Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня з “малатка” пойдзе пісьменьніцкі санаторый “Іслач”


Аб 11-й гадзіне ў будынку Дзяржаўнага камітэту маёмасьці распачнецца аўкцыён, на якім сярод іншага будзе выстаўленая былая ўласнасьць Беларускага літаратурнага фонду – дом адпачынку “Іслач”.


Год таму на рашэньне Вярхоўнага суду Беларускі літаратурны фонд быў зьліквідаваны. Да такога рашэньня спрычынілася Міністэрства юстыцыі, якое палічыла: грамадзкае аб’яднаньне дапусьціла шэраг парушэньняў статутнай дзейнасьці, якія не былі выпраўленыя. Цяпер вырашаецца лёс маёмасьці, якой валодаў фонд. Перадусім гэта тычыцца санаторыя-прафілякторыя пісьменьнікаў “Іслач” пад Ракавам, збудаванага ў 1986 годзе. За запазычанасьці па аплаце за камунальныя паслугі частка комплексу -- галоўны корпус, тры катэджы, кацельня й жылы дом для абслугі -- была выстаўленая на аўкцыён яшчэ ў 2006 годзе.

Цікаўлюся ў дырэктара зьліквідаванага Беларускага літфонду Алеся Данільчыка: за якую цану ліквідацыйная камісія, створаная ў структуры Міністэрства юстыцыі, маецца выставіць дом адпачынку на аўкцыён?
“Першапачаткова -- 2 мільярды 300 мільёнаў рублёў. Але тут досыць складаны момант, бо потым узьнікне пытаньне: якім чынам разьмяркоўваць вось гэтыя грошы, гэтую маёмасьць і г.д? То бок, трэба зрабіць, каб грамадзкасьць ведала -- як і што ў гэтым сэнсе будзе адбывацца. Таму я запрашаю журналістаў, каб у прэсе мы гэта максымальна асьвятлялі”.

Беллітфонд створаны ў 1992 годзе на базе беларускага аддзяленьня Літфонду СССР і апекаваўся пісьменьніцкай супольнасьцю, спрыяў у выданьні кніг, арганізацыі адпачынку, дапамагаў матэрыяльна. У станаўленьні арганізацыі бралі ўдзел клясыкі беларускай літаратуры -- Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч ды іншыя.
Цяпер сытуацыя іншая – фонд сышоў у падпольле разам з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, месца якога заняў праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Як кажа старшыня апальнай пісьменьніцкай арганізацыі Алесь Пашкевіч, цяпер не даводзіцца сумнявацца, што і грошы ад продажу санаторыю пойдуць у абыход Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:
“Не дзеля гэтага ліквідоўваўся Беллітфонд, каб фонду, сябрам літфонду і сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў дапамагчы. Тут я ніякіх ілюзій, на жаль, ня маю. Белліфтонд і быў зьліквідаваны, як мне бачыцца, дзеля таго, каб разабрацца зь “Іслаччу”. І рукамі не пісьменьнікаў. Была створаная ліквідацыйная камісія па Беллітфондзе і потым ліквідацыйная камісія па “Іслачы”. Паколькі фонд зьліквідавалі, а “Іслач”, якая належыць ліфтонду – асобная ўстанова пісьменьніцкая, яе аўтаматычна зьліквідаваць не маглі. Таму стварылі асобную камісію”.
Спадар Пашкевіч ня лічыць за патрэбнае браць удзел у сёньняшніх таргах, паколькі сваё стаўленьне да таго, што адбываецца з пісьменьніцкай маёмасьцю, творцы ўжо неаднаразова выказвалі:
“Гэта ж усё робіцца не пісьменьнікамі і тое, як мы да гэтага ставімся, мы сваё меркаваньне ўжо выказалі. Урэшце, на ход падзеяў, на жаль, мы ўплываць ня можам”.
Карэспандэнт: “Там фігуруе досыць сур’ёзная сума. Можа здарыцца, што яна пойдзе на паніжэньне?”
“Не, на паніжэньне ніяк ня можа, інакш пасадзяць усіх членаў ліквідацыйнай камісіі. “Іслач” – гэта ж ня толькі цудоўныя мясьціны, але й пабудовы, і, галоўнае, гісторыя”.
Дагэтуль пісьменьнікі абмяркоўвалі розныя варыянты, каб уратаваць “Іслач” і расплаціцца з пазыкамі. Сярод іншага -- прыцягнуць інвэстараў і зь іх дапамогай адрамантаваць будынак. Ці нават перадаць Дом адпачынку Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта, узамен атрымаўшы перададзены на балянс прэзыдэнцкай адміністрацыі Дом літаратара ці ільготныя пуцёўкі ў “Іслач”.
XS
SM
MD
LG