Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозаўку за апошнія сем год я ехаў у трэцюю вандроўку. Але гэтым разам з інфармацыйным забесьпячэньнем у гарпасёлку было як ніколі добра.


Акурат напярэдадні выйшаў першы нумар тутэйшай незалежнай газэты “Вольная Бярозаўка”. Якая тут жа занялася і прадусарскай дзейнасьцю. Пра гэта — рэдактар Сяржук Пантус.




Пантус: “Пішам, калі адбудзецца шматпакутны канцэрт Шалкевіча. То недзе рамонт, то з музшколы за два дні без тлумачэньняў — прабачце, ня можам...”

Напярэдадні ж, паводле ўласнага абяцаньня двухгадовай даўніны, на горадаўтваральны шклозавод “Нёман” меўся прыехаць Аляксандар Лукашэнка. Я пытаюся ў Сержука:

Карэспандэнт: “Хто ў Бярозаўцы чакае прыезду Лукашэнкі?”

Пантус: “Усе! Бо палёгку далі крэдытную, выплату запазычанасьці адклалі. У горадзе ходнікі парабілі, бо дрыгва была. Уся Бярозаўка сьмяялася. Бізуна даваў усім, уключаючы дырэктара. А пры канцы пры людзях, пры журналістах — нават наўпроставы эфір па радыё ішоў — сказаў: “калі праз два гады ў вас нічога ня зьменіцца, дзярмо вы, дзярмо ваша начальства...”

Але, бадай, усе бярозаўцы разумеюць, што горад да візыту яўна непадрыхтаваны. Той жа Пантус добра ведае сытуацыю на “Нёмане”, дзе да нядаўняга часу ўзначальваў брыгаду выдзімальшчыкаў, якіх тут называюць яшчэ гутнікамі. Але кінуў брыгадзірства, бо непатрэбна.

Пантус: “На заводзе ў 4 корпусе зрабілі італьяна-аўстрыйскую лінію, але ж наладзіць ня могуць аўтаматыку — брак і брак. Няма спэцыялістаў. А так сьцены, платы фарбуюць, што на вытворчасьць ніяк не ўплывае. А ў прыбіральнях эўрарамонт зрабілі...” (Сьмяецца.)

Я ня мог не сустрэцца з чалавекам, якога даўно ведаю і якога ўся Бярозаўка паважае як супэрпрафэсіянала. Спадар Уладзімір Мурахвэр, мастак, калісьці залаты мэдаліст міжнародных выставаў ад Осакі да Манрэалю.

Мурахвэр: “Прадукцыя з пункту погляду дызайну — падабаецца. Але якасьць пяску ў нас слабейшая, чым у Эўропе. І добрага колеру шкла ня зварыш. Завод вельмі вялікі — было 5000 рабочых. Для Беларусі такі непатрэбны — гэта праблема ад Саюзу. Нейкія новыя прадпрыемствы ў пасёлку трэба рабіць. У сьвеце прымальная колькасьць працаўнікоў — 500 чалавек...”

Дадае і Сяржук Пантус.

Пантус: “Збыт паменшыўся. У Гусь-Хрустальным таньнейшая прадукцыя. Дый кітайцы прыедуць сюды — на вока возьмуць памеры. Падгледзяць, сфатаграфуюць. І ў нас пакуль канвэер наладжваецца, яны ўжо ўсю Эўропу завалілі. Наша чынавенства высокае адвярнула Эўропу ад Бярозаўкі. Хадзілі чуткі, што прыйдуць бэльгійцы, французы, Нямеччына. Але працуючы з падвышанымі заробкамі, станем больш незалежнымі. А навошта такія ўладзе?!”

Невыкараняльнай хваробай раней лічыліся так званыя “чаўнакі”, якім перакідалі праз заводзкі плот ды збывалі, кажуць, утрая таньней скрадзеную прадукцыю — кожную нядзелю ў ранішніх прыцемках на цэнтральнай плошчы. Раскрадалася афіцыйна да 30 адсоткаў, паводле ацэнкі саміх рабочых — ад 50 да 70 адсоткаў. А гэта дзясяткі найменьняў крышталёвых, пафарбаваных шкляной пудрай ці проста празрыстых келіхаў, кубкаў, фужэраў, падсьвечнікаў. Тады вартаўнік Алесь сказаў мне…

Алесь: “Ёсьць 7—8 “левых” прахадных. Начальства дае красьці, каб народ не бунтаваўся. Ёсьць у Бярозаўцы групоўка з 5 чалавек, што скупляе посуд ды возіць на Расею. Дробныя рыбкі толькі кавалак пірага маюцью...”

Спадар Пантус камэнтуе.

Пантус: “Сёньня я ня ведаю, хто крадзе. З гэтым парадак навялі добра. Праца на заводзе ёсьць. Няма каму працаваць. Людзі зьяжджаюць у Польшчу, Літву на будаўнічую працу. Год, як увялі кантрактную сыстэму — заробак аднолькавы: 590 тысяч у сярэднім. Дапрацуюць да кастрычніка і толькі мяне і бачылі — адсоткаў 10 зьедзе. Пры чым едзе 5—6 разрад, бо хто яго ня мае, усё роўна дзе працаваць. Я сам падумваю, як нічога ня зьменіцца...”

У часе вандроўкі ўся Бярозаўка гула ад жахлівага здарэньня, што адбылося на мясцовых могілках. Невядомыя вандалы павалілі ўначы чатыры дзясяткі надмагільных помнікаў ды крыжоў. Гэта ўжо трэці выпадак за апошняе дзесяцігодзьдзе. Злачынцаў не знайшлі. На могілках я сустрэў 66-гадовую спадарыню Аляксандру. Яна інвалід другой групы. 42 гады адпрацавала на шклозаводзе, дзе атрымала траўму рукі. Жанчына ледзь шкандыбала на разбураную таксама магілу мужа. Ня ўтойвала сьлёз.






Спадарыня: “Ой, шмат. Хто меў за што, паставіў на месца. А за што я пастаўлю, калі 4 гады зьбірала дзеду на помнічак і сабе зрабіла чорненькі такі?! Няма моцы і сьмерці няма, хоць на цукрыцу хварэю 26 год...”

Адчай спадарыні Аляксандры падвоены тым, што надзеі на аднаўленьне помніка, бадай, няма.Уся пэнсія пасьля скасаваньня льготаў ідзе на лекаваньне.

Спадарыня: “Я бязь лекаў жыць не магу. А хто мяне глядзіць?! Адна жыву, прыйду да дзеда, паплачу. Нічога не далі нам, галубок. Лекаў прыйду, каб выпісалі ад стэнакардыі — ніхто і гаварыць ня хоча, маё ты дзіцятка. Лукашэнка прыехаў, гаварыць ні з кім не хацеў з такіх рабочых. Цяпер бальніцу закрылі і на яе месца паліклініку — я ж не дайду 2 км, мілы мой чалавек...”

Інфармацыя ад Сержука Пантуса.

Пантус: “Быў выпадак, калі менавіта з-за тых вандалаў помнік быў парушаны, ненадзейна стаяў. Прыйшлі сёстры да нябожчыцы матулі. І зваліўся на малую дзяўчынку — абаперлася на яго. І помнік прыдушыў яе насьмерць...”






І ўсё-ткі гэтым разам я сустрэў у Бярозаўцы шмат прыемнага і прыемных людзей. Сёньня, калі павярнуць пры ўезьдзе ў пасёлак з аўтабана да Нёмна, празь некалькі сотняў мэтраў трапляеш у казку. Побач з двухпавярховым будынкам — драўляныя фігуры аленяў, дзікоў. Ветракі, печы, старажытны самавар. І драўляны ж, расфарбаваны гусьляр. Зь якім я сфатаграфаваў гаспадара ды стваральніка цуда — 41-гадовага Валерыя Салькоўскага. Папярэдне ён з гусьлямі сам аб’ехаў ці ня ўсю Эўропу. Зараз індывідуальны прадпрымальнік. Разам з жонкай прымаюць турыстаў. Сюды ў пошуках чысьцюткага ляснога паветра ды да срэбразвонных хваляў Нёмна ўжо прыяжджаюць з Ганконгу, Каліфорніі, Ангельшчыны, Масквы. З-за абыякавасьці мясцовых уладаў бывае сорамна, кажа Валерый.

Салькоўскі: “Ад мясцовых уладаў проста бязьдзеяньне. Цягам некалькіх год дамагаемся, каб нас вызначылі як турыстычны аб’ект, а то няма ўказальнікаў. Тут зьезд да ракі з мосту, і асноўная праблема — зрабіць аўтастаянку, бачкі для сьмецьця. Мы ля сваёй сядзібы шторанку самі зьбіраем сьмецьце. Няма чыстых берагоў, культуры пляжаў. І ня трэба было б чырванець, калі прыяжджаюць іншаземцы ці зь Менску...”






Яшчэ адна вядомая ў навакольлі асоба — 44-гадовы спадар Дычок. За 6 год вандровак ды працы ў архівах Сяргей, інжынэр па спэцыяльнасьці, зрабіў радавод 60 (!) сваіх продкаў, пачынаючы з 15 стагодзьдзя. Слухаць яго можна бясконца...

Дычок: “Раптоўна тэлефануе стрыечны дзядзька — “майго прадзеда стрыечны брат зьехаў у вёску Гніліца. А яго сястра з мужам — у Томск”. І мая кузіна ў нейкім пятым калене выйшла на мяне праз інтэрнэт. Пачалі штурмаваць архівы. У Гарадзенскі зьезьдзілі пару разоў — “а дзе вашы дакумэнты, а гэта, гэта адсутнічае. У Менскі заедзеш, і позна — “ой, хоць нешта вам, вы ж так здалёк”. Мы выйшлі на Вільню, Піцер. І дайшлі аж да 1795 году. Калі была першая рэвізія пасьля акупацыі маскалямі, і яны перапісалі ўсіх і майго продка Самульдычыка ці Дычка. Яму было ў той час 50 год. У Пудзіна, бабця расказвала, “белыя паліцаі” пастралялі прадзеда майго — акаўцы. 70 год было. Сядзеў крокву часаў — кулю ў лоб. А ў 43-м упала савецкая бомба і не разарвалася. Жыхары пайшлі па ратунак да нямецкага камэнданта... ”

Спадар Дычок распавёў і пра вытокі свайго захапленьня.






Дычок: “Мне заўжды здавалася, што ведаць сваіх продкаў натуральна, як дыхаць. Калі бачу чалавека, які ня хоча ведаць, не магу зь ім паразумецца — “а нашто, каўбасы не прыбудзе”. Або ёсьць вёска Васілевічы, дзе ці не чатыры гадзіны 80-гадовыя расказваюць пра амэрыканцаў, што хочуць сарваць Зямлю з арбітаў, узарваўшы ракеты. А потым праз трэція рукі даведваюся — “мо гэта ж прыяжджаў нейкі шпіён ці мо што ўкрасьці”. Што з радавода атрымаецца? Нейкую адказнасьць накладае...”

Размова адбывалася ў прысутнасьці найстарэйшага тутэйшага апазыцыянэра, спадара Міхася Чалея. 20 год таму ён заснаваў у Бярозаўцы суполку Партыі БНФ. Ён падхоплівае.





Чалей: “Пачалі даведвацца пра гісторыю, якую ад нас хавалі. Мне стала сорамна, што раней быў у цемнаце. У 90-х пачыналася з таго, што многія камуністы і беспартыйныя на заводзе адчулі, што зьявілася магчымасьць альтэрнатывы падчас выбараў. І мы перамаглі — 72 чалавекі агітавалі за свайго. Пасьля прыезду Пазьняка арганізавалася суполка...”

Спадар Міхась аналізуе і сытуацыю ў сучасным апазыцыйным руху.

Чалей: “Ня трэба было расколвацца. Пазьняк мог працаваць і ў замежжы. Дэмакратычнаму руху перашкаджае няўменьне працаваць зь людзьмі на месцах, а шмат энэргіі траціцца на барацьбу з уладай. Ніякай паразы няма. У нас у Бярозаўцы ў 94-м Пазьняк атрымаў 1840 галасоў, Лукашэнка — 1860, Шушкевіч — 1200, Кебіч — 600. Пазьняк з Шушкевічам — звыш 3000 галасоў. І сёньня, каб былі дэмакратычныя выбары, дэмакраты атрымалі яшчэ б больш галасоў. Эканамічнае ды сацыяльнае становішча пагоршылася. Людзі даведаліся больш праўдзівай інфармацыі. І такіх Бярозавак, што ляжаць на баку — шмат...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG