Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белыя сьцягі на праспэкце Незалежнасьці <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” штодня ладзяць акцыі ў рамках маратону, прысьвечанага абароне нацыянальных каштоўнасьцяў. Сёньня ў Менску і Маладэчне зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама сьцягі Эўразьвязу. Учора цягам дзьвюх гадзін нацыянальныя сьцягі луналі на галоўным праспэкце беларускай сталіцы.


Сёньня ў Менску на праспэкце Незалежнасьці на прыпынку “Акадэмія Навук” маладыя людзі замацавалі бел-чырвона-белы сьцяг. Яшчэ адзін сьцяг замацавалі на аўтобусе № 100.

Вадзім, адзін з удзельнікаў акцыі, апавёў “Свабодзе”:

“Гэты аўтобус праехаў з гэтым сьцягам да самай канцавой, да Аэрадромнай. Людзі, калі бачылі гэты сьцяг, глядзелі хто зьдзіўлена, хто ўзрушана. Бачылі, што гэта бел-чырвона-белы сьцяг і настрой быў прыўзьняты. Затрыманых не было. Акцыя прайшла вельмі добра”.

Некалькі сьцягоў зьявіліся ў Маладэчне. Маладафронтаўцы паведамілі, што акцыі будуць адбывацца штодня ва ўсіх гарадах краіны. Апроч таго, моладзь распачала кампанію салідарнасьці зь Іванам Шылам, вучнем салігорскай школы, якога адлічылі адтуль перад здачай апошняга экзамэну.

Гаворыць актывістка “Маладога Фронту” Людміла:

“Па ўсёй Беларусі зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцягі як у Менску, так як, напрыклад, сёньня ў Маладэчне. Маладафронтаўцы абвясьцілі пра правядзеньне маратону ў абарону нацыянальных каштоўнасьцяў і нашых сьвятых сымбаляў. Да гэтага ж далучаецца й кампанія салідарнасьці з Іванам Шылам. Будуць вывешвацца расьцяжкі і партрэты. Улады нічога ня змогуць з гэтым зрабіць, бо акцыі будуць адбывацца ў розных гарадах Беларусі. Яны будуць адбывацца ўначы, раніцаў, удзень. Гэтым мы зноў пацьвярджаем, што “Малады фронт” не спыніць”.

Маладафронтаўцы цягам двух месяцаў ладзяць акцыі ў розных гарадах Беларусі. Яны вывешваюць нацыянальныя сьцягі, праводзяць конкурсы пра гістарычную спадчыну Бацькаўшчыны, ладзяць віктарыны і вывешваюць расьцяжкі з патрабаваньнем спыніць перасьлед моладзі.

Маладафронтаўцы паведамілі, што мяркуюць ладзіць такія акцыі да канца лета.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG