Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе згубіліся грошы, дасланыя ў турму Парсюкевічу?


Сяргей Парсюкевіч пасьля пераводу ў Шклоўскую калёнію застаўся бяз грошай і без харчоў.


Паводле жонкі Сяргея Парсюкевіча, днямі ў Шклоўскую калёнію прыяжджалі віцебскія прадпрымальнікі, якія зьбіраліся перадаць яму харчовую перадачу. Але перадачу для Парсюкевіча ў калёніі не прынялі.

Другая непрыемнасьць – яшчэ калі Сяргей Парсюкевіч знаходзіўся ў Жодзінскім сьледчым ізалятары, жонка даслала яму поштай 150 тысяч рублёў, каб мог набыць сабе ў турэмнай краме ежы ці пэўныя рэчы. Але грошы гэтыя да вязьня не дайшлі, распавялі Натальлі Парсюкевіч сябры яе мужа, якія пабывалі ў Шклоўскай калёніі.

“Яны прыехалі туды, а ім сказалі – не дазволена. І пра грошы нічога не сказалі. Параілі званіць у Жодзіна”.

6-га чэрвеня міністар ўнутраных спраў Уладзімер Навумаў на прэсавай канфэрэнцыі выказаўся адносна Сяргея Парсюкевіча, Андрэя Кіма, Аляксандра Казуліна ды яшчэ 14-ці ўдзельнікаў мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў, якіх нядаўна пакаралі штрафам і ўмоўным зьняволеньнем.

“Ня ведаю, хто такія палітычныя зьняволеныя. Калі маладыя людзі з камянямі і палкамі кідаюцца на супрацоўнікаў міліцыі і на звычайных грамадзянаў, якія кіруюць грамадзкім транспартам – усе астатнія мяркуюць, што гэта звычайныя злачынствы і за гэта іх асудзілі. Адзінае, што мы, як дастаткова гуманная дзяржава, сыходзілі з таго, што тыя, хто нанесьлі пашкоджаньні грамадзянам, пакараныя больш строга. А тыя, хто паводзіў сябе меней агрэсіўна, асуджаныя на штрафы”.

Нагадаю, Сяргея Парсюкевіча асудзілі на 2,5 года зьняволеньня, Андрэй Кім атрымаў 1,5 года. Гэта пра іх згадаў міністар Навумаў як пра крымінальнікаў, якія нанесьлі пашкоджаньні міліцыянтам. Між тым у судзе не было прадстаўлена відэадоказаў таго, што падчас мітынгу Андрэй Кім зьбіваў міліцыянта. А Сяргей Парсюкевіч у судзе даводзіў, што гэта яго зьбіў ахоўнік турмы на Акрэсьціна, на якога ён паводле суду нібыта напаў у адмысловым пакоі для допытаў.

Дагэтуль не прызначаны дзень, калі ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца разгляд скаргі актывіста Андрэя Кіма. Не дачакаўшыся разгляду ягонай скаргі Андрэя ўжо накіравалі ў Бабруйскую калёнію. “Рашэньне яшчэ не прынятае”, -- адказалі мне ў канцылярыі Менскага гарадзкога суду адносна дня разгляду скаргі.

Вольга Казуліна не выключае, што падасьць у суд на чыноўніка адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага, які ў сваім артыкуле сьцвярджаў, што Аляксандр Казулін нібыта адмовіўся ад датэрміновага вызваленьня. “Тату фактычна выціскалі за мяжу бяз права вяртаньня”, -- удакладняе Вольга Казуліна.

“Ці будзем на Праляскоўскага падаваць ў суд? Раімся зь юрыстамі. Калі будзе падстава, то безумоўна будзем”.

Нагадаю, Аляксандр Казулін асуджаны на 5, 5 гадоў няволі нібыта за хуліганства і арганізацыю беспарадкаў. За кратамі апазыцыянэр адбыў ужо болей за 2 года і 2 месяцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG