Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік аддзела разьвіцьця пэнсійнай сыстэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тацьцяна Пагонышава агучыла высновы спэцыялістаў міністэрства: каб у будучыні памеры пэнсіі не былі мізэрнымі і жабрацкімі, трэба сёньня паступова пачаць падвышаць пэнсійны ўзрост.



Паводле беларускага заканадаўства, жанчыны выходзяць на пэнсію ў 55 год, мужчыны – у 60. Лічбы гэтыя дзейнічаюць з часоў Савецкага саюза. Узрост адыходу на пэнсію перагледзелі шмат якія краіны. У краінах СНД нязьменнымі гэтыя паказьнікі засталіся ў Беларусі, Расеі, Украіне і Узбэкістане. У аддзеле разьвіцьця пэнсійнай сыстэмы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падкрэсьліваюць: арыентавацца ў пытаньні пэнсійнай сыстэмы трэба на мясцовыя рэаліі.
“Шляхі і падыходы кожная краіна абірае свае – адштурхоўваючыся ад палітычнай сытуацыі, дэмаграфічнай, ад пэўных настрояў грамадзкіх”.
Меркаваньні Міністэрства працы і сацабароны ўскалыхнулі зацікаўленых грамадзян. Некаторыя зь іх пісалі ў інтэрнэце, што ганьба – падвышаць працоўны тэрмін менавіта для жанчын. Маўляў, няхай ваенным ды міліцыянтам падвысяць – глядзіш, і бюджэт пабагацее.
Але, на погляд нашай суразмоўцы ў аддзеле разьвіцьця пэнсійнай сыстэмы захады ў бок ваеннай ды міліцэйскай структураў – эмацыйныя, але не рацыянальныя:
“Гэта не нашая кампэтэнцыя. Апроч таго, у іх іншая крыніца фінансаваньня. Я разумею, што грошы ўсё адно – дзяржаўныя. Але ўсё ж такі крыніца іншая. І, па-трэцяе, гэта асобная лінія выдаткаў у кожнай дзяржаве, гэта асобная кагорта. І, з чацьвертага боку, колькасьць іхняя ніяк непараўнальная з колькасьцю нашых пэнсіянэраў. Так што праблему гэта ніяк бы не вырашыла”.
Шмат хто з неабыякавых да праблемы пэнсійнага ўзросту ў інтэрнэце казалі пра тое, што пярэчыць павелічэньню пэнсійнага ўзросту – гэта няшчыра. Маўляў, усё адно пэнсіянэры імкнуцца працаваць, бо на пэнсію пражыць вельмі цяжка. Але добра, калі чалавек можа знайсьці магчымасьць падпрацоўкі ці застацца на мінулым месцы працы ўжо ў статусе пэнсіянэра. У іншым выпадку паводле заканадаўства яго могуць папрасіць разьвітацца па дасягненьні пэнсійнага веку. З літарай закону ў гэтай сфэры нядаўна сутыкнулася сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) партыі з Верхнядзьвінску Валянціна Кудлацкая:
“Мне засталося да пэнсіі паўтара года. І цяпер наша арганізацыя Белдзяржстраху праводзіць штатнае скарачэньне. І, аказваецца, пастанова Саўміну ня дзейнічае, калі ідзе скарачэньне менавіта штатнае. І чалавек аказваецца неабароненым сацыяльна, са мной могуць разьвітацца, хаця ў пастанове Саўміна сказана, што за 2 гады да пэнсіі са мной ня могуць спыніць кантракт.”
На погляд Валянціны Кудлацкай, шмат зь якіх аргумэнтаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны – слушныя. Але праблема абароненасьці пэнсіянэраў – як айсберг. Абмеркаваньне гэтай праблемы цягне за сабой вялікі ланцуг дадатковых пытаньняў. І за кошт падвышэньня пэнсійнага ўзросту жанчын іх вырашыць немагчыма:
“Абмеркаваньне сапраўднае павінна быць. Але, ведаеце, варта прыслухацца да меркаваньняў людзей, меркаваньняў экспэртаў, а не толькі чыноўнікаў. Каб не было так – што пагаварылі ўсе, а зрабілі, як чыноўнікі сказалі. Гэта такая няпростая праблема, настолькі няпростая”...
Чыноўнікі Міністэрства працы, у сваю чаргу, акцэнтуюць увагу на тым, што іхнія высновы – гэта выключна меркаваньні спэцыялістаў. Юрыдычна іх высновы не маюць нават статусу прапановаў іх ведамства.
XS
SM
MD
LG