Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офісам для “Газеты Слонімскай” сталі кватэры журналістаў


Сёньня да вечара рэдакцыя павінна забраць усе рэчы й зьехаць з памяшканьня па вуліцы Камсамольскай, 8. Канкрэтнага месца, куды перасяляцца, пакуль няма.


На гэтым тыдні ў памяшканьні на Камсамольскай, 8 быў зроблены апошні нумар "Газеты Слонімскай". У калёнцы рэдактара Віктар Валадашчук яшчэ раз тлумачыць чытачам сытуацыю зь пераездам, а таксама дзякуе ўсім, хто супрацоўнічаў з газэтай.

Настрой у журналістаў пануры. Амаль усе рэчы вывезьлі, засталіся толькі некалькі кампутараў. Пытаюся Віктара — куды яны ўсё гэта звозяць?

Валадашчук: “Па гаражах, па кватэрах людзі разьвезьлі, бо няма куды падзець. Калі што-небудзь застанецца, то забяру пазьней, бо й так два гаражы запоўнілі, трэба трэці шукаць”.

Карэспандэнт: “А як плянуеце выпускаць наступны нумар?”

Валадашчук: “Будзем выпускаць. Мы адначасова перавозім рэчы й рыхтуем наступны нумар”.

Рэдактар удакладняе, што пакуль кампутары будуць стаяць у супрацоўнікаў, кур’ер будзе зьбіраць ва ўсіх інфармацыю й звозіць у адно месца.

Карэспандэнт: “А якія ўсё ж пэрспэктывы, што ў вас зьявіцца сваё памяшканьне?”

Валадашчук: “Я ўжо не адзін раз аб’езьдзіў увесь горад. Тое, што прапануюць мне прыватнікі, як правіла, патрабуе капітальнага рамонту, дзе й ацяпленьне адключана, і г.д. Кажуць, вось бяры гэтую хібару...”

Са слоў Валадашчука, арандаваць памяшканьне ў камунальнікаў наагул няма шанцаў.

Валадашчук: “Калі ёсьць нармальныя памяшканьні, то яны належаць камунальнікам. Мяне папярэдзілі, каб я туды нават ня сунуўся, бо паперы ўсё роўна будуць зацьвярджаць на выканкаме, а там мне нічога не дадуць”.

Згодна зь дзейным заканадаўствам, Віктар Валадашчук мае права перарэгістраваць юрыдычны адрас рэдакцыі на свой хатні.

Зь яго слоў, адзін з прыватных прадпрымальнікаў робіць рамонт памяшканьня, каб потым здаць яго ў арэнду газэце. Віктар Валадашчук спадзяецца, што такім чынам ён у бліжэйшы час вырашыць праблему з офісам для рэдакцыі.

Нягледзячы на ўсе нязручнасьці, зьвязаныя зь пераездам, карэспандэнты па-ранейшаму рыхтуюць матэрыялы для наступнага нумара. Я запытаўся ў Сяргея Чыгрына, намесьніка рэдактара, што ён рыхтуе на наступны нумар.

Чыгрын: “Ой, шкада ўсяго... Такое месца добрае было, быў свой куток... ай... Заплянаваў тэмаў некалькі, але нічога так і ня здолеў напісаць сёньня...”

Нагадаем, што “Газету Слонімскую” заранёў папярэдзілі аб тым, што адмаўляюць ёй у арэндзе. Перамовы з гарадзкімі ўладамі ніякага выніку не далі, а знайсьці новае памяшканьне, нават у прыватных уласьнікаў, дагэтуль не атрымліваецца.

Некалькі месяцаў таму паводле вуснага загаду мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах, праўда, ліцэнзію на дробны гандаль (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі) усё ж працягнулі.

Але вось ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”.

Некалькі тыдняў таму “Газета Слонімская” стала ляўрэатам прэміі фонду “Цайт” за асьвятленьне падзей у рэгіёне.

XS
SM
MD
LG