Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” падала ў суд на Службу бясьпекі


Рэдакцыя газэты «Народная Воля» і намесьніца галоўнага рэдактара Марына Коктыш падалі ў суд Маскоўскага раёну Менску на Палату прадстаўнікоў і Службу бясьпекі прэзыдэнта.

Увосень Марына Коктыш зьвярнулася ва ўстаноўленым парадку з просьбай аб акрэдытацыі пры Палаце прадстаўнікоў. Трэба адзначыць, што Марына Коктыш была акрэдытаваная ў парлямэнце ўжо некалькі гадоў. Без тлумачэньня прычын гэтым разам Марыне ў акрэдытацыі адмовілі. Тады рэдакцыя накіравала зварот да старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова. Рэдакцыі адказаў ня сьпікер парлямэнту Вадзім Папоў, а старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Юры Кулакоўскі. Ён у вуснай форме патлумачыў, што Марыне Коктыш забаронены допуск у Дом ураду. Рэдакцыя і Марына Коктыш падалі яшчэ адну скаргу, і ім зноў адказаў спадар Кулакоўскі, праўда, ужо ў пісьмовай форме: такое рашэньне прыняла Служба бясьпекі прэзыдэнта. Распавядае Марына Коктыш:

«Рэдактар «Народнай Волі» накіраваў афіцыйны зварот на імя кіраўніка Службы аховы прэзыдэнта Андрэя Ўцюрына з просьбай патлумачыць, якім чынам мая прысутнасьць на пленарных паседжаньнях Палаты прадстаўнікоў пагражае ўсяму Дому ўраду».

Прайшло ўжо два месяцы, але ніякага адказу і нават адпіскі са Службы бясьпекі прэзыдэнта няма. Рэдакцыя параілася зь юрыстамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і вырашыла зьвярнуцца ў суд са скаргай на Палату прадстаўнікоў і Службу бясьпекі прэзыдэнта:

«Мы лічым, што і Палата прадстаўнікоў, і Служба бясьпекі прэзыдэнта парушаюць беларускаен заканадаўства, у прыватнасьці, Закон аб друку і сродках масавай інфармацыі. Мы лічым, што суд павінен прымусіць чыноўнікаў выконваць закон, што законы напісаныя ня толькі для простых людзей. Чыноўнікаў таксама трэба вучыць выконваць беларускія законы».

Тыдзень таму Міністэрства замежных спраў адмовіла ў акрэдытацыі карэспандэнту Радыё Рацыя Аляксею Мінчонку:

“Гэтая камісія выявіла факт майго супрацоўніцтва ранейшага з замежнай радыёстанцыяй “Радыё Рацыя”, і на падставе гэтага мне было адмоўлена ў маім прашэньні ў акрэдытацыі. Я нібыта парушыў палажэньне аб акрэдытацыі замежных карэспандэнтаў пры МЗС. Цікава, што ў палажэньні пра акрэдытацыю няма ніводнага слова пра прычыны, празь якія могуць адмовіць у акрэдытацыі. Гэта тое самае, як і артыкул Крымінальнага кодэксу пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі: як любая арганізацыя ў пэўны час бывае незарэгістраванай, так і любы карэспандэнт замежнага СМІ працуе ў пэўны час без акрэдытацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG