Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шапікі на прыпынках засталіся бязь піва



Як грамадзяне паставіліся да рашэньня мясцовых уладаў?

Я знаходжуся на прыпынку грамадзкага транспарту на вуліцы Дзяржынскага.

Сярод звыклага асартымэнту камэрцыйнага шапіка — чыпсаў, цукерак, жуек, газаванай вады ў бутэльках — раней можна было пабачыць піва. Цяпер жа піва на вітрыне няма. На кожным шапіку вісіць копія пастановы Гарадзенскага гарвыканкама, у якой напісана, што продаж піва забаронены.

Побач вісіць зварот уладальніка шапіка. Ён выбачаецца перад кліентамі за нязручнасьці й прапаноўвае зьвяртацца са скаргамі ў гарвыканкам.

Непадалёк круцяцца падлеткі. Пытаюся, ці на іх адбілася гэтая забарона.

Першы хлопец: “Мне ўсё роўна”.

Другі хлопец: “Мне таксама ўсё роўна”.

Трэці хлопец: “А я й ня ведаў, мы таксама п’ем. А нам усё роўна, у краме купім...”

Да нашай размовы далучаюцца іншыя гараджане:

Спадар: “Ну што, шапікі цяпер можна зачыняць, бо акрамя піва й цыгарэтаў там больш ніхто нічога не купляе”.

Другі спадар: “Я б не хацеў, каб піва наагул прадавалі ў шапіках”.

Трэці спадар: “Ну а што, хіба гэта парадак? Яны яшчэ падлеткі, і піць піва — атрымліваецца бескультурна. Ды яшчэ накідаюць розных бляшанак, бутэлек...”

Спадар: “Дрэнна, бо крамы працуюць да дзевяці альбо дзесяці, а шапікі да адзінаццатай, некаторыя нават да дванаццатай. Ідзеш, захацеў піва й купіў. А цяпер дзе купіць?”

Праз вакенца шапіка да размовы далучаецца прадавачка:

Спадарыня: “Нам забаранілі прадаваць з учорашняга дня практычна, прынесьлі паперу”.

Карэспандэнт: “А як вы думаеце, ці адаб’ецца гэта на вашым бізнэсе?”

Спадарыня: “Я думаю, што так”.

Карэспандэнт: “А вы якое піва прадавалі: беларускае, расейскае?..”

Спадарыня: “У нас было ўсё піва: беларускае, расейскае, украінскае...”

Карэспандэнт: “А ўмовы для захоўваньня яго былі?”

Спадарыня: “Лядоўня ў нас толькі “Балтыка”, і вельмі добра куплялі, выручка неблагая была, а цяпер я наагул ня ведаю, як будзем існаваць. Былі раней ІП, цяпер перавяліся ў ЧУПы, а з чаго падаткі плаціць будзем, чым гандляваць?”

Пасьля гэтай размовы я зьвярнуўся ў гарвыканкам і папрасіў начальніка Ўпраўленьня гандлю й паслуг Сьвятлану Сівірчукову пракамэнтаваць забарону на продаж піва ў шапіках на прыпынках грамадзкага транспарту. Вось што яна сказала:

Сівірчукова: “Санітарная служба праверыла шапікі і выявіла шэраг парушэньняў, зьвязаных з захоўваньнем напіткаў, у тым ліку й піва. Тэмпэратурны рэжым не вытрымліваўся, запас захоўваецца ва ўмовах, якія не адпавядаюць санітарным патрабаваньням. Дый самі прыпынкі ў сувязі з продажам піва не адпавядаюць санітарным нормам, а яны патрэбныя дзеля таго, каб людзі маглі ў якасных умовах чакаць на транспарт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG