Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: канфіскавалі ўлёткі пра “прамую лінію” з актывістамі


Каля аршанскага аўтавакзала міліцыянты забралі ў вядомага актывіста з пасёлка Коханава Мікалая Петрушэнкі 264 паасобнікі ўлётак.


Апазыцыянэра абвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе друкаванай прадукцыі.

Ва ўлётках, якія распаўсюджваў спадар Петрушэнка, гаварылася пра тое, што 10 чэрвеня плянуецца правесьці “прамую лінію” для жыхароў Аршаншчыны, каб яны мелі магчымасьць распавесьці пра свае надзённыя праблемы рэдактару газэты “Товарищ” Сяргею Вазьняку і мясцовым праваабаронцам, сябрам БХК.

Паводле Мікалая Петрушэнкі, падобнае мерапрыемства праводзіцца ўжо другі раз: упершыню “прамая лінія” праводзілася для жыхароў Талачынскага раёну, якія выказалі шмат прэтэнзій да працы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Адашкевіча. У тую самую выбарчую акругу, па якой ён балятаваўся, уваходзіць і Аршанскі раён, таму ініцыятары правядзеньня “прамой лініі” хочуць пачуць меркаваньні і гэтай часткі выбарцаў.

Супрацоўнік газэты “Товарищ” Мікалай Петрушэнка гаворыць, што вырашэньне асобных праблем мясцовах жыхароў выданьне гатовае ўзяць пад свой кантроль.

Тэлефонная “прамая лінія” мае адбыцца 10 чэрвеня. Да таго часу актывісты спадзяюцца дамагчыся, каб міліцыянты вярнулі “арыштаваныя” ўлёткі, каб распаўсюдзіць іх у рэгіёне.
XS
SM
MD
LG