Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд: масавыя расстрэлы “асабіста не датычныя грамадзянаў”


Сёньня судзьдзя Навабеліцкага суду Гомеля Натальля Гладышава не задаволіла скаргу дэмакратычнага актывіста Кастуся Жукоўскага да Гомельскага райвыканкаму.


Актывіст дамагаўся, каб суд абавязаў райвыканкам даць яму магчымасьць пазнаёміцца з матэрыяламі створанай выканкамам камісіі, якая ў траўні мінулага году займалася разглядам вынікаў раскопак у лесе пад Гомелем. Там было знойдзены парэшткі каля 70 чалавек, у тым ліку 66-ці – цывільных асобаў.

Вось што заявіў пасьля агучваньня судовага рашэньня Кастусь Жукоўскі:

“На маім баку – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Яна мне гарантуе права на інфармацыю. Там не напісана, датычыць мяне нешта ці не датычыць. Я маю права на інфармацыю. Судзьдзя мне адмовіла – і тым самым парушыла Канстытуцыю. Буду абскарджваць рашэньне”.

Прадстаўнікі Гомельскага райвыканкаму ў судзе – юрысконсульт Алена Лоская і раённы ваенны камісар Уладзімер Дарафееў – прасілі адхіліць скаргу на той падставе, што нібыта асабіста Кастуся Жукоўскага знойдзеныя у лесе парэшткі не датычаць.

Юрысконсульт райвыканкама сьцьвярджала таксама, што ніякіх заяваў у камісію наконт знойдзеных парэшткаў не паступала.

Аднак у паперах, прынесеных юрысконсультам у суд, знайшлася заява самога спадара Жукоўскага.

У судзе актывіст патлумачыў, што перадаў нават дыск у створаную райвыканкамам камісію з відэазапісам сьведчаньняў жыхароў Прыбыткаўскага сельскага Савету пра масавыя расстрэлы мірных жыхароў у 30-я гады ў лесе на поўдзень ад Гомеля.

Як выказаўся Жукоўскі, “лінія Сталіна праходзіла амаль пад кожным беларускім горадам”. Аднак камісія райвыканкаму не займалася апытаньнем сьведкаў, не прызначала экспэртызы ўзросту дрэваў, з-пад якіх выкопваліся чалавечыя чарапы зь дзіркамі ў патыліцы.

“Мы – не пракуратура, каб прызначаць экспэртызы”, – заявіла спадарыня Лоская.

Яна не змагла адказаць, якія пахаваньні раскапалі летась у траўні салдаты 52-га асобнага пошукавага батальёну Міністэрства абароны – цывільныя ці вайсковыя.

Высьветліліся падчас судовага разьбіральніцтва й даволі нечаканыя акалічнасьці. Летась яшчэ ў ліпені ў камісіі адказвалі, што ня маюць вынікаў экспэртызы знойдзеных чалавечых парэшткаў. Тым часам у судзе была агучана пастанова ад 28 траўня 2007 году сьледчага асабліва важных спраў Гомельскай раённай пракуратуры Кручэнкі на адмову распачаць крымінальную справу па факту знойдзеных чалавечых парэшткаў, паколькі яны маюць 60-80-гадовую даўніну.

У пастанове сьледчага сказана й пра парэшткі трох вайскоўцаў, знойдзеных асобна паблізу прыдарожнай рэстарацыі “Чабарок” – на тэрыторыі Бабовіцкага сельскага Савету.

Вайсковы камісар Дарафееў казаў у судзе пра парэшткі ўжо чатырох вайскоўцаў, перазахаваных у Дуянаўцы.

Шэсьцьдзесят шэсьць парэшткаў цывільных грамадзянаў, знойдзеных падчас раскопак у Прыбыткаўскім сельскім Савеце, перазахавалі ўвосень на могілках у паселішчы Цагельня. Ёсьць меркаваньні, што трыма-чатырма парэшткамі вайскоўцаў “прыхаваныя” парэшткі 66 мірных жыхароў, каб надаць апошнім адценьне ахвяраў Другой усясьветнай вайны.
XS
SM
MD
LG