Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмова ад 12-годкі: неабходнасьць ці авантура?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 6 чэрвеня


У чацьвер на нарадзе ў Лукашэнкі было прынятае рашэньне аб вяртаньні школы да 11-гадовага навучаньня. Чаму ўлады ствараюць нестабільную сытуацыю ў сыстэме адукацыі? Ці ўзьнікне беспрацоўе сярод пэдагогаў? Да чаго прывядзе адмова ад профільнага навучаньня?

Удзельнікі: кандыдат пэдагагічных навук Сьвятлана Мацкевіч і заснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас.

Чаму ўлады ствараюць нестабільную сытуацыю ў сыстэме адукацыі?

Валер Карбалевіч: “Рашэньне кіраўніцтва краіны вярнуцца да 11-гадовага навучаньня ў сярэдняй школе выклікала вялікае хваляваньне ня толькі ў асяродзьдзі работнікаў адукацыі, але і ў грамадзтве. Бо ламае жыцьцёвыя пляны шмат каму з выпускнікоў наступнага году.

Гэтае рашэньне ставіць праблему шырэй. Як вядома, фірменны прапагандысцкі знак палітыкі беларускіх уладаў — стабільнасьць. Ёю ганарацца, яе выдаюць за вялікае дасягненьне.

Але тое, што цяпер адбываецца ў сыстэме школьнай адукацыі, разбурае гэты імідж. Бо стварае элемэнт хаосу ў сыстэме, якая паводле сваёй прыроды зьяўляецца кансэрватыўнай. Спачатку прымаецца праграма пераходу на 12-годку. Пад яе ствараюцца адукацыйныя пляны, мэтадычная літаратура, выдзяляюцца рэсурсы, набіраюцца і рыхтуюцца кадры.

І раптам усё гэта перагледжана, даецца каманда вярнуць усё назад. Гэтае рашэньне, умоўна кажучы, “паставіла на вушы” ўсю сыстэму сярэдняй адукацыі. Улада выявілася галоўным дэстабілізатарам сыстэмы адукацыі. Такія экспэрымэнты над дзецьмі, іх бацькамі, настаўнікамі проста небясьпечныя для грамадзкай стабільнасьці. Чаму так адбываецца?”

Сьвятлана Мацкевіч: “Улады імкнуцца да стабільнасьці. Але яны яе разумеюць як стабільнасьць савецкіх часоў. Улады палічылі, што рашэньне перайсьці на 12-гадовую адукацыю было памылкай. Таму яны вырашылі вярнуцца да 11-годкі, нават калі гэта і выкліча дэстабілізацыю цягам 1—3 гадоў. А потым сытуацыя стабілізуецца”.

Уладзімер Колас: “Гэта тыповая аўтарытарная сыстэма. Ёсьць мудрае кіраўніцтва, якое ведае, што трэба рабіць, а ўсім астатнім трэба слухаць і выконваць.

Але атрымліваецца, што такая сыстэма не зусім і не заўсёды добрая. І гэта цяпер адчуе шмат хто з настаўнікаў і вучняў. Грамадзтва павінна мець рычагі ўплыву на ўладу і ўдзельнічаць у прыняцьці лёсавызначальных рашэньняў. Калі гэтага няма, то ўвесь час будуць узьнікаць такія крызысныя сытуацыі, як вынік валюнтарысцкага, дылетанцкага ўмяшаньня ўлады ва ўсе пытаньні”.

Пэрспэктывы беспрацоўя сярод пэдагогаў

Карбалевіч: “Паводле папярэдняй інфармацыі, рэформа сярэдняй школы пацягне за сабой значнае скарачэньне работнікаў гэтай сфэры. Розныя крыніцы называюць лічбу ад 10 да 30 тысяч чалавек. То бок значная колькасьць людзей будзе незапатрабаваная. Для шмат каго, асабліва ў рэгіёнах гэта стане цяжкай жыцьцёвай праблемай”.

Мацкевіч: “Я думаю, што такая сытуацыя стане добрай нагодай для ідэалягічнай чысткі сярод работнікаў адукацыі. Я згодная са сп. Коласам, што неабходны ўплыў грамадзтва на такія рашэньні, што неабходная альтэрнатыва.

Гэтая сытуацыя зь беспрацоўем сярод пэдагогаў — пэўны выклік для недзяржаўных арганізацый. Яны павінны дапамагчы пэдагогам. Але сапраўды беспрацоўе сярод пэдагогаў — гэта адно з эканамічных, духоўных, чалавечых наступстваў гэтай рэформы наадварот”.

Колас: “Напрошваецца адна аналёгія. Калісьці ў 1995 годзе Лукашэнка прыняў рашэньне адмовіцца ад падручнікаў па гуманітарных дысцыплінах, якія выйшлі пасьля 1991 году. Гэта было ў жніўні. Калі б гэта было выканана, то школа магла пачаць новы навучальны год без падручнікаў. Тады Міністэрства адукацыі ня выканала таго рашэньня, бо гэта было тэхнічна немагчыма.

І вось цяпер прынялі падобнае рашэньне. Яно вельмі непапулярнае. Асабліва пацерпяць пэдагогі. Шмат хто зь іх уваходзіў у выбарчыя камісіі, фальсыфікаваў вынікі выбараў і зларадна пасьміхаўся ў бок “дэмакратаў” і “нацыяналістаў”. Можа, цяпер яны нешта зразумеюць.

Школе трэба даваць больш самастойнасьці. Увогуле, такія раптоўныя павароты ў такім вялікім і складаным мэханізьме ў такія тэрміны ня робяцца. Гэта авантура”.

Да чаго прывядзе адмова ад профільнага навучаньня?

Карбалевіч: “Вось наконт самастойнасьці, альтэрнатывы і дыфэрэнцыяцыі. Вяртаньне да 11-годкі адбываецца адначасова зь ліквідацыяй спэцыялізацыі, профільнага навучаньня, ліцэйскіх клясаў, пераходам да адзінай праграмы. І галоўны аргумэнт тут — неабходнасьць забясьпечыць для ўсіх вучняў роўныя ўмовы. Што азначае гэтае імкненьне ўніфікаваць школу? Да якіх наступстваў гэта можа прывесьці?”

Мацкевіч: “Пэўная ўніфікацыя ў школе патрэбная. Павінен быць нейкі мінімальны стандарт для адукацыі, які б потым дазваляў перайсьці да дыфэрэнцыяцыі.

Цяперашняе шараханьне цяжка адаб’ецца на беларускай адукацыі. Мы атрымаем пакаленьне, якое будзе ня здольнае самастойна мысьліць, пакаленьне без грамадзянскай пазыцыі.

Тэндэнцыя да роўнасьці і ўніфікацыі мае ідэалягічны характар. Гэта вяртаньне да савецкіх адукацыйных стандартаў. Ад іх будзе цяжка пераходзіць да сучасных эўрапейскіх стандартаў”.

Карбалевіч: “Кожны настаўнік ведае, як цяжка працаваць з клясам, у якім вучацца вучні з розным узроўнем ведаў і здольнасьцяў. Гэтая ўніфікацыя арыентаваная не на моцных вучняў, якія ад гэтай рэформы якраз прайграюць”.

Колас: “Так, я згодзен. Тое, што прапануюць улады, — гэта антыпэдагагічная ўтопія. Гэта адбітак савецкай ідэалёгіі сацыяльнай роўнасьці. Насамрэч мы ведаем, што такой роўнасьці не было.

Адна з задачаў школы — даць магчымасьць разьвіцьця асобы, індывідуальнасьці вучняў. Бо школа ня толькі ўпіхвае ў галовы дзецям пэўную інфармацыю, але й сацыялізуе іх. Савецкая школа выхоўвала моладзь у духу канфармізму і грамадзянскай апатыі, цынізму. Нешта падобнае атрымаецца і цяпер.

У апошніх клясах сярэдняй школы вучні павінны мець магчымасьць паглыбленьня ведаў у тым кірунку, які яны абралі для сябе, разьвіваць свае здольнасьці. А ўніфікацыя заглушыць творчыя пачаткі ў вучнях. Цяперашніх нашых школьнікаў адзначае нейкая затурканасьць. Яна праяўляецца нават у найлепшых школьнікаў, якія перамагаюць на алімпіядах. Цяпер яна будзе яшчэ больш павялічвацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG