Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы дзень бяз станцыі “Кастрычніцкая” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Ад 9 чэрвеня зачыненая на рэканструкцыю станцыя менскага мэтро "Кастрычніцкая".


Цягнікі першай лініі мінаюць гэтую станцыю, а вэстыбюль “Кастрычніцкай” служыць пераходам з другой лініі мэтро на аўтобус №33. Рэканструкцыя будзе доўжыцца ад сёньня, 9 чэрвеня, да 1 верасьня.

Я знаходжуся ля ўваходу ў станцыю мэтро “Кастрычніцкая”.

Карэспандэнтка: «Вы спрабавалі зайсьці зараз на станцыю, так?»

Спадар: «Так».

Карэспандэнтка: «І што?»

Спадар: «І нічога. Не пускаюць. Напісана, што рэканструкцыя перахода».

Карэспандэнтка: «А вы гэтага ня ведалі?»

Спадар: «Ня ведаў. Я сёньня з Горадні прыехаў і ня ведаю, як зараз дабрацца да Ўсходу. Пайду на іншую станцыю».

Карэспандэнтка: «Які ў вас зараз маршрут? На якую станцыю вы ідзяце?»

Спадарыня: «Не разумею, як мне патрапіць на Купалаўскую. Блукаю зараз, і ня толькі я. У мяне таксама шмат людзей пыталіся, так што не адна блукаю. Кепска патлумачылі, куды ехаць і як ехаць, куды якія пераходы».

Будаўнікі ўжо распачалі працу, паведаміў адзін зь іх, які назваўся Міхаілам Аляксандравічам:

Карэспандэнтка: «Якая праца ўжо робіцца?»

Спадар: «Дэмантуюцца эскалятары».

Карэспандэнтка: «А людзі яшчэ ідуць?»

Спадар: «Ідуць. Ня ўсе яшчэ ведаюць».

Карэспандэнтка: «Шмат у вас працы?»

Спадар: «Хапае».

Я стала сьведкай таго, як пасажыры спрачаюцца з кантралёрамі:

Спадарыня: «Чаму я павінна двойчы плаціць за жэтон?»

Кантралёр: «Калі вы заходзіце ў асобны аўтобус, вы ж плаціце».

Спадарыня: «Але чаму я пра гэта ня ведаю загадзя?»

Кантралёр: «Дзяўчаты, зьвярніцеся на плошчу Леніна, 6, бо там нашае кіраўніцтва, а я проста на працы».

Карспандэнтка: «Што здарылася, скажыце?»

Спадарыня: «Я разьлічвала на аплату праезду 600 рублёў, каб даехаць да станцыі Кастрычніцкая і перасесьці на Купалаўскую. Ніхто мяне не папярэджваў, што трэба двойчы плаціць. Па просьбе прайсьці, паколькі я плаціла за жэтон, мяне не пусьцілі. Даводзіцца ісьці ў касу і набываць новы жэтон, каб даехаць да патрэбнай мне станцыі. Непадарак. Для мяне 600 рублёў таксама грошы, бо я адна выхоўваю дзіця».

Каб кампэнсаваць нязручнасьці для пасажыраў, улады Менску аўтобус №33 пусьцілі па маршруце ад станцыі мэтро "Інстытут культуры" да станцыі мэтро "Плошча Перамогі".

Размаўляю з пасажырамі, якія чакаюць аўтобусу.

Карэспандэнтка: «Гэтым новым маршрутам вы едзеце ўпершыню?»

Спадарыня: «Першы раз».

Карэспандэнтка: «Адмыслова з-за мэтро альбо выпадкова патрапілі?»

Спадарыня: «З-за мэтро. Нармалёвы маршрут, усё добра, але вось што з мэтро, то мы ня згодныя. Гэтае пытаньне не прадуманае. Бо вось я еду зь дзіцячым лягерам, бацькі далі дзецям грошы на паездку ў двух кірунках. А зараз трэба яшчэ адзін жэтон набываць. Як быць – ня ведаю. Вельмі цяжка».

Карэспандэнтка: «А тут яшчэ аплаты не прасілі?»

Спадарыня: «Не, бо сказалі, што тут бясплатна».

Гарадзкія ўлады абяцаюць, што праезд па маршруце №33 будзе бясплатны. Пра гэта раней заяўляў дырэктар дзяржаўнай установы “Сталічныя транспарт і сувязь” Валеры Шкуратаў.

Аднак пасажыры ў аўтобусе гавораць, што набываць квіткі ўсё ж давядзецца.

Супрацоўніца прадпрыемства «Менсктранс», якая не пажадала называць сваё імя, выказалася наступным чынам:

Спадарыня: «У рашэньні Менгарвыканкаму не сказана, што гэты маршрут будзе бясплатным. Таму ў нас вам ніхто не адкажа на гэтае пытаньне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG