Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як асьвятляе тэму прызыву ў войска апазыцыйных актывістаў газэта Міністэрства абароны Беларусі “Во славу Родины”?

“Цікава, як бы паступіў спадар Жалезьнічэнка, калі, уявім сабе такое, яму прапанавалі б служыць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі... у дывізіі СС “Беларусь” у 1945 годзе?”

Гэтым пытаньнем задаўся аўтар “Во славу Родины” Андрэй Максімаў у сваім артыкуле ад 30 студзеня. Артыкул называўся “Дзіма Жалезьнічэнка як люстэрка “валошкавай рэвалюцыі”, якая не адбылася”. Газэта распавяла пра актывіста “Моладзі БНФ” Зьмітра Жалезьнічэнку, які пасьля прызыву ў войска заявіў, што будзе выконваць загады камандзіраў, дадзеныя толькі па-беларуску, і абвясьціў галадоўку пратэсту.

Таксама ў артыкуле згаданыя беларусы-калябарацыяністы часоў Другой усясьветнай вайны, а з суб’ектаў сучаснай гісторыі — арганізацыі, якія ў сваім назове ўтрымліваюць абрэвіятуру “БНФ”. Што да прызыўніка Зьмітра Жалезьнічэнкі, то ён — “ахвяра палітычных гульняў арганізацый, якія прайгралі барацьбу за ўладу”. Між тым самому прызыўніку Жалезьнічэнку газэта слова не дала.

Праз тыдзень газэта надрукавала адкрыты ліст Лявона Баршчэўскага, старшыні партыі БНФ, актывістам якой ёсьць Зьміцер Жалезьнічэнка. Спадар Баршчэўскі абурыўся “прычэпкай” справы прызыўніка да гісторыі вайны. Паводле лідэра партыі БНФ, “ужываньне беларускай мовы ва Ўзброеных сілах ня толькі правамерна, але і патрэбна”. Лявон Баршчэўскі нагадаў, што ў сярэдзіне 1990-х міністар абароны Леанід Мальцаў шырока ўжываў беларускую мову на прэсавых канфэрэнцыях.

У камэнтары для “Свабоды” Лявон Баршчэўскі так ацаніў тую публікацыю:

“Тое, што орган міністэрства абароны займаецца тапорнай НКВД-ысцкай прапагандай, нічога, акрамя шкадаваньня, выклікаць ня можа”.

Рэдакцыйны камэнтар да ліста Баршчэўскага называўся “З каго бярэ прыклад БНФ?” Зноў згадалі калябарацыяністаў, а да таго ж — артыкул Зянона Пазьняка “Аб рускім імпэрыялізьме і яго небясьпецы”. Пра прызыўніка Жалезьнічэнку газэта напісала, што яго папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад службы. “Пасьля гэтага Жалезьнічэнка спыніў галадоўку”, — паведаміла “Во славу Родины” і больш да гэтай тэмы не вярталася.

Ці застаюцца вайсковыя выданьні, кшталту газэты “Во славу Родины”, як і ў савецкія часы, сродкамі ідэалягічнага ўзьдзеяньня на вайскоўцаў?

Дэмакратычны актывіст Іван Салановіч нядаўна адслужыў у войску. Прызвалі ў Магілёве і спачатку сказалі, што будзе служыць непадалёк, але потым адправілі ў Гарадзенскую вобласьць. Вось як, паводле Салановіча, ідзе падпіска на газэту “Во славу Родины”:

“Салдата прымусіць няма магчымасьці, таму прымушаюць афіцэраў. Мне распавядаў камандзір. Яго зь іншымі афіцэрамі выклікалі ў штаб: сядзяць камбрыг і галоўны рэдактар “Во славу Родины”. Камбрыг кажа: сёньня ўсе падпісваемся на “Во славу Родины”, маўляў, гэта галоўная наша газэта. Хто не падпішацца, будзеце самі вінаваты. Зразумела: дадатковыя дзяжурствы ды іншыя мэханізмы. У выніку — праз два дні ўся брыгада падпісаная на “Во славу Родины”.

Паводле Івана Салановіча, усіх салдат прымушаюць канспэктаваць пэўныя артыкулы, каб лепш засвоіць іхні зьмест. “У каго свой розум ёсьць, на таго гэта ня дзейнічае. Але шмат і тых, хто ўсяму верыць”, — ацэньвае актывіст Іван Салановіч эфэктыўнасьць гэтай прапаганды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG