Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускай эліце не хапае рашучасьці”


Агляд тэлефанаваньняў за 3 чэрвеня, аўторак


Дырэктарка школы № 4 у Салігорску Вольга Сянькова звольнілася з працы пасьля таго, як перад здачай апошняга іспыту быў выключаны са школы намесьнік старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Іван Шыла. СМС-паведамленьне ад Цімоха з Чавускага раёну: “Любы дыктатарскі рэжым не зацікаўлены ў адукацыі ўласнага народу. І ў такім выпадку вельмі значнай падаецца роля настаўніка, ягонае сумленьне і грамадзкая пазыцыя. Вучыць дзяцей можна і па-за клясам, і ўласным прыкладам, як гэта зрабіла паважаная дырэктарка з Салігорску, сапраўдная настаўніца, сумленны і мужны чалавек, вартая павагі”.

Наступнае СМС-паведамленьне: “Калі ўжо нарэшце савецкія мазгі беларусаў эвалюцыянуюць у вальнадумныя мазгі свабоднага чалавека?”

Сваю думку выказвае філёзаф Алесь Анціпенка:

“Мэнтальныя структуры надзвычай кансэрватыўныя — заўсёды патрэбна шмат часу. Працэс дэсаветызацыі беларускай мэнтальнасьці ідзе, але надзвычай павольна. Але я думаю, што хутка пачнуцца істотныя зьмены ў беларускай мэнтальнасьці. Перадусім яны будуць зьвязаныя з працэсам прыватызацыі, з працэсамі фармаваньня новай беларускай сытуацыі. Галоўнае, каб чалавек адчуў сябе аўтаномнай адзінкай. А так ён можа адчуць, калі будзе мець уласнасьць. Тады і ад савецкай мэнтальнасьці нічога не застанецца”.

Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем.

Спадар: “Ваш грамадзкі рэдактар — Сьвятлана Алексіевіч, вядомы аўтар у сьвеце. Але вось тэзы, якія яна выказвае наконт беларусаў, нібыта беларусы — гаваруны, нібыта беларусы няздольныя да рэвалюцыі, што прэзыдэнт прадоўжыў сацыялізм і зрабіў гэта слушна. Слушна гэта ці ня слушна, і што для беларусаў гэтыя выказваньні, і да чаго гэтыя тэзы заклікаюць? З павагаю, Дзед”.

Слухачу адказвае палітоляг Вячаслаў Оргіш:

“Тут пытаньне складанае і спрэчнае. Вядома, пэўныя рысы беларусаў адпавядаюць характарыстыкам Сьвятланы Алексіевіч. Памяркоўнасьць і талерантнасьць адыгрываюць пэўную ролю ў сацыяльных і палітычных працэсах, паводзінах беларускага грамадзтва. Для таго, каб дамагчыся рэвалюцыйных пераменаў, грамадзтву патрэбная пэўная доля рашучасьці. І тут справа ня ў тым, што беларусы ня надта рашучыя. Сытуацыя, у якой мы сёньня апынуліся, абумоўленая станам нашай эліты. Беларускай эліце не хапае рашучасьці і радыкалізму, прыхільнасьцяў і каштоўнасьцяў, якія сёньня займаюць галоўнае месца ў разьвіцьці эўрапейскіх грамадзтваў”.

Скончым праграму такімі тэлефанаваньнямі:

Спадар: “Праслухаў ранішні этэр, і, ведаеце, такое ўражаньне, што ў Беларусі нейкая эпідэмія. Я зразумеў, каб у беларусаў узьнік моцны імунітэт, трэба Лукашэнкам і гэтым усім перахварэць ці зрабіць усім прышчэпку. Я так разумею, гэтыя чыноўнікі не дажываюць свой век і не зьбіраюцца паміраць тут. Улада сыходзіць, а паміраць тут нам”.

Спадар Барыс, Менск: “Ня трэба казаць пра 5-працэнтнае падвышэньне цэнаў на харчовыя тавары. У студзені сырнікі каштавалі 560 рублёў, а цяпер 730. Дык дзе тыя 5%?”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG