Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Невар:“Будоўлі ў Расеі — канцлягеры для беларусаў”


Міграцыйныя службы Расеі паведамляюць, што цяпер на тэрыторыі краіны знаходзяцца больш як 350 тысяч беларускіх гастарбайтэраў. Афіцыйнага ўліку тых зь іх, хто памёр ці загінуў, няма. Незалежныя экспэрты сьцьвярджаюць, што ў мінулым годзе і сёлета прапалі альбо былі забітыя амаль тры дзясяткі беларусаў.


Малады прыватны будаўнік Сяргей Невар з Крычава даў сабе зарок ніколі больш ня езьдзіць на заробкі ў Расею. Ён тлумачыць:

Cтавіліся там да нас як да рабочай жывёлы
“Змушаны да гэтага. Бо ставіліся там да нас як да рабочай жывёлы. Працоўны дзень доўжыўся ад 8 раніцы да 10 альбо 11 гадзінаў вечара. Выходных не было. Прыгняталі нас пераважна чачэнцы. Гаспадары жывуць у Маскве, а непасрэдныя назіральнікі — каўказцы”.

Пра будоўлю ў Расеі суразмоўца мае толькі адмоўныя ўспаміны:

“Мяркую, што яе можна параўнаць з канцэнтрацыйным лягерам для беларусаў. Калі мы спрабавалі задаваць пэўныя пытаньні наконт заробку ці даўжыні працоўнага дня, то быў адзін адказ на ўсе пытаньні: “Качаць правы — на гістарычную радзіму! А як сюды прыехалі, то працуйце!” Калі ж чалавек усё ж адмаўляўся працаваць, то яго проста выстаўлялі за вароты на ўсе чатыры бакі без капейкі грошай у кішэні”.

Расказвае Сяргей Невар і пра вядомыя яму забойствы беларускіх будаўнікоў:

“З Расеі прывезьлі забітага хлопца. Яму было толькі 35 гадоў. Там у Расеі на будоўлі яго забілі. Калі казаць дакладна — зарэзалі. Таксама ў Крычаўскім раёне некалькі чалавек загінулі ў мінулым годзе. У Слаўгарадзкі раён сёлета прывезьлі труп”.

З Расеі прывезьлі забітага хлопца. Яму было толькі 35 гадоў. Там у Расеі на будоўлі яго забілі
На Берасьцейшчыне сёлета пахавалі адзінаццаць нябожчыкаў, якіх сьмерць напаткала ў Расеі. Пра забойства Ігара Занькі расказвае яго маці, жыхарка Ганцавічаў Кацярына Віктараўна:

“Быў моцны ўдар ломам па галаве. І не знайшлі вінаватага. А хто каго ў Маскве знойдзе!? Ня ведаю я, за што яго забілі...”

З гутаркі вынікае, што ў Расею на заробкі езьдзіць цяпер зяць Кацярыны Занькі. Жанчына кажа, што ў апошняе вяртаньне з Масквы яго абрабавалі міліцыянты:

“Спынілі майго зяця. Бачаць, што беларус і без рэгістрацыі. Па 12 тысяч расейскіх рублёў зь яго і яго таварышаў адабралі. Аддалі хлопцы ўсё, што было ў кішэнях, і прыехалі дамоў голыя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG