Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАП занепакоеныя правамі беларускіх працоўных


У Міжнароднай арганізацыі працы абмеркавалі выкананьне беларускім урадам правоў працоўных, і ў прыватнасьці — права на стварэньне прафсаюзаў


У Жэнэве ў рамках 97-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі па працы разглядалася справаздача ўраду Беларусі аб выкананьні аднаго дакумэнту — 87-й канвэнцыі Генэральнай канфэрэнцыі МАП “Аб свабодзе асацыяцыяў і абароне права працоўных на арганізацыі”.

Урадавая беларуская дэлегацыя на чале зь міністрам працы і сацыяльнай абароны Ўладзімерам Патупчыкам трымала справаздачу перад Камітэтам па нормах і стандартах МАП.

Якім будзе ўхваленае рашэньне, стане вядома толькі напрыканцы наступнага тыдня, — зазначыла супрацоўніца прэсавай службы Міжнароднай арганізацыі працы Летыцыя Дард.

“Цяпер паседжаньне Камітэту працягваецца. Як чакаецца, па яго выніках у наступны чацьвер будзе ўхваленая справаздача. Пасьля гэтую справаздачу маюць абмеркаваць і ўхваліць на пленарным пасяджэньні Міжнароднай канфэрэнцыі па працы ў наступную пятніцу”.

Паводле Летыцыі Дард, цяпер Камітэт па нормах і стандартах штодня разглядае каля 25 справаў.

Якой можа быць рэзалюцыя ў беларускім пытаньні, можна меркаваць з распаўсюджанай перад пасяджэньнем рэкамэндацыі Камітэту экспэртаў МАП. У ёй прапануецца “адзначыць зь цікаўнасьцю” захады, зробленыя ўрадам Беларусі па выкананьні канвэнцыі “Аб свабодзе асацыяцыяў і абароне права працоўных на арганізацыі”, а таксама Канвэнцыі па праве працоўных на калектыўныя дамовы.

Што азначае такая фармулёўка? МАП чакае, што крокі, зробленыя цяпер беларускім урадам, прывядуць у будучыні да далейшага прагрэсу, і зьбіраецца працягваць дыялёг у гэтым пытаньні з урадам і сацыяльнымі партнэрамі.

Парушэньне правоў прафсаюзаў у Беларусі сталася адной з прычынаў таго, што Эўракамісія пазбавіла Беларусь прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўразьвязам.

На думку ўдзельніка дыскусіі ў Жэнэве, старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, “становішча ў гэтай галіне прынцыпова не памянялася”. Беларускія ўлады так і не прынялі Закон аб прафсаюзах, які ў адпаведнасьці з Указам прэзыдэнта належала ўхваліць яшчэ год таму.

XS
SM
MD
LG