Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З сустрэчы ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі пачынаецца сёньня раніцай візыт у Менск тэхнічнай групы Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ.


Гэтая група, якую ачольвае брытанец Джэральд Мітчэл, павінна ацаніць умовы працы назіральнай місіі на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі і прыняць рашэньне, ці будзе АБСЭ назіраць за выбарамі і ў якой форме.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека лічыцца самай дасьведчанай установай у сьвеце, якая вядзе назіраньне за выбарамі. Офіс яе знаходзіцца ў Варшаве, а само бюро ўваходзіць у склад АБСЭ – Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе. Менавіта экспэрты БДІПЧ, якія звычайна пачынаюць сваю працу ў краіне месяцы за два да пачатку галасаваньня, маюць магчымасьць адсачыць ўвесь працэс выбарчай кампаніі. Тэхнічная, экспэртная місія аналізуе выбарчае заканадаўства, умовы правядзеньня выбараў, сытуацыю ў мэдыях, сустракаецца з прадстаўнікамі ўладаў, партыяў і грамадзянскай супольнасьці.
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў так кажа пра місію замежных экспэртаў:
“Гэта адзін з элемэнтаў схемы супрацоўніцтва дзяржаваў, якія ўваходзяць у АБСЭ, з БДІПЧ. То бок гэта такая стандартная схема арганізацыі назіраньня ў краінах, якія запрашаюць назіральнікаў АБСЭ на свае выбары”.
Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка гаворыць, што сёньня ён хоча распавесьці экспэртам пра тры іспыты для беларускай улады. Першы – гэта тыя прапановы, якія ўносілі дэмсілы ў практыку ўжываньня выбарчага заканадаўства. Другі – уключэньне ў кожную акруговую камісію па аднаму прадстаўніку АДС.
“З майго пункту гледжаньня, уладам будзе вельмі цяжка адмовіць уключэньню нашых прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі. Вельмі цяжка знайсьці аргумэнты, чаму, напрыклад, былы кіраўнік беларускай дзяржавы, заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб ня можа быць шараговым сябрам акруговай камісіі. У чым прычына? Я думаю, выбарнікі зьдзівяцца, калі ўлады павядуць сябе так.
Рашэньні будуць прымаць прэзыдыюмы абласных і Менскага гарадзкога саветаў і выканкамаў. Але ж добра вядома, што ў беларускай дзяржаве ўсё робіцца вельмі цэнтралізавана. І ўсё гэта кіруецца з аднаго цэнтру. І калі будзе палітычная воля, нашых людзей уключаць у акруговыя камісіі. І -- наадварот. Трэці тэст – участковыя камісіі. І гэта, на маю думку, самы прынцыповы момант. Таму што менавіта тут ідзе падлік галасоў”.
Для забесьпячэньня нармальнай працы асноўнай групы назіральнікаў запрашэньне ім павінна быць накіраванае не пазьней як за 2 месяцы да дня выбараў. Як паведаміла днямі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, кіраўніку беларускай дзяржавы ўжо накіраваны праект Указу, у якім прапануецца прызначыць выбары на 28-га верасьня.
XS
SM
MD
LG