высновы тэхнічнай місіі шмат у чым вызначаць, ці будзе АБСЭ назіраць за выбарамі, а калі будзе, то ў якой форме.


Прадстаўнікі ўлады, партыяў, грамадзянскай супольнасьці, мэдыяў — асноўнае кола кантактаў экспэртаў.

Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган прадстаўляла на сёньняшняй сустрэчы Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Яна параўноўвае прыезд экспэртаў Бюро з выведкай. Іх найбольш цікавіць, ці зьмянілася сытуацыя ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, на якіх Бюро праводзіла назіраньне, кажа Алена Скрыган:

“Ніхто з нас аптымізму асаблівага ня выказаў, што адбыліся зьмены ў лепшы бок. Зьмены калі і пайшлі, дык, наадварот, у бок пагаршэньня: і з мэдыямі, і з магчымасьцю праводзіць агітацыю, і з тым, што значна зьменшылася колькасьць незалежных выданьняў”.

Адказ, які дала ЦВК — дыскусіі з вамі ня будзе, яна не патрэбная, яна не прадугледжаная рэглямэнтам. Фактычна ўсе нашы прапановы былі адхіленыя
Спадарыня Скрыган кажа, што прадстаўнікі дэмсілаў перадалі экспэртам шмат дакумэнтаў:

“У тым ліку нашы напрацоўкі, якія былі перададзеныя ў ЦВК па праектах яе пастановаў — аб паляпшэньні ўмоваў правядзеньня выбараў бязь зьменаў Выбарчага кодэксу. І распавялі пра адказ, які дала ЦВК — дыскусіі з вамі ня будзе, яна не патрэбная, яна не прадугледжаная рэглямэнтам. Фактычна ўсе нашы прапановы былі адхіленыя. Мы ўсё гэта і выказалі”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына ў інтэрвію “Свабодзе” гэтыя абвінавачаньні абвяргае:

“Большая частка прапановаў якраз не адрынутая. Яны адпавядаюць тэкстам пастановаў самой Цэнтральнай камісіі. Але шэраг палажэньняў, якія наша камісія не прыняла, тычыцца зьмяненьня заканадаўства. А Цэнтральная камісія ня мае права гэта рабіць”.

Я спытаў спадарыню Ярмошыну, ці можна ўжо сёньня казаць пра тое, што міжнародныя назіральнікі атрымаюць запрашэньне, каб назіраць за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў? Без такога дакумэнту яны ня могуць зьявіцца ў Беларусі:

“Запрашэньне будзе накіраванае, паколькі пра гэта адназначна заявіў кіраўнік дзяржавы. І гэта ўжо зьяўляецца законам для выканаўцаў. Але накіраваньне яго назіральнікам знаходзіцца ў кампэтэнцыі міністэрства замежных справаў. Менавіта яно будзе вызначацца з тэрмінамі і з тэкстам запрашэньня”.

Старшыня ЦВК згадала: указ аб прызначэньні даты выбараў у Палату прадстаўнікоў павінен зьявіцца не пазьней як за тры месяцы да іх правядзеньня:

“Мы плянуем, прынамсі разьлічваем, што ўказ зьявіцца 24—25 чэрвеня”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG